Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

69

У купальскую ноч

13.07.2010

У дні летняга сонцастаяння адзначаецца адно з самых старажытных свят — Купалле. Яно прысвячаецца сонцу і росквіту зямлі і пад самымі рознымі назвамі вядома практычна ва ўсёй Еўропе. У Балгарыі гэта Янаў дзень, у Венгрыі — Святы Іван, у Іспаніі — Сан-Хуан, у Бельгіі і Чэхіі — Святы Ян, у Літве — Лада, у Латвіі — Ліга, у Польшчы — Саботкі, ва ўсходніх славян — Іван Купала, Купалле. Каталікі святкуюць яго 14 чэрвеня, праваслаўныя — у ноч з 6 на 7 ліпеня.

Весела адзначылі Купалле і ў нашым горадзе. Нават капрызнае надвор’е не магло адбіць у людзей ахвоту дакрануцца да народных традыцый, уславіць купальскае сонейка, што нясе нам жыцця- дзейную сілу і цяпло, паваражыць, паспрабаваць сваё шчасце ў пошуках папараць-кветкі і проста цудоўна адпачыць з сябрамі. Цікавае тэатралізаванае прадстаўленне падрыхтавалі да свята работнікі культуры. З захапленнем назіралі гледачы за дзействам, што разгортвалася на сцэне, суперажывалі станоўчаму герою — Служываму — у яго спаборніцтве за руку прыгажуні Купалінкі супраць Чорта і Вадзяніка і іх памочнікаў Ведзьмы і Кікімары, самі ўдзельнічалі ў цікавых конкурсах.

У праграму ўдала ўпляталіся песні ў выкананні вакальнага гурта “ІЛОНА”, народнага ансамбля народнай песні “Спадчына”, салістаў Вольгі Даманскай, Вячаслава Курчыка, Сняжаны Чырко, Юліі Балажынскай. У тэатралізаваным прадстаўленні былі задзейнічаны ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра традыцыйнай культуры і раённага Цэнтра культуры, а таксама супрацоўнікі гэтых устаноў.

Не менш захапляльнай была і другая частка свята, якая прайшла ля купальскага вогнішча. На ім спалілі ляльку Мару, што сімвалізавала сабой знішчэнне ўсяго адмоўнага, назапашанага за год. Вакол кастра пад гукі гармоніка вадзілі карагоды, скакалі праз агонь. Здаўна лічылася, што полымя валодае сілай, якая можа засцерагчы ад хваробы і нават прагнаць смерць.

Менавіта ў гэту ноч найбольшую лячэбную сілу і розныя чароўныя якасці набываюць расліны. Таму дзяўчаты імкнуліся загадзя наплесці вянкоў з зёлак і палявых кветак, каб упрыгожыць сябе і паўдзельнічаць у купальскай варажбе.

Народная традыцыя патрабавала, каб у свяце Купалле прымалі ўдзел усе — ад малога да старога, паколькі калектыўнае выкананне ўсіх абрадаў, рытуалаў купальскай ночы забяспечвала абарону ад усяго нядобрага і нячыстага для кожнага жыхара населенага пункта. Сказаць пра тое, што ў сёлетнім святкаванні ўзялі ўдзел усе капыляне, не магу, аднак адзначу, што тут было цікава людзям рознага ўзросту. Тым больш, што акрамя ўжо ўзгаданых момантаў свята, можна было выпрабаваць сябе на спрыт і ўдачу, узяўшы ўдзел у атракцыёнах, паласавацца духмянымі шашлыкамі, смачнай выпечкай, марожаным і іншымі прысмакамі, патанцаваць на дыскатэцы.

Маргарыта САКОВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: моманты свята.

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей