У Дзень сям’і ў доме сацыяльных паслуг в. Чырвоны Партызан ізноў было шматлюдна. Стварыць сапраўдны святочны настрой старэйшаму пакаленню вырашылі навучэнцы і работнікі Мажскай пачатковай школы-дзіцячага сада.
Адзін за адным у зале з’яўляліся юныя артысты, іх выкладчыкі. Яны выконвалі песні, сцэнкі, чыталі вершы, паказвалі харэаграфічныя кампазіцыі. Усе нумары прысвячаліся матулям, татам, дзядулям, бабулям, увогуле – сям’і. Былі падчас канцэрта творы ў гонар Беларусі, узгадалі і пра жахлівыя ваенныя часы. Безумоўна, прысутныя часам не маглі стрымаць слёзы. А ў знак удзячнасці юным талентам – гучалі бурныя апладысменты, атрымоўвалі і букеты з веснавых кветак.
Гучалі словы ўдзячнасці і ад шаноўных гасцей – старшыні Капыльскага сельвыканкама Вольгі Купрыенкі, старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ніны Жук і дырэктара ААТ “Мажа-Агра” Мікалая Гурыновіча (дарэчы, ад сельгаспрадпрыемства былі ўручаны і каштоўныя падарункі для заняткаў спортам).
Гэта быў першы выязны канцэрт мажскіх школьнікаў. І дэбют стаў паспяховым. На гэтым спыняцца яны не збіраюцца. У планах – наведванне іншых населеных пунктаў Капыльскага сельсавета і, магчыма, нават раёна. Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Мая Ясючэня, па-першае, гэтай праграмай хацелася ўзняць настрой, падарыць прыемныя хвіліны мясцовым жыхарам, а па-другое, паказаць бацькам, што дадатковыя заняткі ў школе не праходзяць дарэмна.
Застаецца дадаць, што рыхтавалі і вялі канцэртную праграму педагогі Ірына Капарыха і Юлія Рэбянок.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии