Апошнім часам у развіцці філіяла ААТ “Салігорскводбуд” ПМК-11 намеціліся пэўныя зрухі ў станоўчы бок. Галоўнае, што на прадпрыемстве не губляюць надзеі на лепшае. І ў гэтым цвёрда перакананы яго кіраўнік Мікалай Баран, які толькі на працягу трох месяцаў узначальвае арганізацыю
[caption id="attachment_18877" align="aligncenter" width="443" caption="Будаўніцтва МТФ ў аг. Ванелевічы"]

[/caption]
Адной з асноўных задач, якую паставіў перад сабой кіраўнік, — нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці. І планы ажыццяўляюцца. Так, калі ў студзені–лютым 2012 года было выканана работ на 197 млн рублёў, то ўжо за сакавік-красавік — на 905 млн, за май плануецца, як мінімум, на 500– 600 млн. Хоць не намнога, але павялічваецца заработная плата. У лютым сярэдняя была на ўзроўні 1329 тыс. рублёў, у красавіку ўжо дасягнула 1845 тыс. Як мяркуе Мікалай Васільевіч, будуць добрыя аб’ёмы — будуць і дастойныя заробкі.
Адзін з самых асноўных аб’ектаў — будаўніцтва новай малочнатаварнай фермы ў аг. Ванелевічы ААТ “Піянер-Агра”. Тут плануецца асвоіць 6 млрд рублёў. Гэта другі па ліку такі жывёлагадоўчы аб’ект у вобласці, дзе ўжо распачаліся работы. Зараз на ім працуюць бульдозер і экскаватар, здымаецца паверхневы грунт.

Не забываюцца ў ПМК-11, што яна — меліярацыйная арганізацыя. Плануецца, што сёлета будуць выдзелены рэспубліканскія сродкі на рэканструкцыю меліярацыйных сістэм на плошчы каля 300 га ў РСУП “Бабоўня” на рацэ Выня. У хуткім часе павінна закончыцца рэканструкцыя торфаўчастка “Васільчыцы”. Зараз тут працуюць брыгады па рамонце, аднаўленні і будаўніцтве дарог, па рамонце і абустройстве пераязных збудаванняў. У далейшым на гэтай пляцоўцы будзе весціся здабыча торфу райаграсэрвісам.
Як ужо адзначалася, у ПМК-11 шмат увагі надаецца будаўніцтву. Так, У ААТ “Піянер-Агра” ўведзены два новыя домікі ў маі і адзін у красавіку. На дадзены момант па заказе КУП “Капыльская ЖКГ” вядзецца рамонт даху на доме па вул. Партызанскай, 27 у Капылі. Важным аб’ектам, які патрабуе вялікіх аб’ёмаў работ, з’яўляецца прыбудова да будынка Капыльскага райаддзела ўнутраных спраў, дзе зараз прыступілі да закладкі фундамента.

Абнаўляецца ў арганізацыі і тэхнічны парк. Сёлета плануюць атрымаць па лізінгу экскаватар, аўтамабіль для перавозкі людзей, на наступны год — бульдозер, экскаватар, магутны трактар, дрэнажна-прамывачную машыну і іншую тэхніку.

Як адзначыў Мікалай Баран, зараз калектыў ПМК-11 налічвае каля 70 чалавек, але, каб трывала стаць на ногі, хацелася б павялічыць колькасць работнікаў да 100–120. Аднак сярод тых, хто зараз працуе, нямала адказных і вопытных спецыялістаў. У іх ліку неабходна назваць галоўнага інжынера Леаніда Фенюка, майстра Сяргея Рыжкова, старшага вытворцу работ Валерыя Ткачука, загадчыка майстэрняў Станіслава Бянькоўскага. Толькі добрыя водгукі з боку кіраўніцтва атрымліваюць механізатары Аляксандр Макаўчык, Аляксандр Позняк, Уладзімір Луцэвіч, кранаўшчык Васіль Сельвановіч, машыніст бульдозера Мікалай Сіневіч, муляр Аляксандр Давідовіч, зваршчык Анатоль Пыка, токар Святаслаў Міхайлоўскі, станочнік Аляксандр Козел, вадзіцелі Віктар Карповіч, Аляксей Лукша, Аляксандр Міхайлоўскі і многія іншыя. Менавіта яны напярэдадні прафесійнага свята падчас урачыстага сходу атрымаюць заслужаныя ўзнагароды.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
На здымках:
М. Баран
У. Юха, А. Вярбіла, А. Позняк, С. Рыжкоў
М. Сіневіч
Комментарии