Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

Экстрэмальным маршрутам

07.07.2010

Нават праліўны дождж не напалохаў каманды прадпрыемстваў і арганізацый, якія сабраліся ў суботу, 26 чэрвеня, у зоне адпачынку Капыля на штогадовы раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

На месца правядзення турзлёту задоўга да пачатку мерапрыемства прыбывалі аматары здаровага адпачынку, каб заняць больш спадручнае месца для лагера. Ужо ў 14.30 адбылася жараб’ёўка, якая выявіла паслядоўнасць выступлення каманд. Дваццаць дружын (11 – гарадскіх і 9 – сельскіх) у поўнай баявой гатоўнасці каля трох гадзін дня выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Віталі ўдзельнікаў спартыўнага форуму старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі.

Паласа перашкод стала першым выпрабаваннем капыльскіх турыстаў. На старт ад кожнай каманды выходзіла па шэсць чалавек: чатыры мужчыны і дзве жанчыны. Пераадолець па бервяне яр, пералезці «павуціну», па «купінах» пераскочыць «балота», пераляцець на тарзанцы «канаву», змайстраваць пераправу праз багну – не надта складаныя перашкоды для бывалых турыстаў, якімі, дарэчы, была большасць удзельнікаў. Але тут не абы- шлося без, выбачайце за таўталогію, аднаго «але».

Паступова над зонай адпачынку згусціліся хмары, нібы магнітам прыцягнутыя да месца правядзення турзлёту (у большасці бліжэйшых да горада вёсак не тое што ліўня, нават ні адной кроплі дажджу не ўпала. – С. Л.). Спачатку заімгліла, а пасля ўжо вырас, як сцяна, халодны, густы і нікому не патрэбны лівень. Ён нібы выпрабоўваў усіх на ўстойлівасць, шчодра паліваючы і ўдзельнікаў, і суддзяў на дыстанцыі. Не цяжка здагадацца, у што ператварыўся гэты этап. Але капыльскія турысты дастойна справіліся і з запланаванымі, і з дадатковай перашкодай, якую «прапанавала» нябесная канцылярыя». Самай падрыхтаванай да экстрэмальнага этапа аказалася каманда жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яна ўпэўнена і з мінімальнымі штрафнымі секундамі фінішавала з лепшым часам дня. Другой стала каманда «Беларусбанка», а трэцяй – цэнтральнай раённай бальніцы.

Праграма першага дня  крыху зацягнулася яшчэ і таму, што з-за непагадзі валейбольныя баталіі праходзілі ў зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу. А папярэдне правядзенне сустрэч планавалася на адкрытых пляцоўках, дзе паралельна можна было праводзіць дзве партыі адначасова. Трыо з ААТ «Капыльскае» (па два мужчыны і адной жанчыне адстойвалі гонар каманды) ва ўпартай барацьбе здолела заняць першае месца, перайграўшы ў фінале сапернікаў з ЦРБ. Трэцяя прыступка засталася за СВК «Пацейкі».

Калі стыхія суцішылася, аматары здаровага адпачынку сабраліся вакол вялікага вогнішча, дзе прайшоў конкурс турыстычнай песні. І хаця гэты від праграмы не ўваходзіў у агульнакамандны залік, удзельнікі турзлёту аднесліся да яго з усёй адказнасцю, дэманструючы членам журы разнапланавыя нумары мастацкай самадзейнасці. Пад частушкі, вясёлыя і лірычныя песні завяршыўся першы даволі складаны дзень.

У нядзелю спаборніцтвы стартавалі з конкурсу турыстычных навыкаў, які «зляцеў» з суботняй праграмы. Устаноўка палаткі, перакідванне бервяна праз умоўную бездань, распальванне вогнішча – аснова асноў для кожнага аматара паходаў. Крыху больш за хвіліну спатрэбілася камунальнікам, каб справіцца з гэтым этапам. У іх – законнае першае месца. Літаральна некалькі секунд не хапіла філіялу «Грозава», каб абысці каманду ЖКГ. Яны – другія. Трэці час паказаў СВК «Мажа-Агра».

Праз паўгадзіны каманды выйшлі на старт турыстычнай эстафеты, дзе да этапаў паласы перашкод (акрамя пераправы) прыбавілася фігурнае кіраванне веласіпедам. А ролю эстафетнай палачкі выконваў… рукзак. На «выдатна» справіліся з перашкодамі медыцынскія работнікі. Другі вынік – у камунальнікаў, а з трэцім часам фінішавалі работнікі СВК «Ванелевічы».

Апошні конкурс – хаджэнне па азімуце – стаў у многім вырашальным у агульнакамандным заліку. Дарэчы, перамагала тая дружына, якая набірала найменшую суму ачкоў ва ўсіх відах. Калі сярод сельскіх каманд амаль не ўзнікала пытанняў з пераможцай (толькі правальнае выступленне СВК «Пацейкі» магло ўнесці карэктывы ў размеркаванне месц), то сярод гарадскіх да апошняга ішла барацьба паміж двума калектывамі  – камунальнікамі і медыкамі. Хутчэй за ўсіх па карце мясцовасці знайшлі пікеты (кантрольныя пункты, дзе суддзі рабілі ў лістку каманды  адзнаку аб праходжанні. – С. Л.) пацейкаўскія турысты.  СВК «Мажа-Агра» стаў другім, а масласырзавод – трэцім.

Акрамя вышэйназваных па-за праграмай былі аб’яўлены яшчэ і творчыя конкурсы. Каманда гімназіі №1 узяла прыз за турыстычную газету, райвыканкама – за фотаздымак, масласырзавода – за турыстычны быт, а «Беларусбанка» - за лепшую песню. Ад аддзела па справах моладзі, райкама ГА «БРСМ» ім уручылі памятныя прызы.

Надышоў час падвесці вынікі двухдзённага турыстычнага форуму. Перамогу сярод сельскіх турыстаў святкаваў СВК «Пацейкі». Другая прыступка – у «Мажы-Агра», а трэцяя – у філіяла «Грозава». І хаця турысты з ЦРБ паказалі чацвёрты вынік у апошнім відзе, а камунальнікі – сёмы, усё ж такі чатыры ачкі ў актыве медыкаў аказаліся лішнімі. ЖКГ каторы год стала мацнейшай сярод гарадскіх каманд. Другое месца, адпаведна, – у ЦРБ, а трэцяя сума ачкоў - у «Беларусбанка».

Усім прызёрам кожнага віду насычанай праграмы ад аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама былі ўручаны граматы, а пераможцам дасталіся грашовыя прэміі і прызы.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

На здымках: моманты турзлёту

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей