Так сказаў пра нашу Капыльшчыну Сцяпан Александровіч. І гэта сапраўды так. Зямля, багатая на людскую дабрыню, шчырасць і на шчодрую беларускую гасціннасць. Зямля, дзе заўсёды можна пачуць родную беларускую гаворку і сагрэць душу па-народнаму дасціпнымі жартамі і песнямі.
Мы хочам у гэтай невялікай замалёўцы расказаць пра куточак Капыльшчыны — аг. Старыца і пра цікавы калектыў мастацкай самадзейнасці Старыцкага СДК. Але напачатку крыху гісторыі.
У Старыцы перад рэвалюцыяй узнікае культурна-асветніцкі гурток “Зарніца”, які спачатку называўся “Старыцкая моладзь”. Моладзь Старыцы і Слабада-Кучынкі арганізоўвала тэатральныя ігрышчы і дэкламавала вершы.
Пры слуцкай гімназіі ў 1917-1920 гг. існавала культурна-асветная арганізацыя “Папараць-кветка” са сваімі шматлікімі філіяламі. Адзін з іх пад назвай “Зарніца” быў у Старыцы, ім кіраваў А. Калпак, шчыры прыхільнік беларускай культуры.
У Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці захоўваецца даведка “Характарыстыкі драматычных калектываў-удзельнікаў Усесаюзнага агляду тэатральнай самадзейнасці, атрымаўшых дыпломы”. Сярод іх называецца і калектыў Старыцкага сельскага Дома культуры, арганізаванага ў 1937 годзе аграномам Пшанічным. “Да агляду пастаўлена п’еса “Змена Князёва…” Сярод навакольнага насельніцтва калектыў карыстаецца аўтарытэтам і любоўю”.
Сучаснасць пераклікаецца з гісторыяй. І мы гэтаму сведкі. Часта прыязджаем да бацькоў у аг. Старыца і стараемся трапіць на канцэрт мастацкай самадзейнасці. А канцэрты бываюць да кожнага свята, і гэта вельмі радасная падзея для жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак. Кожны канцэрт своеасаблівы і непаўторны: упрыгожваецца зала, рыхтуецца выстава вырабаў мясцовых майстроў і майстрых, і гэта ўсё стварае атмасферу свята, цеплыні, цуда, якое так патрэбна людзям вёскі. Калі ў горадзе за ўсё гэта патрэбна плаціць грошы, ды і немалыя (а не ва ўсіх яны ёсць), то тут – бясплатна. Канцэрты тэатралізаваныя: тут табе і дасціпныя жарты, прыпеўкі, байкі, інсцэніроўкі, песні, танцы, вершы.
Хочацца назваць прозвішчы самадзейных артыстаў і шчыра падзякаваць ім за тую радасць, якую яны нам дастаўляюць. Гэта Таццяна Пашкевіч, Марына Гаргун, Алена Якубовіч, Людміла Гаўрык, Ніна Барысевіч, Вера Чабатарова, Сняжана Цішчанка, Віктар Каспяровіч, Ірына Бабура, Ірына Новік, Мікалай Каральчук, Галіна Гайшун. Таксама падзякаваць Л. І. Жылко, якая працавала мастацкім кіраўніком, і былому дырэктару Я. А. Якубовіч. Яны змаглі сабраць, зацікавіць, аб’яднаць дарослых і дзяцей у такія цудоўныя самабытныя калектывы.
Т. МІНЧОНАК,
жыхарка г. Мінска,
А. КУРЫЛЬЧЫК,
жыхарка г. Баранавічы
Комментарии