Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

108

Свята незалежнасці, сяброўства і адзінства

06.07.2012
3 ліпеня ў г. Капылі прайшлі святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі) і 68-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці капыляне і госці горада сустракалі радасна, з добрым настроем. Ля помніка вызваліцелям Капыля сабраліся ветэраны вайны і працы, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь Капыльшчыны. Раздзяліць наша свята прыехалі і шаноўныя госці — прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў: Чэхава (Маскоўская вобласць) і Ёнішкіс (Літоўская Рэспубліка). Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці, адкрыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд. “У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя падзеі, якія становяцца пунктам адліку новага этапа ў яго развіцці, — адзначыла Марыя Леанідаўна. — У беларускай гісторыі гэта дзень 3 ліпеня 1944 года, калі наша краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэты дзень мы адзначаем як Дзень Незалежнасці. Гэта свята, у якім зліліся ў адзінае цэлае сапраўды святыя паняцці — вызваленне, перамога і незалежнасць”. Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць усіх, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, у гэтым журботным спісе і каля 15 тысяч жыхароў Капыльскага раёна. “Памятаючы пра мінулае, нам трэба з аптымізмам глядзець у будучае, — гаварыла Марыя Леанідаўна. — Галоўным клопатам кожнага з нас павінен быць клопат пра паступальнае развіццё нашай краіны, нашага раёна, кожнага працоўнага калектыву. Ніякія крызісы не змогуць напалохаць дзяцей і ўнукаў салдат Перамогі!” Свае віншаванні ўдзельнікам мітынгу адрасавалі старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі СГФ “Крыніца” Святлана Астрэйка, в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аляксей Загорцаў, раённы ваенны камісар Сяргей Барташэвіч. Самыя лепшыя віншаванні і пажаданні выказалі ўсім, хто сабраўся ў гэты дзень ля помніка вызваліцелям, і кіраўнікі дэлегацый з Расіі і Літвы. Далей святкаванне перамясцілася ў зону адпачынку і на фізкультурна-аздараўленчы комплекс г. Капыля. Як заўсёды, змаглі памерацца сіламі аматары шахматна-шашачных баталій, паказалі трапнасць стралкі, здолелі парадаваць і нават здзівіць сваім спрытам майстры футбольнага мяча. Дзятва з захапленнем асвойвала электрамабілі і адмярала на іх метры па бегавой дарожцы стадыёна. Яшчэ большую ўвагу гараджан прыцягнула святочная праграма, якая прайшла ў зоне адпачынку. Лепшыя народныя калектывы раёна — “Спадчына”, “Капыляне”, “Капыльскія дудары”, вакальны ансамбль РЦК пад кіраўніцтвам Таццяны Хілько, “Замкавая гара”, а таксама ўзорны аркестр дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Льва Канапляніка, танцавальныя калектывы ДШМ і РЦК, эстрадныя выканаўцы розных узростаў падаравалі гледачам самы цудоўны настрой і радасць сустрэчы з творчасцю. Не менш запамінальным было і выступленне расійскіх артыстаў — узорнага тэатра танца “Каўчэг”, народнага калектыву — ансамбля рускай песні “Нікажэль” і салісткі культурна-творчага цэнтра “Дружба” Вольгі Шабанавай. Усе яны з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў-фестываляў. Дарэчы, у другой палове дня госці з Чэхаўскага раёна парадавалі сваёй творчасцю жыхароў аг. Скабін, прапанаваўшы ім надзвычай цікавую і запамінальную канцэртную праграму. Вялікую асалоду атрымалі і тыя жыхары і госці нашага горада, якія наведалі ў гэты дзень канцэрт зоркі беларускай эстрады Аляксандра Саладухі, прысвечаны 25-годдзю яго выканальніцкай кар’еры і 80-годдзю любай матулі (дарэчы, ураджэнкі в. Вошкаты Капыльскага раёна). Разам з Аляксандрам на сцэну выйшлі яго сыны Аляксандр і Антон — удзельнікі гурта “Элемент”, а таксама дачушка Варачка. Спявак выконваў песні са свайго новага альбома “Берега” і добра вядомыя слухачу хіты “Калина”, “Здравствуй, чужая, милая”, “Виноград зеленый” і інш., і кожны з іх суправаджаўся гарачымі апладысментамі. Заключным акордам свята стала вячэрняя танцавальная праграма на цэнтральнай плошчы горада. Надзвычай хвалюючымі былі тыя некалькі хвілін, калі капыляне разам з усёй краінай у адзіным патрыятычным памкненні спявалі Гімн сваёй незалежнай Беларусі. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара і Сяргея КОЗЕЛА НА ЗДЫМКАХ: 1. Старшыня райвыканкама А. Жданеня (злева) разам са старшынёй райсавета дэпутатаў М. Сандрозд, членам раённага савета Ёнішкскага самакіравання Літоўскай Рэспублікі П. Гіржадасам, кіраўніком Адміністрацыі Чэхаўскага муніцыпальнага раёна Маскоўскай вобласці А. Слабодзіным падчас ускладання вянкоў да помніка вызваліцелям Капыля. 2-6. 3 ліпеня ў Капылі.  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей