Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

21

На планёрцы вызначаліся з праблемнымі месцамі

12.06.2012
  Практычна кожны тыдзень на самых адказных аб’ектах, дзе ідзе будаўніцтва альбо рэканструкцыя малочнатаварных ферм, праводзіцца планёрка з удзелам старшыні райвыканкама А. Жданені, яго першага намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу І. Кісляк, намесніка старшыні па будаўніцтве і ЖКГ Л. Бурака, прадстаўнікоў УКБ, генпадрадчыка і субпадрадчыкаў, якія непасрэдна вядуць будаўніча-мантажныя работы, кіраўніка сельгаспрадпрыемства. У мінулы аўторак такая планёрка прайшла ў ААТ “Піянер-Агра”, дзе ў аг. Ванелевічы будуецца новая малочнатаварная ферма (на здымках). На будаўнічым аб’екце ўжо праведзены работы нулявога цыкла, якія выконвалі прадпрыемствы-субпадрадчыкі ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс” і ПМК-11. Удзельнікі планёркі сталі сведкамі вельмі важнага моманту — была замацавана першая жалезабетонная стойка для будучага кароўніка на 200 галоў (такіх будзе яшчэ два, да таго ж — малочны блок з даільнай залай вытворчасці “Унібокс”). Дарэчы, выпускае жалезабетонныя вырабы СТАА “БетонБокс”, размешчанае на тэрыторыі нашага раёна, а генеральным падрадчыкам будаўніцтва з’яўляецца прыватнае прадпрыемства “ТэхБокс”. На вытворчай нарадзе былі абмеркаваны праблемы, якія ўзнікаюць падчас будаўніцтва. Сярод іх, паводле слоў дырэктара ААТ “Піянер-Агра” Аляксандра Макарчука, адсутнасць усёй неабходнай праектна-каштарыснай дакументацыі, дагавораў паміж падрадчыкамі на вядзенне работ. Прадстаўнік генпадрадчыка апеляваў тым, што ўсе дагаворы ён прывёз з сабой і дастаткова некалькіх дзён для таго, каб яны былі разгледжаны і падпісаны. Столькі ж прыкладна часу, па яго меркаванні, зойме і заканчэнне працы над астатняй дакументацыяй. Раённае кіраўніцтва, а таксама дырэктара сельгаспрадпрыемства вельмі непакоіць тая акалічнасць, што яшчэ не распачаты работы па падвядзенні сістэм энерга- і водазабеспячэння. Менавіта гэтым неабходна было займацца ў першую чаргу, а інакш як весці будаўніцтва. І наогул генеральны падрадчык, як галоўны каардынатар усіх дзеянняў, яшчэ не прадставіў графік вядзення работ. “Мы дакладна не ведаем, куды нам можна накіраваць, напрыклад, свабодную тэхніку, — узрушана гаварыў Аляксандр Макарчук. — Пакуль гаспадарка мае такую магчымасць. З пачаткам уборачных работ, калі кожны аўтамабіль будзе задзейнічаны на адвозцы ўраджаю, нам дапамагаць на будаў-ніцтве будзе больш складана.” Непакоіць і тая акалічнасць, што яшчэ толькі ў планах абустройства сянажных траншэй — пачалася корманарыхтоўка, і неабходна назапашваць кармы для таго статка, які будзе ўтрымлівацца на новай ферме. А пакуль не вельмі зразумела, як хутка “БетонБокс” здолее паставіць на будаўнічую пляцоўку канструкцыі для гэтых траншэй. Магчыма, ёсць рацыя звярнуцца да іншых пастаўшчыкоў?.. Вось такія пытанні былі ўзняты падчас планёркі. Пасля яе заканчэння старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня даў свае каментарыі: — Сёння мы дакладна вызначыліся з самымі праблемнымі месцамі на гэтым аб’екце: перш за ўсё, падрыхтоўка дакументацыі, заключэнне дагавораў і складанне графіка першачарговых работ. Думаю, на працягу тыдня яны будуць вырашаны станоўча. Галоўнае, што ёсць пачатак. Паводле нашых планаў, увесь аб’ект павінен быць уведзены ў строй ужо ў верасні. Там пераважна размесцяцца першацёлкі — гэта дасць магчымасць як для павелічэння дойнага статка, так і для павышэння вытворчасці прадукцыі. Па вялікім рахунку, менавіта для гэтай мэты і вядзецца будаўніцтва. Тым больш, што гаспадаркай быў узяты банкаўскі крэдыт на 40 млрд рублёў (яго патанненне ажыццяўляецца за кошт дзяржавы), пагашаць які трэба будзе праз год пасля ўводу фермы ў эксплуатацыю. — А якія аб’екты яшчэ знаходзяцца ў полі зроку раённага кіраўніцтва? — Па вялікім рахунку, цяпер будаўніча-мантажныя работы ідуць у кожнай гаспадарцы, дзе згодна з даручэннем Прэзідэнта краіны ідзе рэканструкцыя малочнатаварных ферм. Другая справа, што ў тым жа ААТ “Піянер-Агра”, “Ціміразеўскі”, СГФ “Крыніца”, ДП “С“Лясное” яны больш маштабныя і патрабуць пільнай увагі. Мы стараемся кожны тыдзень наведацца туды, а калі будзе такая неабходнасць, будзем збірацца і часцей.  Безумоўна, задачы перад намі стаяць вельмі вялікія, аднак мы будзем мабілізоў-вацца і выконваць іх у пастаўленыя тэрміны. Інакш нельга. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей