Віктар ВАСІЛЕЎСКІ, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама:
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама
Віктарам Васілеўскім і папрасілі расказаць пра развіццё фізічнай культуры і спорту ў раёне
— Здаровы лад жыцця для многіх становіцца нормай. Прыемна адзначаць, што з кожным годам актывізуецца спартыўная работа ў працоўных калектывах Капыльшчыны. Так, у 2011 годзе ў раённай круглагадовай спартакіядзе сельскіх жыхароў прыняло ўдзел 15 прадпрыемстваў. Барацьба за першынство была вельмі вострай, і толькі пасля апошняга віду праграмы вызначыўся пераможца – каманда ААТ “Семежава”. Крыху саступілі ёй ААТ “Прагрэс 2010” і “Мажа-Агра”. У спартакіядзе калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў і арганізацый прыняло ўдзел 14 каманд. Пераможцам стаў калектыў КУП “Капыльская ЖКГ”, 2-3 месцы занялі УАЗ “Капыльская ЦРБ” і філіял «Капыльскае РБУ» ААТ “Універсалрамбуд”. Увогуле, згодна з каляндарным планам, у 2011 годзе праведзена 63 раённыя спартыўна-масавыя мерапрыемствы, у якіх прыняло ўдзел больш за 6000 чалавек.
Дарэчы, важкі ўклад у далучэнне насельніцтва да актыўнага ладу жыцця, умацаванне зда-роўя ўнёс калектыў фізкультурна-аздараўленчага комплексу (дырэктар Аляксандр Салаўёў). Асаблівай папулярнасцю ў жанчын карыстаюцца заняткі стэп-аэробікай, шэйпінгам, пілатасам (інструктар-метадыст Святлана Салаўёва), усе жадаючыя могуць наведваць плавальны басейн, трэнажорную залу, залу для настольнага тэніса, спартыўную залу, більярд (інструктар-метадыст Мікалай Штэндар).
— Раскажыце, калі ласка, пра самыя значныя поспехі нашых спартсменаў на абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах.
— Капыляне дастойна выступалі яшчэ і на міжнародных спаборніцтвах: Дар’я Юркевіч і Дар’я Несцерчык — удзельнікі Чэмпіянату Еўропы ў складзе нацыянальнай зборнай па біятлоне (трэнер Анатоль Сянюк), Аляксей Васілеўскі і Станіслаў Сувораў у складзе маладзёжнай зборнай сталі сярэбранымі прызёрамі «Кубка Садружнасці» па футболе (трэнер Сяргей Камяк).
Пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў станавіліся каманды раёна па біятлоне і лыжных гонках (трэнеры Анатоль Сянюк, Дзмітрый Була, Аляксандр Камароўскі, Тамара Квач), па футболе (трэнеры Сяргей Камяк, Міхаіл Рымашэўскі, Сяргей Бельмач), па гандболе (трэнеры Валерый Астрэйка, Уладзімір Позняк, Уладзімір Хартановіч, Аляксандр Мардасевіч), па шахматах (трэнер Аркадзь Корбут). Штогод нашы спартсмены паспяхова выступаюць на абласной і рэспубліканскай спартакіядах дапрызыўнай і прызыўной моладзі па зімовым і летнім мнагаборстве комплексу “Абаронца Айчыны” (настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Шакун).
Каманда гімназіі №1 г. Капыля пад кіраўніцтвам Аляксандра Мардасевіча і Уладзіміра Хартановіча стала фіналістам рэспубліканскіх спаборніцтваў па рухомых гульнях “Алімпійскія надзеі” ў рамках тэлеконкурсу “Бухта капітанаў”.
— Што цікавае чакае аматараў спорту сёлета?
— У нядзелю, 20 мая, на фізкультурна-аздараўленчым комплексе пройдзе ХХIV традыцыйны лёгкаатлетычны прабег «Капыльскае кальцо”. А ў верасні адбудзецца фестываль эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”, які нядаўна атрымаў статус міжнароднага. У гэтым годзе акрамя беларускіх спартсменаў да нас прыедуць бегуны з Расіі, Латвіі, Літвы. Пройдзе яшчэ шмат мерапрыемстваў, пра якія бу-дзем своечасова інфармаваць аматараў спорту.
Віншую ўсіх працаўнікоў фізічнай культуры і спорту, спартсменаў, ветэранаў галіны з прафесійным святам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, бадзёрага настрою, поспехаў і перамог.
Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии