Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

34

Больш так працаваць нельга

02.06.2012
Такая выснова зроблена пасля нарады з удзелам прадстаўнікоў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама, куды былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і ветурачы сельгас-прадпрыемстваў раёна, работнікі ўпраўлення райсельгасхарчу і раённай зоаветслужбы. Прыняў у ёй удзел і старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня. Што ж стала прычынай такой пільнай увагі з боку прадстаўнікоў абласных структур? Як патлумачыла начальнік аддзела жывёлагадоўлі камітэта аблсельгасхарчу Таццяна Аляхновіч, вынікі работы за пяць месяцаў бягучага года, якія паказваюць жывёлаводы нашага раёна, не могуць задавальняць. Ёсць праблемы з вытворчасцю малака, сярэднясутачнымі прывагамі на вырошчванні, аднаўленнем статкаў і ўвогуле прэтэнзіі да работы жывёлагадоўчай галіны. Папярэднічаў нарадзе аб’езд прадстаўнікоў камітэта гаспадарак, якія выклікаюць самую вя-лікую заклапочанасць. Быў дакладна вывучаны стан спраў у жывёлагадоўчай галіне, выяўлены прычыны, якія не дазваляюць мець высокія рэзультаты па тых ці іншых параметрах, і на нара-дзе паспрабавалі разам знайсці выхад са становішча. Як аказалася, Капыльскі раён па вытворчасці малака выконвае заданне толькі на 96%. І ў гэтым, безумоўна, доля віны практычна кожнай гаспадаркі, бо толькі 2-3 з іх справіліся з гэтай справай. Практычна самы нізкі надой ад каровы ў ААТ “Малінава” — крыху больш за 10 кг. Праўда, у параўнанні з мінулым годам ёсць зрухі да лепшага — прыбаўка ў 1,5 кг. Аднак рэзультаты былі б больш важкімі, калі б у гаспадарцы сачылі за тым, як выпасваецца жывёла на пашы, правільна размяркоўвалі камбікорм паміж каровамі, папаўнялі іх рацыён мінеральнымі дабаўкамі, практыкавалі кругласутачную пасьбу. Ды і самі пашы, па вялікім рахунку, не вельмі ўра-джайныя — 25-30 ц/га, адзначылі спецыялісты аблсельгасхарчу, а таму неабходна агранамічнай службе паклапаціцца аб закладцы новых, высокапрадукцыйных. Былі выказаны заўвагі і па ўтрыманні маладняку. Пад пільную ўвагу прадстаўнікоў вобласці трапіла і ААТ “Ціміразеўскі”, для якога самая балючая праблема — гэта выбыццё жывёлы, а ў прыватнасці — цялушак. І нават нягледзячы на тое, што ў гаспадарцы надой ад адной каровы набліжаецца да 16 кг, Таццяна Аляхновіч зрабіла вывад, што тут пытанням аднаўлення статка надаюць далёка не тую ўвагу, якая патрабуецца. Вялікіх заўваг па тэхналогіі ўтрымання жывёлы ў СГФ “Руднае” спецыялісты падчас аб’езду не выказалі, аднак было адзначана, што ёсць недапрацоўкі па забеспячэнні жывёлы мікраэлементамі. Дояць тут больш за 14 кг ад кожнай каровы і практычна няма прыбаўкі. Таму было рэкамендавана тэрмінова ўвесці ў рацыён жывёлы правяленую люцэрну, па 200 г канцэнтратаў і 0,5 кг шроту, навесці парадак з адбіўкай загонак. Акрамя таго, неабходна тэрмінова правесці сарціроўку цялушак і абязрожыць тую жывёлу, з якой такая працэдура яшчэ не праведзена. Ёсць праблемы з аднаўленнем нумароў, якімі мецяць цялят. Апошнія заўвагі, па словах спецыялістаў аблсельгасхарчу, тычацца ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. І яшчэ адзін рэзерв, які не выкарыстоўваецца ў СГФ “Руднае” (і не толькі ў гэтай гаспадарцы) — вытворчасць малака экстра-класа. Былі выказаны заўвагі і наконт добраўпарадкавання прыфермскай тэрыторыі. Першая праблема, на якую звярнулі ўвагу ў філіяле “В. Раёўка” — утрыманне сухастойных кароў у памяшканні, да таго ж кормяць іх кукурузным сіласам. Ад такіх кароў, упэўнены спецыялісты, здаровае цяля не атрымаеш. Сапраўднае абурэнне выклікала наведванне ветэрынарнай аптэкі і пункта штучнага асемянення жывёлы — там няма элементарнага санітарнага парадку. Узніклі пытанні і па асемяненні кароў і цялушак. У сувязі з гэтым Таццяна Аляхновіч запатрабавала кожную сераду арганізоўваць у гаспадарках нарады са спецыялістамі, дзе весці грунтоўную размову па праблемах аднаўлення статка. Нямала крытычных заўваг прагучала і ў адрас ААТ “Капыльскае”. Гаспадарка сёння доіць толькі 12,7 кг ад каровы, мінусуе як па надоях, так і па вале. Тут дойны статак знаходзіцца на круглагадовым стойлавым утрыманні і толькі з 25 мая пачаў атрымліваць правяленую люцэрну. Адчуваецца недахоп мінеральных падкормак, да таго ж, жывёла, паводле інфармацыі спецыялістаў аблсельгасхарчу, не раздзелена па перыядах, не вядзецца як след улік і неабходная дакументацыя. Улічваючы, што ў гаспадарцы больш за 1400 галоў дойнага статка, пастаўлена задача да 1 ліпеня ўвесці ў штат заатэхніка-селекцыянера. Ёсць пытанні і да работы галоўнага ветурача. Увогуле, як адзначыла начальнік аддзела жывёлагадоўлі аблсельгасхарчу, практычна па ўсіх параметрах, якія браліся пад увагу падчас праверкі, былі заўвагі. Прыкрае ўражанне засталося і пасля наведвання СГФ “Браткава”, дзе на дзень праверкі пасвіўся толькі адзін статак, астатнія знаходзіліся на фермах. Патлумачылі гэту сітуацыю адсутнасцю ў гаспадарцы пастухоў. Жывёла атрымлівала толькі па 1 кг канцэнтратаў на галаву, а з 15 па 20 мая камбікорм адсутнічаў увогуле, няма і мінеральных дабавак. Адпаведна надой — 12 кг ад каровы. Ёсць праблемы з улікам малака і самой жывёлы, аднаўленнем статка, няма належнага парадку на пашах. У гаспадарцы вялікае выбыццё цялушак — 14%. Ніякіх тлумачэнняў наконт прычын, якія прывялі да такой сітуацыі, ад кіраўніка і спецыялістаў гаспадаркі не прагучала. Падводзячы вынікі нарады, Таццяна Аляхновіч паставіла асноўныя задачы, ад рэалізацыі якіх у многім залежыць стан жывёлагадоўчай галіны не толькі раёна, але і вобласці ў цэлым. Асноўнае, на што трэба рабіць арыентацыю — гэта выкананне даведзеных заданняў: па вытворчасці малака, па росце пагалоўя. На жорсткі кантроль паставіць стан пашаў, набыццё канцэнтратаў і мінеральных дабавак. Выканаць заданне па асемяненні жывёлы і атрыманні прыплоду, асаблівая ўвага павінна надавацца навацельным каровам. Да таго ж кіраўніцтвам вобласці пастаўлена задача, каб на 1 чэрвеня не было ні адной гаспадаркі з сярэднясутачнымі прывагамі на адкорме буйной рагатай жывёлы меней за 600 г. Патрэбна тэрмінова абследаваць усе сянажныя траншэі і пільна сачыць за выкананнем агратэхнічных мерапрыемстваў на нарыхтоўцы кармоў: тут галоўнае не столькі колькасць, колькі якасць. Хочацца спадзявацца, што для большасці кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак гэта размова стане добрым штуршком для далейшай плённай працы, паколькі выказаныя спецыялістамі аблсельгасхарчу заўвагі, безумоўна, у той ці іншай меры, ёсць у кожнай гаспадарцы, адзначыла начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк. Сёння практычна кожная гаспадарка можа даіць па 15-17 літраў ад каровы, упэўнены старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. Для гэтага трэба толькі кожнаму на сваім працоўным месцы як след выконваць службовыя абавязкі, быць сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі. Маргарыта САКОВІЧ  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей