Правядзенне сходаў грамадзян – адна з дзейсных форм работы мясцовай улады па вывучэнні праблем насельніцтва. Менавіта сходы, а таксама рэгулярная цесная сувязь са старэйшынамі населеных пунктаў, на думку старшыні Капыльскага сельвыканкама Вольгі Купрыенкі, дазваляюць быць у курсе ўсіх спраў вяскоўцаў.
Як і ўвогуле ў раёне, згодна з планам, сходы праходзяць раз у два месяцы. Акрамя старшыні сельскага Савета дэпутатаў, у іх прымаюць удзел кіраўнікі гаспадарак, старэйшыны, участковы інспектар міліцыі, інспектар РАНС і, безумоўна, жыхары. Як адзначыла Вольга Купрыенка, найлепш адпрацавана гэта форма работы і найбольш актыўна збіраюцца вяскоўцы ў Вошкатах, Вялешыне, Аргелаўшчыне, Аножках, Чырвоным Партызане, Мазалях, Келі, Старым Капылі, Нізкавічах. Месцам правядзення звычайна становяцца аб’екты сацкультбыту або гандлёвыя кропкі. Праходзяць сходы па вызначаным парадку дня. Спачатку прадстаўнікі мясцовай улады трымаюць справаздачу аб вырашэнні зададзеных раней пытанняў, затым выслухоўваюцца меркаванні і праблемы людзей. Вынікі сходаў разглядаюцца на пасяджэнні сельвыканкама. Па меры магчымасці ўзнятыя пытанні вырашаюцца на месцы ці накіроўваюцца на разгляд у адпаведныя структуры. Згодна з рашэннем сельвыканкама, сходы праводзяцца на працягу тыдня ва ўсіх населеных пунктах, а іх на тэрыторыі Савета 21.
— Даволі шмат пытанняў на апошніх сходах узнікала па рамонце і добраўпарадкаванні дарог, — падкрэслівае Вольга Мікалаеўна. – Усе яны накіраваны ў ДРБУ №124. Там паабяцалі, што ў хуткім часе будзе праведзена грэйдзіраванне дарог па сельскім Савеце. Вельмі хацелася б, каб не засталіся па-за ўвагай, і так абдзеленыя ёй пасля падзелу гаспадаркамі земляў, вёскі Каменка, Аргелаўшчына, Вошкаты. Акрамя гэтага мы ўладжваем канфліктныя сітуацыі, вырашаем пытанні па спілоўванні старых дрэў, добраўпарадкаванні вуліц, могілак, па вулічным асвятленні, правілах выпасу жывёлы, рабоце магазінаў, аўталавак і г. д. Калі гаварыць канкрэтна пра вырашэнне, то можна адзначыць, што сёлета з выкарыстаннем тэхнікі ЖКГ спілавана 39 аварыйна-небяспечных дрэў у вв. Дусаеўшчына і Мажа. З дапамогай раёна электрычных сетак прыбраны дрэвы, якія перашкаджалі лініі электраперадач у в. Аргелаўшчына. Наконт гэтага на чарзе яшчэ 26 зваротаў грамадзян. Дзякуючы ААТ “П-з “Дусаеўшчына” захаваны сметнік каля магазіна ў в. Нізкавічы. У праграме добраўпарадкавання актыўна выкарыстоўваем сродкі аддзела занятасці. Напрыклад, для замены агароджаў на могілках летась закуплены жалезабетонныя слупкі, а сёлета, спадзяёмся, будзе аплочаны рамонт праслаў. Дарэчы, многія вяскоўцы згодны на частковае ўнясенне ўласных сродкаў. Увогуле кантакт з насельніцтвам даволі цесны, заўсёды знаходзімся на сувязі. Стараемся, каб большасць праблем вырашалася на месцы, не выходзячы нават на раённы ўзровень, астатнія ж трымаем на пастаянным кантролі.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии