21 чэрвеня адбудзецца адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Дакладчыкі – адказныя ад райвыканкама – выедуць у працоўныя калектывы раёна, дзе правядуць гутарку на тэму “Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы, Я. Коласа і 100-годдзя з дня нараджэння М. Танка”. Другая тэма – “Летняя аздараўленчая кампанія 2012 года”.
Таленавітыя песняры
Юбілей народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа шырока адзначаецца ў нашай краіне і па-за яе межамі. Янка Купала і Якуб Колас – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся наша нацыянальная культура і мастацкая літаратура.
Тытанічная падзвіжніцка-пабуджальная дзейнасць Я. Купалы і Я. Коласа на самым пачатку творчага шляху паспрыяла таму, што беларусы сцвердзілі сябе як нацыю, заклалі трывалы падмурак для пабудовы сваёй самастойнай дзяржавы, якая і сёння шукае і знаходзіць аптымальныя шляхі для далейшага ўгрунтоўвання сваёй нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Максім Танк, знакаміты народны паэт Беларусі, вучань і прадаўжальнік дум і ідэй Янкі Купалы і Якуба Коласа, чый 100-гадовы юбілей мы таксама святкуем у 2012 годзе, пісаў: “Мне хацелася б адзначыць тую вялікую ролю, якую адыгралі ў маім жыцці творы нашых беларускіх класікаў Я. Купалы і Я. Коласа. Толькі дзякуючы ім і народным казкам і песням, якія я чуў ад сваёй маці, ад народа, – я пачаў пісаць на сваёй роднай мове”.
Лета – пара адпачынку дзяцей
Другая тэма адзінага дня інфармавання – “Летняя аздараўленчая кампанія 2012 года”. Арганізацыя адпачынку і аздараўленне дзяцей і падлеткаў – адна са складаемых дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі нашай краіны. У раёне падчас летняй аздараўленчай кампаніі будзе ахоплена 1470 дзяцей.
З 4 па 27 чэрвеня на базе 18 школ дзейнічаюць аздараўленчыя лагеры з дзённым знахо- джаннем. Работа аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем арганізавана на базе шасці ўстаноў адукацыі. На базе Лясноўскай СШ у лагеры “Лясная казка” пройдуць дзве змены (па 50 чалавек) – з 10 па 27 чэрвеня і з 1 па 18 ліпеня. Лідары дзіцячых і маладзёжных арганізацый (усяго 40 чалавек) адпачываюць на базе Быстрыцкай СШ з 10 па 27 чэрвеня. Для 68 адораных дзяцей з 11 па 28 чэрвеня ў гімназіі №1 г. Капыля працуе лагер “Эрудыт”, а ў СШ №3 для 65 чалавек, якія займаюцца спортам, з 7 ліпеня свае дзверы зноў адчыніць лагер “Алімпіец”. У дзве змены, з 11 па 28 чэрвеня і з 1 па 18 ліпеня, будзе працаваць лагер “Рабінзоны” на базе ДУА “Капыльская дапаможная школа-інтэрнат”. Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з 1 па 18 чэрвеня прайшлі аздараўленне ў Грозаўскай школе-інтэрнаце.
Працягваецца практыка аздараўлення дзяцей у профільным (9-дзённым) лагеры “100 дарог” на базе ДУА “Адукацыйна-аздараўленчы цэнтр турызму” УП “Ратамка”. Для рабят, якія стаяць на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх, з 7 па 15 жніўня плануецца арганізацыя профільнага аздараўленчага лагера “Патрыёт” з кругласутачным знаходжаннем на базе вайсковай часці ў г. п. Урэчча Любанскага раёна.
Комментарии