Горад Капыль упершыню ўпамінаецца ў 1274 годзе ў Галіцка-Валынскім летапісе пры апісанні ваенных дзеянняў паміж галіцкім князем Львом Данілавічам і вялікім князем літоўскім Трэйдэнам з-за Драгічына ў Падляшскай зямлі. Войска галіцкага князя разам з татарскім войскам Ягурчыка пайшло паходам на сталіцу Вялікага княства Літоўскага. У летапісе гаворыцца: «В лето 6782 Мьстиславъ же бяшеть не притягль, не шел бяшеть от Копыля воюя по Полесью».
У канцы 14 ст. утварылася ўдзельнае Капыльскае княства, якім валодаў старэйшы брат польскага караля Ула- дзіслава II Ягайлы Уладзімір Альгердавіч і яго нашчадкі - род Алелькавічаў. Гэта быў праваслаўны княжацкі род, які ўспрыняў беларускую культуру. Капыльскае княства было нададзена Уладзіміру Альгердавічу і яго нашчадкам «у вольнае на вечнасць ужыванне».
У пачатку 16 ст. Капыль, паводле дакументаў, лічыўся адным з «найважнейшых княскіх замкаў з местам», г.зн. горадам у Беларусі, а яго жыхары называліся мяшчанамі. Гэта былі рамеснікі, гандляры і гараджане, якія займаліся сельскай гаспадаркай. У Капылі ў 1644 г. згадваюцца шаўцы «чорный работы», якія выраблялі простыя боты для асноўнай масы гараджан, і шаўцы «сафьяннай работы» - для шляхты і багатых мяшчан. У падатковай квітанцыі за 1648 г. пералічана 8 мяснікоў, 15 пекараў і перакупшчыкаў і 22 «рамеснікі розныя».
Вялікае значэнне для эканомікі старажытнага Капыля меў гандаль. У цэнтры горада на рынкавай плошчы знаходзіліся крамы, дзе гандлявалі сваімі вырабамі рамеснікі, ці крамы купцоў, якія скуплялі тавар для перапродажу. У горадзе раз у тыдзень праводзіўся гандлёвы дзень, на які збіраліся мяшчане, купцы навакольных гарадоў і сяляне з ваколіцы.
Уладальнік Капыля князь Багуслаў Радзівіл, жадаючы ўмацаваць эканамічнае значэнне Капыля і захаваць падтрымку мяшчан у сваім горадзе, а таксама схіляючыся да патрабаванняў гараджан аб большай самастойнасці горада, звярнуўся да караля Яна Казіміра і сейма Рэчы Паспалітай з просьбай увесці ў Капылі самакіраванне паводле Магдэбургскага права.
Па прывілеі 1652 года мяшчане Капыля атрымалі самакіраванне, згодна з якім у горада з’явіўся свой герб з выявай паляўнічага рогу ў жоўтым полі і гарадская пячатка. Для пастаяннай работы магістрата быў пабудаваны адмысловы будынак - ратуша, якая, на жаль, не захавалася. Менавіта ў ратушы знаходзіліся канцылярыя, гарадскія скарбніца і архіў, захоўваліся граматы з дадзенымі гораду прывілеямі.
На здымку: ля Замкавай гары
Комментарии