Цудоўны падарунак да Дня Незалежнасці і 66-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў атрымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — жыхары горада Капыля. Яны сталі ўдзельнікамі своеасаблівай экскурсіі па месцах баявой славы, арганізатарамі якой выступілі раённы Савет ветэранаў, РАС ДТСААФ, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама.
У дзесяць гадзін раніцы ля будынка райвыканкама ўдзельнікаў мерапрыемства ўжо чакаў аўтобус. У паездцы ўзялі ўдзел крыху менш за два дзесяткі ветэранаў вайны, астатнія, хто па стане здароўя, хто па нейкай іншай прычыне, вырашылі застацца дома. Абапіраючыся на палку альбо надзейнае плячо членаў прэзідыума і проста актывістаў раённага Савета ветэранаў, сталыя людзі занялі свае месцы і… нібыта скінулі па некалькі дзесяткаў гадоў. Адразу завязалася агульная гутарка, сям-там чуліся дасціпныя жарты і вясёлы смех — па ўсім было відаць, што сустрэліся добрыя сябры, якіх многае ў гэтым жыцці звязвае.
Першым пунктам прыпынку стала вёска Слабада-Кучынка. Чаму менавіта яна? Таму што ў гэтым населеным пункце напярэдадні 65-й гадавіны з Дня Вялікай Перамогі быў адкрыты помнік воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі ў 1941 годзе. Дарэчы, устаноўлены ён быў не на дзяржаўныя сродкі — ахвяраванні паступілі з розных куткоў краіны ў ходзе акцыі “Патрыёт”, абвешчанай прафсаюзам галін прыродакарыстання і геатэхналогій. У гэтай сувязі будзе не лішнім узгадаць, што старшынёй рэспубліканскага камітэта названай прафсаюзнай арганізацыі з’яўляецца Ганна Трацэўская, ураджэнка Слабада-Кучынкі, якая і ініцыіравала ўзвядзенне помніка. Вельмі падрабязна пра ўсё гэта расказала ўдзельнікам паездкі старшыня ветэранскай арганізацыі СГФ “Крыніца” Святлана Астрэйка. Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі да абеліска вянок.
Затым аўтобус накіраваўся ў Бабаўнянскі сельскі Савет. З цікавасцю ўдзельнікі паездкі паглядалі ў акно, любаваліся мясцовымі краявідамі, адзначалі, наколькі дагледжаныя сельскагаспадарчыя палеткі, прыгожыя дамы і вуліцы. Своеасаблівым гідам была старшыня раённага Савета ветэранаў Казіміра Ганчар, якая звяртала ўвагу прысутных на самае цікавае.
У суровым маўчанні замерлі ветэраны ля помніка загінуўшым партызанам — удзельнікам вядомага Лаўскага бою, якія пахаваны на могілках у Клецішчы. Старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі нагадаў асноўныя эпізоды бою, да помніка героям была ўскладзена карзіна. Затым ветэраны нібы на некалькі хвілін перанесліся ў гады сваёй маладосці — пра гэта ім нагадалі зямлянкі. Менавіта яны многіх ратавалі ад холаду, давалі магчымасць выжыць у тыя цяжкія ваенныя гады. Дарэчы, тры зямлянкі, якія з’явіліся ў Лаўскім лесе, былі пабудаваны, а дакладней будзе сказаць, адноўлены, напярэдадні 9 Мая сіламі работнікаў лясгаса і будаўнічых брыгад РСУП “Бабоўня” і РСУП “С “Лясное”. Безумоўна, гэта месца будзе адыгрываць вялікую ролю ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, паколькі хлопчыкі і дзяўчынкі, наведваючы Лаўскі лес, змогуць на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах даводзілася жыць партызанам.
Закончылася паездка традыцыйнай “салдацкай кашай”, падчас якой сталыя людзі змаглі падзяліцца ўспамінамі пра гады сваёй суровай маладосці, узгадаць баявых сяброў, выпіць баявыя сто грамаў за іх памяць, паспяваць ваенныя песні і нават патанцаваць пад гукі баяна.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии