На гэта вельмі спадзяюцца многія мясцовыя жыхары, а ў першую чаргу — Раіса Канстанцінаўна Кавалеўская, якая, па вялікім рахунку, і з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам гэтага будаўніцтва
[caption id="attachment_19718" align="aligncenter" width="448" caption="Свята-Георгіеўская царква ў в. Вялешына"]
[/caption]
Царква ў вёсцы Вялешына Слабада-Кучынскага сельсавета, як сведчыць Раіса Канстанцінаўна, была ажно з 1793 года. Вялікая, драўляная, пабудаваная без адзінага цвіка — яна магла па прыгажосці сапернічаць з цялядавіцкай. Побач была і званіца са званамі, гучанне якіх разносілася далёка па наваколлі. Але час і, у першую чаргу, людзі, аказаліся не літасцівымі да храма. У 1962 годзе царква была разбурана, а драўніна вывезена ў Пясочнае для будаўніцтва бальніцы. У сваю чаргу ў Вялешына прывезлі матэрыял з разабранай у Пясочным царквы і ўзвялі з яго клуб.
— Калі паўстала пытанне аб неабходнасці разбурэння і гэтага клуба, — расказвае Раіса Канстанцінаўна, — мы спрабавалі “дастукацца” да службовых асоб, каб нам дазволілі пабудаваць з гэтай драўніны (усё ж раней з яе была царква) новы храм і размясціць яго менавіта ў цэнтры Вялешына. У нас не атрымалася. Тады вырашылі будавацца на месцы ранейшага — на могілках. Стварылі абшчыну, дапамагаў нам яшчэ тадышні Благачынны цэркваў Капыльскай акругі айцец Багдан.
На будаўніцтва, вядома ж, былі патрэбны сродкі. Па крупінках: дзе некалькі тысяч, а дзе і болей, збіраліся грошы, адкрылі рахунак у аграпрамбанку. “Мы спадзяваліся і працягваем спадзявацца на чалавечую шчырасць, — вядзе расказ Раіса Кавалеўская. — Аднак лічу, што без дапамогі святога Георгія, у чый гонар названа царква, нам абысціся было б цяжка. Аднак, хацелася б назваць рахунак, на які можна пералічваць ахвяраванні
— р/р 3135265580015 у аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк”, г. Нясвіж, код 916”.
[caption id="attachment_19719" align="aligncenter" width="443" caption="Дзіна Міхайлаўна Смольская і Раіса Канстанцінаўна Кавалеўская — адны з самых актыўных арганізатараў будаўніцтва царквы "]
[/caption]
Пачалася гэта добрая справа ў 2003 годзе, і толькі праз шэсць гадоў удалося прыступіць да работы: выкапалі фундамент, узвялі сцены. Сёлета здолелі накрыць царкву дахам.
— Толькі за гэты год на будаўнічыя матэрыялы і разлікі з рабочымі пайшло больш за восем тысяч долараў, — гаворыць Раіса Канстанцінаўна. — І наперадзе яшчэ нямала работ. Трэба паставіць вокны, дзверы, пакласці падлогу, атынкаваць царкву звонку і ўнутры.
Дарэчы, у будаўніцтве новага храма актыўна ўдзельнічае не толькі сама Раіса Канстанцінаўна. Менавіта яе дачка — прафесійны архітэктар — стварыла праект царквы, дапамагала ў яго ўзгадненні, ды і наогул, як прызнаецца Раіса Кавалеўская, падштурхоўвала яе да больш актыўных дзеянняў, надавала ёй упэўненасці ва ўласных сілах. “Без падтрымкі дачкі, — дзеліцца жанчына, — я б можа і не асмелілася на такую складаную і адказную справу. Абяцаў дапамогу і зяць — мастак, які спецыя-лізуецца на роспісе цэркваў. У людзей яшчэ захаваліся іконы са старой царквы. Так што хутка можна будзе весці літургіі. Так хочацца, каб тут гучала слова Божае, каб духоўна адраджаўся наш народ, выбіраўся з дрыгвы п’янства і абыякавасці.”
А над новым будынкам ужо ўзвышаецца крыж — прыгожы, ажурны, які ўпрыгожваў купал яшчэ той, ранейшай царквы. Час і адданыя веры хрысціянскай людзі не далі яму згінуць, як не даюць страціць надзею на тое, што слова Божае раней ці пазней павінен адчуць у сваім сэрцы кожны з нас. А як жа інакш?
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии