На базе гімназіі №1 г. Капыля сёлета, як і ў папярэднія гады, працаваў аздараўленчы лагер “Эрудыт”. Ужо сама назва гаворыць пра тое, хто быў асноўнымі яго выхаванцамі. У лагеры можна было не толькі аздаравіцца, але і атрымаць дадатковыя веды.
[caption id="attachment_19649" align="aligncenter" width="443" caption=" Iдуць спаборніцтвы па шахматах."]

[/caption]
— З высокаматываванымі дзецьмі ў нас працавалі настаўнікі-прадметнікі, якія на працягу года дасягнулі пэўных вынікаў па падрыхтоўцы да алімпіяд, — адзначыла начальнік лагера Валянціна Балажынская. — У першай палове дня выхаванцы наведвалі заняткі па прадметах, якія яны вывучалі на паглыбленым узроўні, а ў другой – праводзіліся шматлікія выхаваўчыя мерапрыемствы.
За змену адпачылі 70 школьнікаў раёна ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў. Усе яны яркія, цікавыя, творчыя асобы. Пераканацца ў гэтым можна было пасля сустрэчы з некаторымі з іх.
Напрыклад, у лагеры прайшла вучэбна-прававая гульня “Выбары прэзідэнта”. З двух кандыдатаў на пост перамогу атрымала Кацярына Санковіч, апярэдзіўшы Васіля Макарчука. Быў абраны і “савет міністраў”. Пра сваё жыццё яны расказалі самі:
Кацярына САНКОВІЧ:
—У “Эрудыце” я ўжо не ўпершыню. Сёлета мне пашчасціла стаць “прэзідэнтам” лагера. Падчас выбараў у нас усё было амаль па-сапраўднаму: і перадвыбарная праграма, і збор подпісаў, і групы падтрымкі, і галасаванне. З дапамогай гульні мы атрымалі шмат прававых ведаў.
Дар’я МАЛІНОЎСКАЯ:
—У лагеры я “міністр адукацыі”. Мне спадабаліся заняткі па прадметах, што ўзбагаціла назапашаны раней багаж і не дазволіла забыцца школьную праграму. Я з задавальненнем вывучала англійскую мову. Мы атрымалі змястоўны і цікавы матэрыял.
Аксана БЕЛЬСКАЯ, “міністр спорту і турызму”:
—У нас таксама праходзіла шмат спартыўных мерапрыемстваў. Адбылася спартакіяда, чэмпіянат па баскетболе, шахматна-шашачны турнір, малыя алімпійскія гульні. Мы наведалі цэнтр экалагічнага турызму ў Станькаве Дзяржынскага раёна.
Ілона ЛУК’ЯНЧЫК, “міністр культуры”:
—У лагеры працавалі пяць гурткоў. Усе яны праходзілі ў форме майстар-класаў. Ужо за адзін-два заняткі можна было асвоіць канкрэтную тэхніку і паказаць свае ўменні. А яшчэ ў нас праводзілася шмат конкурсаў, спаборніцтваў і, вядома ж, канцэртаў, якія для мяне асабліва адметныя, бо вельмі люблю спяваць.
Аляксандра ЛІС, “прэм’ер—міністр”:
—Я курыравала выпуск інфармацыйнага стэнда. У нашым лагеры весела і здорава. Мы — каманда аднадумцаў, мы — адна вялікая сям’я. Развітвацца з сябрамі і выхавальнікамі было крыху сумна. Хачу запрасіць жадаючых адпачыць тут на наступны год.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии