Пытанням рэалізацыі сумесных мерапрыемстваў раённых арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый па патрыятычным і экалагічным выхаванні было прысвечана выязное пасяджэнне абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Прайшло яно на базе Капыльскага раёна з удзелам членаў абласнога каардынацыйнага савета і прадстаўнікоў суседніх раёнаў.
[caption id="attachment_19231" align="aligncenter" width="443" caption="Удзельнікі выязнога пасяджэння каля Алеі Герояў у Капылі. "]

[/caption]
Старшыня абласнога каардынацыйнага савета
Марыя Худая адзначыла, што на мерапрыемстве будуць абмеркаваны пытанні патрыятычнага, працоўнага, экалагічнага і маральна-духоўнага выхавання і ўзаемадзеяння грамадскіх аб’яднанняў, партый з мясцовымі органамі ўлады па іх вырашэнні. Адна з асноўных задач – зрабіць нашу прыроду больш багатай, прыгожай, каб яна натхняла на новыя справы і подзвігі. Тым больш, што гэты год для нашай вобласці асаблівы: у жніўні ў Маладзечне пройдзе Х рэспубліканскі экалагічны форум.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама
Руслан Трухан заклікаў усіх удзельнікаў актыўна выкарыстоўваць дадзеную магчымасць для дыялогу паміж сабой і абмену вопытам, бо ў Капыльскім раёне маюцца сур’ёзныя напрацоўкі ў дадзеным напрамку.
З цікавасцю прысутныя слухалі выступленне старшыні Капыльскага райвыканкама Анатоля Жданені, у якім была закранута гісторыя раёна і дзень сённяшні.
Па асноўным пытанні парадку дня выступіў старшыня Капыльскага раённага каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ
Аляксандр Касінскі. Як адзначыў Аляксандр Іванавіч, у Капыльскім раёне зарэгістраваны раённыя арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, партыі працы і справядлівасці, аграрнай партыі, а таксама 40 арганізацыйных структур і аб’яднанняў, самыя шматлікія з якіх – РА РГА “Белая Русь”, РК ГА “БРСМ”, райсавет ветэранаў, РА “Беларускі Саюз жанчын”, прафсаюзныя арганізацыі. Адной з асноўных задач з’яўляецца арганізацыя, цеснае супрацоўніцтва і каардынацыя дзеянняў, узаемадзеянне з дзяржаўнымі ўстановамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі, інфармацыйная падтрымка і прапаганда дзейнасці і г. д. Як падкрэсліў Аляксандр Касінскі, на багатым гістарычным матэрыяле раёна і жывых зносінах з ветэранамі грунтуецца выхаваўчая работа з моладдзю. Асаблівы размах яна набывае падчас правядзення месячнікаў абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы, агітпрабегаў па месцах баявой славы, шматлікіх конкурсаў, акцый і г. д. Немалаважнае месца займае і экалагічнае выхаванне. Вядома, што ў раёне чатыры школы і два дзіцячыя сады апорныя па гэтым напрамку, працуюць экалагічныя сцяжынкі, гурткі, лясніцтвы, атрады і г. д. Формамі экалагічнай работы ў раёне ахоплены 60% навучэнцаў.
Першы сакратар Капыльскай раённай арганізацыі КПБ, адказны сакратар РАС РДГА “Беларускае таварыства “Веды”, старшыня райсавета таварыства выратавання на водах
Марыя Канцэлярчык расказала аб супрацоўніцтве з грамадскімі аб’яднаннямі, інфармацыйна-лекцыйнай, ідэалагічнай і асветніцкай рабоце.
На экалагічным выхаванні на тэрыторыі Мінскай вобласці спынілася першы намеснік старшыні камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя
Ганна Валажынская.
Удзельнікам пасяджэння была прапанавана насычаная праграма наведвання аб’ектаў горада і раёна. З цікавасцю яны пабывалі на выставе ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, падрыхтаванай лабараторыяй аховы працы ТДА “Экакантакт” (г. Баранавічы). Таксама былі наведаны краязнаўчы музей, Алея Герояў, крынічка ля Замкавай гары, адбыліся невялікія мітынгі і былі ўскладзены карзіны і кветкі да помнікаў воінам-інтэрнацыяналістам, воінам-вызваліцелям Капыля і да бюста Героя Савецкага Саюза
Вікенція ДРАЗДОВІЧА ў аг. Лясное. Удзельнікі нарады таксама пазнаёміліся з гісторыяй ААТ “Капыльскі масласырзавод” і выпускаемай на прадпрыемстве прадукцыяй.
Безумоўна, нельга было пакінуць па-за ўвагай Лясноўскую сярэднюю школу – адну з лепшых навучальных устаноў вобласці па экалагічным выхаванні. Былі наведаны тэматычныя комплексы: “Сад малых архітэктурных форм”, “Сад развіцця пачуццяў рукамі і нагамі”, “Сельскі садок”, “Сад пахаў” і іншыя. Тут жа былі ўшанаваны пераможцы шматлікіх абласных выстаў і акцый, прысвечаных ахове навакольнага асяроддзя. У іх ліку таксама навучэнцы Бучацінскай і Лясноўскай СШ нашага раёна. Пераможцы атрымалі граматы і каштоўныя падарункі ад інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласной структуры ДТСААФ, абласнога аб’яднання прафсаюзаў, раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага дзіцячага фонду і іншых арганізацый. Перад удзельнікамі выступіла экалагічная агітбрыгада школьнікаў Нясвіжскага раёна.
Каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый прыняў адпаведнае рашэнне і зварот да жыхароў Мінскай вобласці.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии