На смачную вандроўку ў гісторыю Івянецкага краю запрасілі ўсіх жадаючых арганізатары трэцяга цукеркавага фэсту “Іvkon”. Былі там і капыляне.

У г.п. Івянец Валожынскага раёна прыехалі тыя, чые сэрцы раскрыты на дзіва, хто ўмее зірнуць на свет па-дзіцячы даверліва і здольны папоўніцы смакаваць дарункі жыцця. Цікава правесці выхадны дзень змаглі і аматары нязведаных дарог, легенд і міфаў, старадаўняй гісторыі, адкрыццяў і знаходак. Арганізавалі гэта незвычайнае свята кампанія “Івкон” і Івянецкі музей традыцыйнай культуры.

На працягу ўсяго дня на колішняй сядзібе Пятра Дарагунцова — апошняга валадара Івянца, якая сёння з’яўляецца помнікам гісторыі і ахоўваецца дзяржавай, і вакол яе працавалі кірмаш рамёстваў, выставы-кірмашы і майстар-класы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Быў наладжаны продаж прадукцыі кандытарскай фабрыкі “Івкон” і яе дэгустацыя, запрашалі наведвальнікаў разнастайныя забаўляльныя пляцоўкі.

Выбухі смеху суправаджалі выступленне калектыву з Капыльшчыны “Лоцвінскія ўдалухі”, якія запрашалі ўсіх жадаючых у свой “Пацешны шпіталь” Літаральна за некалькі хвілін “урачы” сваімі маніпуляцыямі і лекамі ставілі на ногі “пацыентаў”, да таго ж шчодра частавалі іх прысмакамі народнай кухні.

Удзельнікі фэсту з цікавасцю назіралі за падзеямі, якія разгортваліся на сцэнічнай пляцоўцы. З тэатралізаванага прадстаўлення яны даведаліся, скуль узнік-пайшоў Івянец, прычым некалькі варыянтаў паходжання мястэчка. Сустрэліся з каларытнымі гістарычнымі персанажамі: князем Вітаўтам — заснавальнікам Івянца, закаханай парай Нілібокам і Волмай, міфічнымі — казачным Цмокам, Жар-птахам і Жах-птахам, Русалкамі, Пушчавіком.

Суправаджалася дзейства цудоўнай музыкай часоў Сярэднявечча, такімі ж непаўторнай прыгажосці танцамі, рыцарскімі бойкамі, пацехамі, гульнямі, конкурсамі і забавамі. Прыемна дапаўнялі святочную карціну выстава рэтра-аўтамабіляў, удзельнікі фэсту, апранутыя ў касцюмы розных эпох, члены клуба сабак хортаў разам са сваімі выхаванцамі, вырабы майстроў па дрэве, камяню, гліне, металу, якія можна было набыць па сходнай цане.

Удзельнікі свята шукалі івянецкі скарб і таемную цукерыну шчасця — Світаль, назіралі за конна-спартыўным шоу ўланаў і фаер-шоу, танцавалі на этна-дыскатэцы. Словам, імкнуліся рабіць усё, каб адпавядаць дэвізу свята: ласавацца — не стамляцца.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ: моманты свята.
Фота аўтара
Комментарии