Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

59

Раны вайны не загаіліся і сёння

07.07.2010

Жудасную вестку сям’я Рыгора Вайцяховіча, якая жыла на хутары Загаішча каля вёскі Рыме (цяпер Дусаеўшчына), пачула па радыё  22 чэрвеня. У сялянскай сям’і было чацвёра дзяцей: дзве дачкі — Алена (з 1914 г.) і Ядвіга (з 1926 г.) і сыны Міхаіл і Іван. Міхаілу (1922 г. н.) напярэдадні Капыльскім ваенкаматам была ўручана павестка, а старэйшы Іван (1919 г.) ужо з верасня 1939 года нёс службу на тэрыторыі Расіі. Бацькі ганарыліся ім — працавіты, старанны ў вучобе. Пасля заканчэння 4-х класаў Рыменскай пачатковай школы працягваў вучобу ў школе на хутары Багданы (за Квіцянамі), размешчанай у панскім доме. Праз тры гады, атрымаўшы атэстат няпоўнай сярэдняй школы, працуе сакратаром камсамольскай арганізацыі ў саўгасе імя Дзяржынскага. Капыльскі райкам камсамола накіроўвае яго на вучобу ў Мінск, у партыйную школу пры ЦК КПБ, пасля заканчэння якой Іван вяртаецца ў Капыль і працуе ў райкаме камсамола.

Армейская дарога завяла хлопца далёка ад беларускай мяжы: Паўночна-каўказская ваенная акруга, Краснадарскі край, Растоўская вобласць, станіца Пралетарская, 191-ы казачы кавалерыйскі полк. Разам з ім сюды з Капыльскага ваенкамата былі накіраваны для праходжання службы яшчэ 10 чалавек. Сярод іх з вёскі Рыме Іван Валога, Уладзімір Берднік, Аляксандр Раіцкі, Пётр Малевіч і Міхаіл Пласкавіцкі з Капыля і інш.

Як успамінае Іван Рыгоравіч, ён быў залічаны ў палкавую школу, Малевіч — у аркестравую часць (іграў на трубе). У маі 1941 года пачалося расфарміраванне казацкіх часцей. Франтавыя дарогі з некаторымі землякамі разышліся. І з  Пятром, якога залічылі ў лётную школу.

Івана выклікалі ў штаб палка для адпраўкі ў Армавір. Арганізоўвалася новая танкавая дывізія. У ёй застаўся і Раіцкі.

На досвітку 22 чэрвеня сяржант правядзе на поезд сям’ю афіцэра (жонка і сын), якія ехалі ў водпуск у Кіеў, купіць яму на развітанне пачак цыгарэт “Казбек”. Вярнуўшыся, прыляжа адпачыць з думкамі пра прызначанае спатканне з Марыяй (немкай па нацыянальнасці). Яе бацькі ў свой час шукалі шчасця ў Расіі. Дзяўчына працавала на швейнай фабрыцы, і трэба было забраць у яе перашытую гімнасцёрку.

На прахадной дарогу перагарадзіў салдат:

— Звальненне забаронена — вайна!

Пачалася мабілізацыя, фарміраванне палкоў. Ужо 27 ліпеня 1941 года пагрузіліся ў эшалоны і адправіліся на Заходні фронт, які пачынаўся пад Смаленскам. 24-я армія вядзе баі за Ельню. Іван служыць у штабе (хімікам). Меў заданне: у 8.00, 15.00, 24.00 кожны дзень вызначаць тэмпературу паветра, зямлі, напрамак, сілу ветру – на выпадак, калі праціўнік прыменіць хімічную зброю.

У жніўні 1941 г. адбілі Ельню. Штаб размяшчаўся ў населеным пункце Семлева. Першы трафей – падбіты нямецкі танк. У ім знойдзены процівагаз, плашч-палатка, шлемы, пілоткі. Коўдры віцебскай фабрыкі (не была знята маркіроўка) сведчылі беларусу, які абараняў зямлю брацкай Расіі, што нямецкія салдаты не толькі топчуць, але ўжо і рабуюць яго родную беларускую зямлю.

Цяжка было глядзець, як гінуць аднапалчане. А ў адным з баёў загінуў Раіцкі Аляксандр, аднавясковец, сябар, які ўмеў узняць настрой, усяліць веру ў лепшае. Саша быў наводчыкам чатырохствольнага спаранага кулямёта для збівання нямецкіх самалётаў, устаноўленага на палутарцы. Пасля аднаго з баёў Вайцяховіч, як заўсёды, прыбег, каб пераканацца, што Раіцкі жывы, але пачуў:

— Няма Сашы… Прамое пападанне варожай бомбы — і ўвесь кулямётны разлік склаў галовы.

4 жніўня 1941 года 24-я армія трапляе ў акружэнне. Застаўшыся па невядомай прычыне без камандзіра, салдаты запанікавалі. Іван з двума байцамі вырашыў прарвацца з акружэння, каб дабрацца да беларускай тэрыторыі, да родных мясцін (другога выйсця не бачылі). У горадзе Драгабуш іх схапілі і кінулі за калючы дрот. Тэрыторыя асвятлялася пражэктарамі. За ёй кусты. Хлопцам удаецца ўцячы. Другі раз іх схапілі і загналі ў эшалон, які фарміраваўся для адпраўкі ў Германію. Чуецца ўкраінская, руская мовы. І тут арганізуецца пабег. Разбілі, у каго былі, салдацкія кацялкі на дробныя чарапкі. Імі рэзалі прыдзверныя дошкі, каб зрабіць адтуліну для высвятлення ўмацавання дзвярэй. Поезд адпраўляўся ноччу. Сарвалі драцяную рашотку з акна, стараннямі адчынілі дзверы і, мінуўшы Смаленск, выскоквалі ўсе па ходу цягніка. Ляжалі, пакуль не прайшоў эшалон, таму што немцы праз кожныя 5 хвілін адкрывалі стральбу з кулямёта на адкрытай платформе.

Не ведалі, куды ісці. Рухаліся ад вёскі да вёскі. Людзі, як маглі, паказвалі шлях.  Ля Мінска спыніліся адпачыць у знаёмых аднаго з хлопцаў, і тут дарогі разышліся. Праз Мінск Іван прабіраўся адзін. Ідучы па Савецкай вуліцы на Камароўскі рынак, бачыў разбураны горад і вісельні з вісельнікамі. Гэта відовішча выклікала нянавісць да ворага, хацелася помсціць.

Мінуўшы ўжо Узду, у вёсцы Паледзі ён трапляе ў рукі паліцаяў (адзін з іх быў зямляк). Івана прыводзяць у камендатуру Узды. Знаёмы паліцай заступіўся за юнака, прывёў у свой кабінет і сказаў не выходзіць, сядзець пад сталом. Хтосьці забіў немца – арыштавалі трох мужчын, на якіх трапіла падазрэнне. Іх расстралялі. Паліцаю ўдалося зберагчы хлопца ад смерці і паведаміць бацькам, дзе іх сын. Яго адпусцяць пры ўмове, што бацька прывозіць ім кабана.

Многія аднавяскоўцы былі на фронце, некаторыя падаліся ў партызаны. Апошнія ўзрываюць кругласутачны дзіцячы садзік імя Сталіна – прыгожы двухпавярховы будынак з вялікімі вокнамі, зашклёнай верандай, што стаяў ля лесу ў канцы цяперашняй Кастрычніцкай вуліцы.

Летам 1942 г. немцы даюць Івану Вайцяховічу і Аляксандру Бердніку павесткі ехаць у Слуцк для адпраўкі ў Германію. Лёс ізноў дапамагае ўцячы са Слуцка. 18 жніўня 1942 года салдат ідзе ў партызаны.

А наперадзе яшчэ былі доўгія кіламетры і больш за два гады народнай вайны з ворагам. У вёсцы не дачакаліся з фронту 31 воіна-земляка. Мне пашчасціла жыць побач і па доўгу службы клапаціцца аб здароўі некаторых абпаленых вайной франтавікоў, якія вярнуліся і ўзнімалі на ногі саўгас, сям’ю: Віславуса Івана, Карпука Канстанціна, Нікульскага Васіля, Зяневіча Уладзіміра, Баранчыка Уладзіміра, Ганчара Ягора, Вайкуля Антона, Карпука Івана, Каненкава Пятра, Аскеркі Аляксандра, партызан-аднавяскоўцаў Квіткевіча Аркадзя і Лазоўскага Іосі- фа. Усім ім ужо  дала прытулак зямля вясковых могілак.

Мой ужо адзіны сведка тых часоў Іван Рыгоравіч Вайцяховіч па партызанскіх дарогах дайшоў да камандзіра. Чытаю выпіску з архіўных дакументаў:

«Секретарю Ляховичского райкома КПБ

…Партизанил в отряде им. Чапаева, бригады №27 им. Чапаева с 10.11.1942 по 18.06.1944 г. в должности командира отделения. Показал себя смелым, выдержанным в бою. На своем боевом счету имеет 7 убитых фрицев. Взорвана на мине вражеская танкетка, где было убито два фрица. В группе 40 человек взорвана и обстрелена вражеская “кукушка” (небольшой поезд), где было убито 76 фрицев на дороге Ганцевичи – Денисковичи. Участвовал в боях: Старицком, Лавском, Орликовском.

Награжден: медалью “Партизану Отечественной войны” I степени, орденом Отечественной войны II степени».

Пасля вайны Рыгоравіч да выхаду на пенсію працаваў бухгалтарам у адным з калгасаў Ляхавіцкага раёна. Пасля смерці жонкі вярнуўся ў сваю родную вёску да сям’і сястры Ядвігі, пляменніцы Алены.

Ядвіга МАЛЕВІЧ,

в. Дусаеўшчына


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей