У ноч з шостага на сёмае ліпеня ў зоне адпачынку капыляне і госці райцэнтра святкавалі Івана Купалу ці Купалле.
Супрацоўнікі раённага цэнтра традыцыйнай культуры “заводзілі” гледачоў сваімі віктарынамі, атракцыёнамі, конкурсамі і выступленнямі. Была таксама і купальская вячэра. Яскравымі момантамі можна лічыць гульні саміх гледачоў на сцэне.
Звычайна тым, хто завецца Іван ды Ян, па традыцыі даводзіцца прымаць удзел у падпальванні вогнішча. Аднак такіх у зоне адпачынку на той момант не знайшлося, і падпальваў касцёр так званы Купаліш – адзін з сімвалаў свята. Дзеці разам з дарослымі і ўдзельнікамі праграмы вадзілі карагоды вакол агню, кідалі праз касцёр вянкі, праводзілі ў апошні шлях палаючую ляльку Мару. Пасля наступлення цемнаты пайшлі шукаць папараць-кветку, якая ў хуткім часе была знойдзена маладой парай.

Усе гледачы мелі магчымасць і патанцаваць. Людзей было вельмі шмат, як дарослых, так дзяцей і моладзі.
Іван Купала – гэта славянскае свята ў гонар летняга сонцастаяння. Аналагі яго існуюць у многіх краінах свету. З Купаллем звязваюць дзіўную легенду пра кветку папараць, на якую зыходзіць агонь Перуна, і роўна апоўначы яна зацвітае на некалькі імгненняў вогненным колерам. Трэба злавіць гэты момант, і тады ўсе жаданні ўладальніка кветкі папараці спраўдзяцца.
Павел ШЭІН, студэнт аддзялення журналістыкі ІПП
Фота аўтара
Комментарии