Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

Людзі ёй давяраюць

13.07.2010

Прозвішча Ірыны Уладзіміраўны Гулевіч у Капыльскім раёне – адно з вядомых. Яна ўзначальвае, бадай, найважнейшую галіну сацыяльнай сферы – ахову здароўя.

Клапаціцца пра самае дарагое для чалавека – здароўе – яна паставіла мэтай свайго жыцця яшчэ ў школьныя гады: адразу пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі ў 1977 годзе стала супрацоўніцай аптэкі г. Мазыра, а ў верасні 1979 – студэнткай лячэбнага факультэта сталічнага медыцынскага інстытута. Пасля атрымання дыплома ўрача-лячэбніка прайшла інтэрнатуру па тэрапіі ў Барысаўскай гарадской бальніцы, некаторы час працавала тэрапеўтам на Барысаўшчыне.

У 1987 годзе справы сямейныя прывялі Ірыну Уладзіміраўну з мужам і маленькай дачкой на Капыльшчыну, якая стала яе другой малой радзімай. Тут нарадзіўся яе сын. Старэйшая дачка Маргарыта Алегаўна пайшла па шляху бацькоў і працуе ўрачом, сын Павел вучыцца ў школе.

Медыцынскую дзейнасць у нашым раёне Ірына Уладзіміраўна пачала з адной з найцяжэйшых пасад – участковага ўрача-тэрапеўта. На гарадскім участку працавала да лістапада 1991 года. Розум, старанне, арганізатарскія схільнасці прывялі да прызначэння здольнага медыка вышэйшай кваліфікацыі на пасаду намесніка галоўнага ўрача раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання па стацыянарнай дапамозе.

Гэта не стала палёгкай:  штодзённа даводзілася вырашаць шмат складаных праблем, звязаных з дзейнасцю стацыянараў, забеспячэннем іх бесперабойнай работы, а таксама працай над асабістым прафесійным самаўдасканаленнем. Акрамя тэарэтычных і практычных навыкаў па лячэбных пытаннях, рэгулярна праходзіла павышэнне кваліфікацыі па пытаннях кіравання эканомікай аховы здароўя ў рыначных умовах, аховы працы, рэструктурызацыі ложкавага фонду і шмат якіх іншых.

Са студзеня 1997 года І. У. Гулевіч «узваліла» на сябе цяжар кіраўніцтва ўсёй установай аховы здароўя Капыльшчыны. Сёння гэта дасведчаны ва ўсіх сферах бальнічнай гаспадаркі чалавек, урач-арганізатар аховы здароўя першай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Спецыфіка спецыяльнай медыцынскай тэрміналогіі не вельмі прыдатная для прымянення ў матэрыялах масавага друку. Таму на даступнай мове скажу, што за час працы Гулевіч галоўным урачом укаранёны цэлы шэраг новых метадаў лабараторных даследаванняў, адкрыта аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі ЦРБ, аддзяленне прафілактыкі паліклінікі ЦРБ, аддзяленне паліятыўнага лячэння Быстрыцкай участковай бальніцы, лячэбна-прафілактычныя ўстановы аснашчаюцца новым сучасным дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем. Своечасова праводзяцца капітальныя рамонты будынкаў і памяшканняў, апрануўся ў цеплазберагаючую тэрмашубу «стары» корпус цэнтральнай раённай бальніцы. Зроблена і робіцца нямала. А колькі клопатаў было ў Ірыны Уладзіміраўны па будаўніцтве новага лячэбнага корпуса, аснашчэнні яго абсталяваннем!

Клопаты, клопаты, клопаты... У чарадзе іх бясконцасці яшчэ і клопат пра выбаршчыкаў: тры скліканні запар Ірына Уладзіміраўна з’яўлялася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, а сёлета людзі абралі яе дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Капыльскай выбарчай акрузе №48. Людзі, якія ёй давяраюць.

Казімір КУХАРЧЫК,

член грамадскай арганізацыі “Беларускі Саюз журналістаў”.

Фота Марыі ШЭІНАЙ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей