У гады Вялікай Айчыннай вайны Паліна Венядзіктаўна Лемянкевіч была партызанскай сувязной на акупіраванай немцамі Магілёўшчыне. Жанчына – прадстаўнік таго пакалення, якое мужна вынесла на сваіх плячах ваеннае ліхалецце. Па вайне ішла яна 20-гадовай дзяўчынай. Сёння ў свае 90 мае фенаменальную памяць і даволі падрабязна расказвае аб гадах сваёй падпольнай работы.
Вестка аб тым, што пачалася вайна, застала Паліну ранкам, калі яна збіралася на працу ў Глускі райвыканкам. Адразу пачалася эвакуацыя, з’явіліся першыя бежанцы. Дзяўчына вырашыла дабірацца дадому – у вёску Лука Асіповіцкага раёна. Недалёка ад паселішча немцы размясцілі свой гарнізон, і для насельніцтва пацягнуліся доўгія дні акупацыі. Неўзабаве ў іх дом наведаліся салдаты з ліку тых, хто выйшаў з акружэння, каб стварыць атрады мсціўцаў. Поля прыгатавала запіску (пры выпадку перадаць ваенным), у якой напісала, што гатова аказаць любую дапамогу. Выпадак такі здарыўся, і яна стала сувязной. Яе родная сястра з сям’ёй жыла недалёка ад другога гарнізона, і Поля часцяком заходзіла да яе, каб пачарпнуць якія-небудзь звесткі. Ад родных утойвала, куды і чаго ідзе. Доўгі час была байцом нябачнага фронту. Але вёска ёсць вёска, і ў хуткім часе яе паходы сталі небяспечнымі. Камандзір атрада аб гэтым папярэдзіў дзяўчыну і прапанаваў выбіраць: ісці разам з атрадам у глускія лясы для злучэння з партызанамі ці застацца тут, рызыкаваць жыццямі – сваім і родных. Дзяўчына, не задумваючыся, пайшла з атрадам. Пераход быў доўгім і цяжкім. Там яна атрымала баявое хрышчэнне: не раз траплялі пад абстрэл ворага, але ўсё ж дайшлі да партызанскага лагера, які размяшчаўся ў густым лесе, дзе былі байцы, медыкі, абслуговы персанал. Работу выконвала Паліна любую і на заданні хадзіла спраўна. Смелая была дзяўчына, не задумвалася, што смерць – побач.
— Хтосьці мяне ахоўваў, — успамінае былая сувязная. – У атрадзе мы перажылі не адну блакаду. Аднойчы я павінна была дапамагаць двум параненым хлопцам, покуль падыдуць санітары. А тут у небе з’явіўся нямецкі самалёт (“рама”) і пачаў абстрэльваць кусты, дзе мы схаваліся. З-пад другога куста паклікалі, маўляў, паўзіце сюды, тут зацішней. Я паспела перапаўзці, а двое байцоў – не, кулі прайшлі якраз па тым месцы, дзе я ляжала.
У памяці маёй гераіні той час напрадвесні, калі залітыя вадой лугавіны раптам скаваў мароз, і яна ў ледзяной вадзе адмарозіла ногі. Доўга потым пакутавала ад хваробы, медыкі прапанавалі нават ампутацыю, але яна не згадзілася, сказала: “Паміраць буду з нагамі”.
Былі і іншыя выпадкі, калі Паліна праяўляла адвагу і рашучасць, за што ад камандавання мела падзякі і ўзнагароды. Самая дарагая для яе – ордэн Айчыннай вайны.
Як бы не лютавалі немцы, супраціўленне іх было зломлена. У 1943 г. даведалася Паліна, што яе вёску немцы спалілі дашчэнту. Хвалявалася, што стала з роднымі – матуляй, сястрой, братам. У складзе невялікай групы партызан-разведчыкаў па заданні пайшла за 100 кіламетраў у родныя мясціны. Аказалася, усе вяскоўцы ўцалелі і жылі ў зямлянках. Аднойчы пад раніцу, калі яшчэ ўсе спалі, Поля ўбачыла ў невялікае акенца нямецкія боты: гэта часавы стаяў каля іх зямлянкі, а пры ёй была зброя. Каб не нашкодзіць іншым, дзяўчына схавалася пад пол, а потым, вылучыўшы момант, дабралася да лесу і там перачакала, покуль карнікі пакінулі вёску.
Вызваленне Беларусі было жаданым і радасным. У мірным жыцці хацелася працаваць. А дзе? У райвыканкам больш не вярнуцца з цалкам забінтаванымі нагамі. Паліна вырашыла вучыцца на настаўніцу. Спачатку скончыла курсы, пасля якіх выкладала ў пачатковых класах сельскіх школ, а пазней – Слуцкае педвучылішча. Працавала ў дзіцячым доме, загадчыцай дзіцячага ясляў-сада ў Старых Дарогах і шмат гадоў – настаўніцай. У размове з ветэранам адчуваецца яе выхаванасць, інтэлігентнасць, нейкі асаблівы жаночы шарм, хаця давялося Паліне Венядзіктаўне нямала трывог і гора перажыць у жыцці. Рана засталася ўдавой з двумя дзецьмі на руках – Алай 4,5 гадоў і паўтарагадовым Сяргеем. Каханы муж трагічна загінуў, і яна больш свой лёс ні з кім не звязала. Старалася падняць дзяцей і вельмі хацела бачыць іх адукаванымі людзьмі. Працавала некаторы час у калгасе брыгадзірам, трымала карову і іншую хатнюю гаспадарку. Усё дзеля дзяцей. Не памылілася: сын і дачка закончылі інстытут народнай гаспадаркі, сталі добрымі спецыялістамі. Ала Рыгораўна даўно забрала матулю да сябе, у Капыль. І хаця сама вельмі загружана працай як спецыяліст аддзялення аграпрамбанка, заўсёды знаходзіць час, каб быць побач з родным і горача любімым чалавекам.
— Ала ў мяне і нянька, і доктар, – гаварыла Паліна Венядзіктаўна. – Усе мае балячкі пагаіла і ногі зберагла, праўда хадзіць мне ўсё ж цяжка, гады ідуць, нічога не зробіш.
Напэўна, невыпадкова Бог дараваў удаве даўгалецце і абаяльнасць нават у такім шаноўным узросце. Асэнсоўваючы яе лёс, можна толькі пакланіцца пражытым тым гадам.
Любоў ПЯТРОВА
Фота аўтара
Комментарии