Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

42

Кнiгi Кузьмы Чорнага

09.07.2012
Чытачоў «СП» знаёмім з цікавымі экспанатамі, якія знаходзяцца ў літаратурным музеі Кузьмы Чорнага. Першай кнігай К. Чорнага з’яўляецца зборнік “Апавяданні”, надрукаваны ў 1925 годзе. Па двух апавяданнях гэтага зборніка “Ноч пры дарозе” і “Маё дзела цялячае” былі пастаўлены аднайменныя мастацкія стужкі. Гэта невыпадкова, таму што гэтыя апавяданні нагадваюць кінасцэнарыі. У іх мінімум апісальнасці, выразная маляўнічасць, дынамізм, гумар, лаканізм, а галоўнае – чорнаўскі псіхалагізм і філасафізм, якія захапілі ўяўленне кінарэжысёраў. Фільм “Ноч пры дарозе” атрымаў на фестывалі “Кінакалядкі-92” прыз глядацкіх сімпатый і прыз кінакрытыкаў. Фільм жа “Маё дзела цялячае”, які быў пастаўлены пазней, у 1998 годзе, быў названы народнай камедыяй. Зборнік апавяданняў Кузьмы Чорнага “Вераснёвыя ночы”, які выйшаў у свет у 1929 годзе, носіць назву аднайменнага апавядання. Яно пачынаецца апісаннем студні, што стаяла на Капыльскай вуліцы, амаль насупраць хаты бацькоў Кузьмы Чорнага, з якой напіцца сцюдзёнай і смачнай вады можна і зараз. “Каля студні з дзеравяннага вядра, — пісаў К. Чорны, — пазелянелага і слізкага, капала вада на запыленую буйную крапіву і пясок. За парканам спелі яблыкі і арабіны, пад парканам раскашэльвалася мята і бабіна лета”. Гэту кнігу К. Чорны падараваў свайму сябру-аднадумцу Уладзіміру Дубоўку. У 1966 годзе Уладзімір Дубоўка зборнік “Вераснёвыя  ночы”  з  аўтографам Кузьмы  Чорнага  “Дарагому Уладзю  Дубоўку.  Кузьма  Чорны. 2 красавіка 1929 г. г. Менск” перадаў школьнаму музею. У 1941 годзе апублікавана драма К. Чорнага ў 4 дзеях “Ірынка”, прысвечаная жыццю і змаганню працоўных Заходняй Беларусі. Тэма жыцця працоўных Заходняй Беларусі, тэма граніцы,  якая па ўласных словах К. Чорнага “рэзала жывое цела народа напалам”, цікавіла і хвалявала пісьменніка. “Ірынка” была напісана пад уражаннем аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі. К. Чорны ў лісце да П. Кабзарэўскага пісаў: “Я жыў у Віцебску, дзе ў Другім беларускім драматычным тэатры рыхтавалася да пастаноўкі мая драма “Ірынка”. 26 лютага прэм’ера прайшла з вялікім поспехам. Зараз п’еса рыхтуецца ў Мінску”. А ў лісце да І. Барашкі К. Чорны пісаў: “Я вельмі рад і вельмі табе ўдзячны, што ты бярэшся перакласці на рускую мову маю п’есу. У Першым БДТ прэм’ера “Ірынкі” мяркуецца на 4 мая”. У конкурсе на лепшую п’есу, якую праводзіў Камітэт па справах мастацтваў пры Саўнаркоме СССР па Беларусі трэцюю прэмію атрымаў К. Чорны за п’есу “Ірынка”. У 60-я яна  ставілася ў Цімкавіцкім народным тэатры. Сваю кнігу “Ірынка” Кузьма Чорны падараваў сваёй дачцэ “Ірусьцы, мілай маёй дачушцы — Ірынцы. Кузьма Чорны. 21 сакавіка 1943 г. г. Масква”. З верасня 1941 года  і да самага  вызвалення  Беларусі К. Чорны працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”. Дадаткам да газеты выходзіў агітплакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”, у якім К. Чорны змяшчаў свае фельетоны пад псеўданімам Ігнат Булава з-пад Турава. Гэтыя фельетоны і паклалі пачатак выданню  літаратурнага дадатку да газеты — невялічкіх кніжачак. Першай была выдадзена ў 1942 годзе кніжка Кузьмы Чорнага “Кат у белай манішцы”. Рэдактарам быў Ц. С. Гарбуноў. Кніжка мела вялікі поспех у партызан і сярод насельніцтва акупіраваных раёнаў Беларусі. Сваім пафасам, вастрынёю пісьменніцкага слова яна страляла ва ўпор па акупантах. Рэдакцыя звяртаецца з такімі словамі да чытача: “Прачытайце гэтую кніжку і вы адчуеце яшчэ большую нянавісць да ворага. У нашым сэрцы гарыць агонь свяшчэннай помсты акупантам за ўсё, што яны ўчынілі на нашай роднай беларускай зямлі. Мы бачым непазбежнасць ганебнай канчыны  чужынцаў, якія ўварваліся на нашу зямлю, каб тут гаспадарыць, а знойдуць тут сабе не маёнткі, а магілы, зложаць свае дубовыя галовы на нівах, у лясах і балотах беларускіх, пад знішчальнымі ўдарамі Чырвонай Арміі і нашых слаўных герояў-партызан”. Гэту кніжку перадаў у дар музею дыктар радыёстанцыі “Савецкая Беларусь”, што знаходзілася ў  час Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве, Уладзімір Юрэвіч. Людміла НІЖЭВІЧ, дырэктар Літаратурнага музея К. Чорнага  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей