Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

89

Партызанская легенда

07.07.2010
У час урачыстасцей навасёлкаўцы ідуць на плошчу да мемарыяльных могілак і ўскладаюць кветкі да помнікаў партызан і іх слаўных камандзіраў Івана Кліменцьевіча Жыжыка і Івана Прохаравіча Грыба. Не ўсе ведаюць, што Жыжык быў першым арганізатарам партызанскага руху на Капыльшчыне і першым сакратаром Капыльскага падпольнага РК КПБ. Сёлета ў жніўні яму споўнілася б 100 гадоў. Іван Жыжык нарадзіўся ў вёсцы Крывасёлкі (зараз Навасёлкі) у сям’і сялян. Працавітая жылка перадалася Івану ад бацькоў. Ён умела араў бацькоўскую зямельку і спраўна касіў сенажаць, а калі маці з бацькам уступілі ў калгас, паказваў прыклад у працы на калгасных гонях. Ён паспяхова закончыў 7 класаў і разам з многімі равеснікамі ўступіў у рады камсамольцаў. Гэта і прадвызначыла яго будучую жыццёвую пазіцыю. У Чырвонай Арміі Іван заканчвае школу камандзіраў, але паколькі быў запатрабаваны ў раёне, дэмабілізуецца і працуе інструктарам Капыльскага РК КПБ. На такой жа пасадзе будзе працаваць і селькор райгазеты Аляксандр Антонавіч Кандыбовіч. Маладых партыйцаў за год да вайны пашлюць на курсы палітсаставу Чырвонай Арміі. А калі пачалася вайна, Іван Кліменцьевіч ужо меў багаты партыйны і камандзірскі вопыт. Нават некалькі месяцаў працаваў намеснікам старшыні Капыльскага райвыканкама. Успаміны Аляксандра Кандыбовіча, з якім не раз даводзілася сустракацца, яго аднавяскоўца-партызана, а затым падпалкоўніка Васіля Акулы, пісьменніка-земляка былога партызана Рыгора Родчанкі, раскрываюць велічнасць постаці слаўнага патрыёта Жыжыка. У жніўні 1941 года ў раёне поўнасцю гаспадарылі немцы. Яны жорстка ўкаранялі новы парадак. А ў гэты час патрыёты стваралі групы супраціўлення. Невялікая партызанская група была створана ў Прусах на чале з Ізюмскім. У Савічах барацьбу супраць акупантаў узначаліў былы старшыня мясцовага калгаса Заяц, у Старыцы — Кіян. Яны здзейснілі некалькі налётаў на паліцаяў і немцаў. Жыжык разам з сябрамі-камуністамі Паўлам Лагвіненкам, Уладзімірам Шпакоўскім, Пятром Ліннікам, Уладзімірам Лазоўскім, Іванам Марозам і Паўлам Масілевічам выпрацавалі план па наладжванні сувязі паміж невялічкімі падраздзяленнямі партызан. Іван Кліменцьевіч накіраваў гэты актыў у вёскі раёна для арганізацыі падпольнай работы. Яны разам сталі рыхтаваць вяскоўцаў у партызаны, наладжваць збор зброі на месцах, дзе прайшлі баі. Вялася агітацыя сярод насельніцтва Капыльшчыны, і людзі ўзнімаліся на барацьбу супраць акупантаў. Ужо ў сакавіку 1942 г. быў створаны партызанскі атрад, які ўзначаліў Васіль Яроменка (з ліку былых ваенных). Атраду прысвоілі імя Катоўскага, а затым быў створаны атрад імя Шчорса (яго камандзір Пётр Ігнашчанка), разросся старыцкі атрад і набыў імя Чапаева, яго камандзірам стаў Іван Тараховіч (Дунаеў). Атрад Міхаіла Ізюмскага стаў насіць імя Будзённага. Партызаны наганялі страх на ворага, а неўзабаве 9 мая 1942 года народныя мсціўцы каля ўрочышча Гнілуха ўшчэнт разграмілі карнікаў, якія ехалі паліць і рабаваць Вялікую Раёўку. Менавіта пасля гэтага бою ўсе чатыры атрады аб’ядналіся ў брыгаду імя Варашылава. Камандзірам стаў маёр Піліп Капуста, а камісарам брыгады быў выбраны Іван Жыжык. У жніўні 1942 года стаў дзейнічаць Слуцкі міжрайкам партыі на чале  з нашым земляком Іванам Дзянісавічам Варвашэнем. Міжрайкам кіраваў партызанскім рухам у Слуцкім, Капыльскім, Грэскім і Уздзенскім раёнах. Адразу была накіравана работа на ўзмацненне барацьбы супраць ворага. Жыжык стаў самым актыўным членам міжрайкама, а затым першым сакратаром Капыльскага падпольнага РК КПБ. Не сакрэт, спачатку пэўнай вайсковай дысцыпліны ў атрадах не было, здаралася, што пасля бою ў лясных лагерах блыталіся п’яныя, па- смакаваўшы трафейнага спірту. Іван Жыжык вырашыў найхутчэй наладзіць вайсковы парадак. Сваёй цвёрдай воляй ён узняў на высокую ступень баяздольнасць і дысцыпліну ў брыгадзе. Гэты смелы чалавек умеў ладзіць з людзьмі і карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Аб велічы гэтай партызанскай легенды напісалі ў сваіх кнігах В. І. Казлоў “Людзі асобага складу” і А. Ю. Дзенісевіч “З арлінага племя”. “Перамога над карнікамі ў вёсцы Раёўка магутным рэхам адклікнулася па ўсёй Капыльшчыне, і ў тым баі наперадзе ішоў камісар Жыжык”, – так узвышана піша пра нашага земляка Васіль Казлоў. У сярэдзіне жніўня 1943 года Жыжык быў выкліканы ў абласны падпольны абкам партыі, які мясціўся на Любаншчыне. Яго там гасцінна сустрэў сакратар абкама Казлоў, распытаў пра баявыя справы і ўручыў Івану Кліменцьевічу ордэн Чырвонага Сцяга, які заззяў на гімнасцёрцы побач з ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені. На родную Капыльшчыну Жыжык вёз для партызан ордэны і медалі. Дадому ехаў узрушаны, бо ад Васіля Іванавіча даведаўся, што Чырвоная Армія вызваляе Беларусь. І раптам конік стаў, пачуліся выстралы. Жыжык з ардынарцам Мікалаем Мядзведзевым стаў адстрэльвацца. Іван Кліменцьевіч загадаў хлопцу адпаўзці ў кусты, але той прапанаваў: “Лепш я прыкрыю Вас агнём”. Аднак загад камісара не аспрэчваецца. Жыжык з аўтамата прашыў некалькі ворагаў, але і варожая куля дастала камісара. Навасёлкавец Аляксандр Рыгоравіч Грыб, які сёння жыве ў Капылі, расказаў, што добра ведаў сям’ю Жыжыкаў. Марыя Мікалаеўна з сямігадовым сынам Уладзімірам і дачкой партызанскага камандзіра Алай былі адпраўлены на самалёце ў Маскву. А пасля вайны некаторы час жонка і сын Жыжыка жылі ў Навасёлках, а затым пераехалі ў Слуцк. Уладзімір Іванавіч Жыжык стаў урачом, шмат гадоў загадваў неўралагічным аддзяленнем Слуцкай раённай бальніцы. Ён свята захоўваў бацькавы пісьмы і фотаздымкі. Адзін з фотаздымкаў на стэндзе пачынальнікаў партызансага руху экспануецца ў Слуцкім краязнаўчым музеі. Іван ІГНАТЧЫК

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей