На семежаўскай зямлі, вядомай цікавымі людзьмі і непаўторнымі абрадамі, незвычайнымі краявідамі і адметным ткацтвам, прайшло ІІІ абласное свята-конкурс “Млечны шлях ад рук бабулі”. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі дзевяці раёнаў Міншчыны.
[caption id="attachment_18860" align="aligncenter" width="443" caption="Гасцей вітае Анатоль Жданеня"]
[/caption]
Добраму настрою гасцей і ўдзельнікаў свята спрыяла цудоўнае веснавое надвор’е, магчымасць палюбавацца неверагоднай прыгажосці вырабамі народных майстроў, на свае вочы пабачыць, як з-пад іх рук выходзяць гэтыя сапраўдныя творы мастацтва.
Тон усяму мерапрыемству быў зададзены ўжо падчас яго адкрыцця, калі шаноўныя госці, звяртаючыся да канкурсантаў, выказвалі захапленне іх творчасцю, удзячнасць за тое, што яны шануюць і зберагаюць, а самае галоўнае — перадаюць сваё майстэрства падрастаючаму пакаленню. “Мы шчаслівыя, што традыцыі, закладзеныя нашымі продкамі, працягваюцца, — адзначыў старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня. — З гонарам называем сёння імёны ткачых, якія носяць высокае званне “народны майстар Беларусі”, Валянціны Кіені, Валянціны Гладкай, Ніны Гарашчэні. Вельмі прыемна, што тэхніка закладнога ткацтва менавіта семежаўскіх чырвона-белых ручнікоў у 2011 годзе была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.” Цвёрдую ўпэўненасць, што сапраўдную асалоду на гэтым свяце атрымаюць усе, выказала галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінаблвыканкама Галіна Ляйко. “Я спадзяюся, што гэты шлях ад рук бабулі будзе і будзе доўжыцца, — выказала надзею Галіна Анатольеўна, — паколькі сёння ў ліку ўдзельнікаў конкурсу ёсць і зусім юныя майстры.” Шчыра віталі канкурсантаў і ўсіх прысутных дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін, старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, госць са Злучаных Штатаў Амерыкі, эксперт па сельскім турызме, прэзідэнт і выканаўчы дырэктар Нацыянальнай асацыяцыі гаспадароў сядзіб PAII Джэй Кэрэн. Дарэчы, Джэй прыехаў на свята не з пустымі рукамі — ён падараваў семежаўскім ткачыхам прыгожыя кветачкі, вырабленыя з асакі рукамі жанчын з Паўднёвай Караліны.
[caption id="attachment_18862" align="aligncenter" width="443" caption="Узнагароду прымае Валянціна Гладкая"]
[/caption]
Амаль пяць гадзін доўжыўся конкурс. Кампетэнтнае журы, якое ўзначаліў прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, уважліва вывучала работы кожнага ўдзельніка. А іх было каля 70 чалавек. Сталыя жанчыны, у скарбонцы якіх не адна сотня вырабаў, мноства заслужаных узнагарод і ўдзячных вучняў, зусім юныя ткачы, якія толькі пачынаюць свой шлях у творчасці, — усіх іх яднала жаданне парадаваць гледачоў, калег, членаў журы сваім майстэрствам, пераняць нешта новае ад іншых майстроў. Трэба сказаць, што акрамя традыцыйнага ручніка і сурвэткі, на конкурсе выраблялі паясы — ткалі іх на станку, на бердзечку, на ніту, на дошчачках, плялі рукамі. Да таго ж кожны раён — Капыльскі, Любанскі, Старадарожскі, Уздзенскі, Нясвіжскі, Валожынскі, Слуцкі, Вілейскі, Крупскі — падрыхтаваў калекцыю тканак сваіх майстроў, арганізаваў так званую бяспройгрышную латарэю, дзе за сімвалічную плату можна было набыць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
[caption id="attachment_18863" align="aligncenter" width="443" caption="Майстар-клас ад Ніны Гарашчэні"]
[/caption]
Цудоўным аздабленнем свята стаў канцэрт, падрыхтаваны народным ансамблем народнай песні “Спадчына”, народным ансамблем народнай музыкі “Капыляне”, салістамі і танцорамі Капыльскага раённага Цэнтра культуры. Не пакінула без увагі такое мерапрыемства і Капыльскае райспажыўтаварыства: працаваў гандлёвы павільён, можна было пакаштаваць духмяныя шашлыкі і іншыя прысмакі.
[caption id="attachment_18864" align="aligncenter" width="443" caption="І закружыліся ў танцы..."]
[/caption]
Вядома ж, самай доўгачаканай і інтрыгуючай стала заключная частка конкурсу, калі былі названы імёны пераможцаў. Як адзначыў старшыня журы Яўген Сахута, арганізатары свята паклапаціліся пра тое, каб ніхто не застаўся пакрыўджаным — кожны з удзельнікаў атрымаў каштоўны падарунак. Гран-пры конкурсу быў прысуджаны Валянціне Кіені — майстру ткацтва з Семежава. На рахунку капыльскіх канкурсантаў яшчэ нямала ўзнагарод. Так, Валянціна Гладкая атрымала Дыплом І ступені ў намінацыі “За высокае майстэрства, мастацкі густ і асабісты ўклад у развіццё традыцый беларускага ткацтва”, Яна Шчэрба — Дыплом ІІ ступені за лепшы выраб нацыянальнага ручніка, Дыпломамі ІІІ ступені ў гэтай жа намінацыі ўзнагароджаны Дар’я Салановіч і Валерыя Козел. За хуткасць і якасць ткацтва Дыпломам ІІ ступені адзначана Ніна Гарашчэня, а Дыпломам ІІІ ступені — Таццяна Волкава. Сярод іншых былі ўзнагароджаны Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі Святлана Іванова і дэбютанты конкурсу — Вячаслаў Сянюк, Настасся Лянько, Алеся Шчэглік, Аліна Каражанец, Крысціна Кавалеўская.
[caption id="attachment_18865" align="aligncenter" width="443" caption="Валянціна Кіеня і госць з ЗСШ Джэй Кэрэн"]
[/caption]
Цікава адзначыць, што сярод удзельнікаў свята быў сапраўдны “сямейны падрад” з Вілей- скага раёна — сям’я Дубяга, якую прадстаўлялі бацька, маці і два сыны. Усе яны сталі прызёрамі ў намінацыі “За пляценне вітога пояса на пальцах”. Асобна быў адзначаны і самы юны канкурсант — Дзяніс Рудык са Старадарожскага раёна.
Дарэчы, усе свае работы майстры пакінулі для папаўнення калекцыі на Капыльшчыне, і любы жадаючы можа з імі пазнаёміцца.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии