Падзеі суровых гадоў
Вялікай Айчыннай вайны ўсё далей адыходзяць ад нас у гісторыю. І ўжо вырасла пакаленне людзей, якое ведае вайну толькі па кінафільмах, кнігах ды ўспамінах
ветэранаў, якіх, на жаль, становіцца ўсё менш і менш. Вось і ў
вёсцы Вялікая Раёўка іх засталося толькі трое:
Лідзія Паўлаўна Жданко, Леанід Мікалаевіч Нікуліч, Іосіф Якаўлевіч Насевіч.
Рыхтуючыся да сустрэчы
з Лідзіяй Паўлаўнай Жданко, я яшчэ раз перагартала ўспаміны
У. М. Якаўлева, аднаго з арганізатараў партызанскага атрада імя Шчорса, а ў далейшым начальніка штаба гэтага атрада, перачытала кнігу
В. А. Акулы “Юго-западнее Минска”, звярталася да хронікі
“Памяць. Капыльскі раён”, гутарыла з жыхарамі вёскі, якія памятаюць падзеі тых вогненных гадоў. Усе гэтыя крыніцы сведчаць пра размах агульнанароднай барацьбы
з нямецкімі фашыстамі на Капыльшчыне. У ваколіцах
вёскі Вялікая Раёўка дзейнічалі
партызанскія атрады імя Шчорса, імя Катоўскага, якія разам з атрадамі імя Будзёнага і імя Чапаева ўваходзілі
ў партызанскую брагаду імя Варашылава. А атрад імя Шчорса ў большасці складаўся з жыхароў
Вялікай Раёўкі, навакольных вёсак і воінаў-акружэнцаў, якім, рызыкуючы ўласным жыццём, вяскоўцы далі на некаторы час прытулак.
З Лідзіяй Паўлаўнай, былой
партызанкай атрада імя Шчорса, мы гутарым у яе ўтульнай цёплай хаце. Весела патрэскваюць дровы ў печцы, якую паліць яе сын Мікалай, а за акном сыпле і сыпле снег. Сёлетняя зіма па-сапраўднаму валадарыла ў прыродзе: то мароз трашчыць, то завіруха разгуляецца. Гаспадыня няспешна апавядае:
— Калі пачалася
вайна, мне было шаснаццаць гадоў. Мой брат Юзік у самым пачатку
вайны трапіў
у палон, але яму ўдалося ўцячы і дабрацца да дому. Ён адразу ж пайшоў
у партызанскі атрад Шчорса, быў разведчыкам. Праз некаторы час у атрад падаліся бацька, Жданко Павел Сцяпанавіч, і сёстры — Алена і Паўліна, а маці, Вольга Васільеўна, я і сёстры Зоня і Алімпа засталіся дома. Увогуле
ў партызаны пайшло шмат нашых вяскоўцаў, а многія падтрымлівалі з імі сувязь, дапамагалі чым маглі. За гэта немцы два разы палілі вёску, стралялі і вешалі яе жыхароў.
Асабліва страшным быў дзень 6 лютага 1943 года.
Немцы з’явіліся ў вёсцы напярэдадні, пасля крывавай расправы з жыхарамі вёскі Жавалкі. Хоць у той дзень у нас яны нікога не чапалі, у вёсцы было вельмі трывожна. Назаўтра раненька мама выправіла нас, дзяўчат, у Раёк, суседнюю вёсачку. За нашай вёскай стаялі вартавыя, але нас яны, праўда, не запынілі. Так мы і выратаваліся. А ў В. Раёўцы ў гэты час разгортваліся жахлівыя падзеі.
Фашысты рабавалі, катавалі людзей, а тых, хто меў сувязь
з партызанамі, зганялі ў хату Лабацэвіча Антона. У нас быў свой конь, і маму забралі ў абоз — везці нарабаванае
ў Капыль. Не паспелі ад’ехаць
ад Раёўкі, як маму вярнулі: высветлілася, што яна партызанская жонка і маці. Яе таксама кінулі ў Лабацэвічаву хату, а потым усіх расстралялі.
Там было васемнаццаць чалавек — старых, жанчын, дзяцей. Іх пахавалі ў брацкай магіле на вялікараёўскіх могілках. А мяне, Зоню і Алімпу прытуліла
Муравіцкая Ядзя. Неўзабаве з палескіх лясоў вярнулася
партызанская брыгада імя Варашылава, і мы даведаліся, што 5 лютага, за дзень да смерці мамы, трапіўшы ў засаду, загінуў наш брат Іосіф. Бацька забраў нас у атрад. На аперацыі мы не хадзілі. Алена была кухарам, а мы даглядалі параненых, выконвалі розную гаспадарчую работу.
Пра сваё
партызанскае жыццё Лідзія Паўлаўна расказвае вельмі сціпла, але пра яго яскрава сведчаць яе ўзнагароды:
ордэн Айчыннай вайны другой ступені,
ордэн “Партызан Беларусі”,
медаль Жукава, шматлікія юбілейныя
медалі.
Пасля вайны мая суразмоўца спачатку працавала ў паляводчай брыгадзе, потым да выхаду на заслужаны адпачынак і пяць наступных гадоў — даяркай у калгасе
“Памяць Леніна”. У 1949 годзе выйшла замуж
за Віктара Іосіфавіча Насевіча, інваліда
Вялікай Айчыннай вайны. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей. Жыццё было вельмі цяжкае: муж вярнуўся з фронту без нагі, таму, пакуль падрастаў сын, частку мужчынскай работы даводзілася браць на сябе. Працаваць даяркай таксама нялёгка было. З удзячнасцю Лідзія Паўлаўна ўспамінае Сей Марыю, Зянько Вольгу і яе дачку Людмілу, што працавалі побач і не раз выручалі яе. Яны ніколі не пакідалі Лідзію Паўлаўну адну.
Лёс не песціў гэтую мужную жанчыну. У 1973 годзе памёр муж. Малодшая дачка Валя толькі тады пайшла ў першы клас. Ад цяжкай працы дома і ў калгасе балелі рукі і спіна, а душа прагла прыгожага. Лідзія Паўлаўна — сапраўдная народная майстрыха. Яна
і прала, і ткала, і выбівала, і вышывала. Спачатку па неабходнасці — не было чаго апрануць, а потым — для душы. Сваёй дзівоснай прыгажосцю ўражваюць выбітыя ёю вялікія, на ўсю сцяну, дываны. А меншымі, але таксама яркімі і прывабнымі, засланы ложкі. На канапах і крэслах ляжаць ажурныя накідкі, звязаныя шыдэлкам. Не раз вырабы Лідзіі Паўлаўны бралі
на розныя
выставы. Яшчэ не так даўно, у свае восемдзесят чатыры, яна звязала пальчаткі ўнуку Яраславу. Цяпер хацела яшчэ звязаць камізэльку дачцэ, але не слухаюцца ўжо рукі.
Час ідзе. Выраслі дзеці і ўнукі, падрастаюць два праўнукі. Дочкі Лідзіі Паўлаўны, Таня, Рая і Валя, жывуць у Мінску, а сын Мікалай дома, з маці. Цяперашнім сваім жыццём яна задаволена, бо адчувае клопат і ўвагу як
з боку дзяржавы, так і ад сваіх дзяцей. Аднавяскоўцы паважаюць Лідзію Паўлаўну за працавітасць, акуратнасць, сумленнасць і шчырасць. Скаргі толькі на здароўе. Чатыры перанесеныя
інфаркты — гэта не жартачкі.
І сёння хочацца пажадаць паважанаму ветэрану вайны і працы здароўя, цеплыні і разумення ад блізкіх.
Лідзія КАЗЮЧЫЦ, метадыст ДУА “Капыльскі раённы Цэнтр дзіцячага турызму і краязнаўства”
Комментарии