Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Цімкавіцкаму народнаму — 45

25.06.2012
24 мая 2012 года ў глядзельнай зале Цімкавіцкага сельскага Дома культуры сабраліся аматары тэатральнага мастацтва. Менавіты ў гэты дзень 45 гадоў назад Цімкавіцкаму тэатру было прысвоена званне народнага за спектакль В. Галубка “Ганка” ў выкананні калектыву Цімкавіцкай сярэдняй школы. У чарговы раз мясцовыя  артысты  выйшлі на сцэну ў дзень святкавання юбілею народнага тэатра. Адзін за другім былі паказаны ўрыўкі з пастановак удзельнікаў тэатра і самадзейных артыстаў. З удзелам вучняў УА “Цімкавіцкая ДАСШ”, удзельнікаў інтэрактыўнага тэатра, была прадстаўлена сцэнка “Што значу я?”. Работнікі мясцовай бібліятэкі Надзея Рудэнка, Зінаіда Станкевіч  сумесна  з выпускніком школы Леанідам Галушка дэманстравалі сцэнку “Ах, цешча мая”. У выкананні артыстаў народнага  тэатра  паказаны ўрывак са спектакля А. Дударава “Не пакідай мяне”. Удала весялілі прысутных у зале і “рускія бабкі”,  ў ролі якіх выступілі самадзейныя артысты з хлебапрыемнага и буракапрыёмнага пунктаў, чыгуначнай станцыі --  Марына Баўтрук, Валянціна Логан  і Валерый Булат. Вядучымі свята выступілі Валянцін Верамей, Святлана Лазоўская, Ала Дайнэка і Дзмітрый Татур. Свята атрымалася, раўнадушных у зале не было. А гэта значыць, тэатр жыве. Свае вытокі тэатр бярэ са снежня 1917 года. Першы свой спектакль тагачасны драматычны гурток паставіў па п’есе М. Гогаля “Жаніцьба”. У першым складзе гуртка працаваў усім вядомы пісьменнік Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны). Пачынаючы  з 1939 года арганізатарам і кіраўніком калектыву стала заслужаная настаўніца БССР Зінаіда Іосіфаўна Раманенка. Пад яе кіраўніцтвам калектыву было прысвоена званне народнага. Тэатр з’яўляўся лаурэатам 1-га Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці (1975-1977гг.), дыпламантам рэспубліканскага агляду аматарскага тэатральнага мастацтва (1982 г.). У рэпертуары тэатра п’есы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх драматургаў — (К. Чорнага “Ірынка”, К. Крапівы “Партызаны”, Я. Купалы “Прымакі”, А. Сафонава “Ляцяць гусі”, Ю. Томіна “Адалень-трава”, Т. Шаўчэнкі “Назар Стадоля”). Пры тэатры створана дзіцячая студыя. Ашаламляльным поспехам у гледачоў карысталася прэм’ера спектакля па п’есе Івана Шамякіна “Дзеці аднаго дома”, на якой прысутнічаў сам аўтар. Са снежня 2002 года пасля амаль 20 гадовага перапынку камедыяй “Грэшнікі” па матывах п’есы С. Лабазёрава “Сямейны партрэт з грашовымі знакамі” тэатр узнавіў сваю работу і пацвердзіў званне народнага. За гэту пастаноўку калектыў узнагароджаны дыпломам 4-га абласнога фестывалю народных тэатраў “Бярэзінская рампа”. Чарговае пацвярджэнне звання народнага адбылося ў лістападзе 2011 года. Калектывам тэатра был паказана п’еса Аляксея Дударава “Не пакідай мяне”. Алена Острыкава, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей