Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

Маршрут — “вогненныя вёскі”

03.07.2012
Кожны сапраўдны грамадзянін павінен ведаць гісторыю сваёй радзімы. Вось і  вучні Навасёлкаўскай сярэдняй школы накіраваліся ў аўтапрабег па вёсках, лёс якіх крута памяняла Вялікая Айчынная вайна. Вялікія Прусы. У верасні 1942 года фашысты палілі тут хаты і расстрэльвалі мірных жыхароў. Тады ад рук катаў загінулі 255 чалавек, пра што сведчыць помнік на магіле загінуўшым мірным жыхарам. Пра трагедыю гэтага населенага пункта ўдзельнікам аўтапрабегу расказаў навуковы супрацоўнік Капыльскага раённага краязнаўчага музея Андрэй Лятчэня. Уразіў хлопчыкаў і дзяўчынак аповед пра в. Калодзезнае, дзе акупанты знішчылі больш за 200 вяскоўцаў. З цікавасцю разглядвалі яны манумент, на якім высечаны прозвішчы загінуўшых падчас зверстваў фашысцкіх акупантаў. Немагчыма ўявіць рэальную карціну, якая адбывалася ў 1943-м у в. Жавалкі, калі нямецкія каты ўрываліся ў хаты і люта расстрэльвалі мясцовых жыхароў, а пасля падпальвалі хаты. 512 чалавек загінуўшых – гэта лічба проста шакіравала тых, хто ўпершыню чуў пра трагедыю вёскі. Зразумела, што Андрэя Лятчэню амаль засыпалі пытаннямі, пакуль аўтобус рухаўся да наступнага прыпынку — грамадзянскіх могілак у Рудніках. 130 мірных жыхароў в. Масявічы былі пахаваны тут… “Капыльская Хатынь” — так часта называюць мемарыял на месцы колішняй вёскі Масявічы, якая была знішчана ў лютым 1943 года. Вялікія Прусы, Калодзезнае, Жавалкі, Прагрэс і Рулёва – “вогненныя” вёскі, што ўвекавечаны ў гэтым комплексе. Шчыміць сэрца, калі “гартаеш” старонкі кнігі, імя якой Вялікая Айчынная вайна… Неабыякавасць, якая чыталася ў вачах хлопчыкаў і дзяўчынак, уважлівасць, з якой слухалі яны экскурсавода, цікавасць, з якой дапытліва высвятлялі чарговыя факты пра вёскі на маршруце, прымушалі верыць, што гісторыю маладое пакаленне будзе ведаць “на выдатна”. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара На здымку: Удзельнікі аўтапрабегу  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей