Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

Дзеці на вайне

01.07.2010

Вайна не шкадавала ні дарослых, ні дзяцей. На вачах яны мужнелі і станавіліся ў рады барацьбітоў з ненавісным ворагам, які акупіраваў нашу зямлю і сеяў гора і смерць. У падзеях тых гераічных гадоў вылучылася шмат юных герояў. Райгазета пастаянна публікуе ўсё новыя і новыя імёны капыльскіх гаўрошаў. Калі пачалася вайна Івану Грыбоўскаму з Быкоўцаў было 14 гадоў. Немцы з паліцаямі наводзілі “новы парадак”, за які людзі расплачваліся сваім жыццём, таму ён зненавідзеў акупантаў і стаў партызанскім разведчыкам атрада імя Чапаева. Хадзіў на разведку ў Капыль, цудам пазбягаючы варожых пастоў. Аднойчы яго злавілі і прывялі да бургамістра Лобана, але на яго шчасце таго паклікаў нямецкі афіцэр. У адсутнасць бургамістра хлопчык ціхенька выйшаў у калідор і праз заднія дзверы – у кусты. Іван угаварыў маці схаваць у адрыне вайскоўца Нікіціна, калі той уцякаў ад ворага (пазней – ён стаў вядомым партызанам атрада імя Будзённага). Грыбоўскі ў якасці правадніка дапамагаў лясным салдатам абысці варожыя пасты і выйсці з блакады на Палессе. А хіба не рызыкаваў жыццём 12-гадовы Юзік Каляда з Борка-Бялевіч, калі збіраў зброю на месцах баёў і перадаваў патроны і вінтоўкі партызанскай групе Іосіфа Якаўлевіча Камяка. Адчайным хлопцам у час вайны быў і наш зямляк — пісьменнік Алесь Адамовіч. 14-гадовы юнак разам са сваім старэйшым братам Яўгенам збіраў зброю, а таксама звесткі пра ворага, дапамагаў партызанам медыкаментамі, якія перадавала сынам маці – загадчыца аптэкі. Здраднік выдаў партызанскую сям’ю, але падпольшчыкі змаглі своечасова папярэдзіць патрыётаў аб пагрозе, і тыя сталі байцамі отрада імя Кірава. Як успамінаў вядомы літаратуразнаўца і публіцыст цімкаўлянін Рыгор Родчанка, які ў 12 гадоў стаў партызанам, у барацьбе з фашыстамі сапраўдны гераізм праяўлялі многія піянеры і камсамольцы Капыльшчыны. Некаторым, як і Рыгору, было па 12 гадоў, але асноўны касцяк маладых патрыётаў складаўся з 14-16-гадовых юнакоў. Асабліва іх шмат уступіла ў атрады брыгады імя Варашылава. Вясною 1943 года з вёсак Крывасёлкі, Савічы, Заракаўцы, Браткава, Вялікая Раёўка ў партызанскія рады ўлілося звыш 30 хлопцаў. Адзін з іх 13-гадовы Саша Бахановіч. Яго маці з двума малодшымі брацікамі карнікі расстралялі, а Саша са старэйшым братам Мішам уцёк у партызанскі атрад імя Чапаева. Аднойчы фашысты арга- нізавалі наступленне на базу партызан у Старыцкім лесе. Саша пасвіў партызанскі статак кароў. Калі пачалася стральба, ён хуценька пагнаў кароў далей і схаваў іх у сасонніку. Гітлераўцы, пастрэльваючы з аўтаматаў, прайшлі побач, але статак не заўважылі. Калі пачало цямнець, Саша адагнаў жывёлу ў вялешынскі лес, дзе і знайшоў свой атрад. Тым самым ён выратаваў ад галоднай смерці сотні жыццяў і падтрымаў боегатоўнасць партызан. За мужны ўчынак піянер быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Потым падлетак удзельнічаў у рэйкавай вайне і іншых аперацыях атрада. Равеснікам Бахановіча Міхаілу Роцьку і Валянціну Шакуну з Ванелевіч даводзілася не раз рызыкаваць сваім жыццём. Хлопчыкі таксама збіралі зброю і патроны па навакольных лясах, а затым, калі пасвілі ноччу коней, садзіліся на іх вярхом і адвозілі знойдзенае да чапаеўцаў у Старыцу ці Калінаўку. Аднойчы цудам пазбеглі смерці каля в. Кель. Іх хуткія коні праскочылі засаду, а пушчаныя ім услед аўтаматныя чэргі толькі падагналі рысакоў. Піянеры-патрыёты хадзілі замест бацькоў на работу ў т. з. “гауз” (чыгуначны пераезд каля Васільчыц). Тут яны разам з жыхарамі навакольных вёсак пілавалі дровы, абносілі ўмацаванні гітлераўцаў калючым дротам і выконвалі даручэнні партызан: запаміналі, дзе знаходзяцца кулямёты, мінамёты, і чым яшчэ ўзброены фашысты. А ў хуткасці юнакі скрыта правялі мінёраў на чыгунку, і тыя спусцілі пад адхон каля Смычкі варожы эшалон. Сярод герояў Лаўскага бою вызначыўся піянер Уладзімір Качаноўскі, прататып аднаго з герояў рамана пісьменніка Андрэя Клёнава “Поиски любви”. Ён першым з гранатай кінуўся на карнікаў, ад яе ўзрыву хваля атакуючых гітлераўцаў прыпынілася, але кулямёт нямецкага броне-транспарцёра прашыў героя… Яўген Беняш, калі вучыўся ў Какорыцкай школе, у час піянерскіх збораў вельмі заўзята спяваў песню “Орленок”. Па волі лёсу юны герой стаў сапраўдным арлёнкам. Вайна, бамбёжкі, пажары, смерць блізкіх людзей запальваюць у яго сэрцы агонь барацьбы супраць ворагаў. Ён наладжвае сувязь з партызанамі. На кані Орліку аператыўна дастаўляе ў атрад звесткі аб руху карнікаў, гэтым самым папярэджвае партызан аб нападзе, і ўжо не яны, а карнікі трапляюць пад чэргі партызанскіх кулямётаў. Перад самым вызваленнем Капыльшчыны знайшоўся здраднік і паведаміў фашыстам, па якім маршруце на коніку бу- дзе імчаць юны разведчык. Аўтаматная чарга, і… Орлік і Яўген падаюць, залітыя крывёю. Па ўспамінах партызан, сярод юных капыльскіх патрыётаў праславіўся былы школьнік Грозаўскай школы Коля Трыгубаў. Яго сэрца сціскалася ад болю, калі ён бачыў, як акупанты нявечаць наш край. Коля, як і ўсе яго равеснікі, збіраў зброю і, калі заявілі аб сабе партызаны, стаў сувязным атрада і перадаў яго камандзіру некалькі соцень патронаў, шмат гранат і 30 вінтовак. А ў канцы лета 1943 года Коля прыйшоў у брыгаду імя Ракасоўскага і папрасіўся залічыць яго кулямётчыкам. Пад канец 1943 года на шашы Мінск-Слуцк партызаны далі бой немцам. У гэтым баі Коля Трыгубаў знішчыў 10 гітлераўцаў. Юнак быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі. Трыгубаў удзельнічаў у разгроме варожых гарнізонаў, знішчэнні мастоў і порчы варожай тэлефоннай сувязі. У справядлівай барацьбе супраць фашыстаў Капыльшчына дала сваіх сыноў палка. Яны, як і герой аповесці Валянціна Катаева Ваня Сонцаў, перажылі жахі вайны, прайшлі ўсе выпрабаванні, і пра кожнага з іх можна напісаць кніжку. Былы выхаванец Какорыцкага спецдома імя Аляксандра Матросава Грыша Левін перанёс пакуты ў лагеры смерці. З гэтага пекла яго вызвалілі чырвонаармейцы, залічылі хлопчыка ў сваю часць, пашылі для яго салдацкую форму. Так ён стаў сынам палка. Хлопчык ваяваў самааддана, помсціў ворагу за сваю маці, спаленую ў лагернай печы. За Одэрам полк узяў плацдарм, і гітлераўцы стараліся выбіць адтуль нашых байцоў. Атака ішла адна за другой, рады савецкіх салдат радзелі. На вачах Грышы загінуў кулямётчык. Сын палка паўтарыў подзвіг юнай цімкаўлянкі Нюры Кіжаватавай пры абароне Брэсцкай крэпасці: стаў ля кулямёта і трапнымі чэргамі касіў наступаючых гітлераўцаў, за што быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Дзякуючы свайму выхаванцу полк адстаяў заняты рубеж. Не менш цяжкія баі былі пад Берлінам. Тут Грыша Левін ледзь не загінуў ад кулі нямецкага снайпера. Перамогу сустрэў каля сцен рэйхстага… А вось другі дзетдомавец Міша Слухоўскі таксама стане сынам партызанскага атрада. Немцы застрэлілі ў хаце яго маму. А Мішу ўдарылі штыком па галаве, а затым хату падпалілі. Ледзь не згарэў 10-гадовы хлопчык, але падаспелі ў вёску партызаны і выбілі карнікаў. З палаючай хаты беспрытомнага Мішу вынес яго сусед-партызан. З партызанамі хлопчык хадзіў у разведку. Адзеты ў лахманы, ён не выклікаў падазрэння. Пасля прускай трагедыі Грыша Вяндзіла застаўся сіратою, ды яшчэ быў цяжка паранены. Ледзь жывога на самалёце партызанскі ўрач Лідзія Уладзіміраўна Капусціна даставіла хлопчыка ў Маскву. Такія рэйсы з партызанскіх аэрадромаў ажыццяўляліся часта для ратунку цяжкапараненых байцоў. Грыша вылечыўся ў Маскве і стаў сынам палка. Удзельнічаў у штурме Кёнігсберга. Цікавы лёс яшчэ аднаго хлопчыка, таксама сына палка, Віктара Стэльмаха з Грозава. Нядаўна быў у райгазеце матэрыял пра праведнікаў з Булат- нікаў Эмілію Сцяпуру і яе дачку Ядвігу, якія выратавалі ад смерці хлопчыка. Бацькі Віктара яўрэі былі забіты ў Слуцкім гета, а хлопчык неяк вырваўся адтуль і прыйшоў у Булатнікі. Ноччу ён пастукаў у акно хаты на ўскрайку, але там адказалі, што ў гэтай хаце цесна і накіравалі да Эміліі Іванаўны Сцяпуры. Жанчына пусціла гаротнае дзіця ў хату. Ён дрыжэў ад холаду, і жанчыне стала шкада хлопчыка. Спачатку яна накарміла яго, а потым распытала: хто ён і адкуль? 12-гадовы хлопчык назваўся Колем Пятроўскім, што ехаў ён з бацькам з Оршы сюды, але пад бамбёжкай той загінуў. Яна паверыла яму. Потым ён заплакаў і папрасіў узяць яго да сябе. Навярнуліся слёзы ў гаспадыні, і, хоць пасля смерці мужа трэба было карміць двух сваіх сірацінак, прытуліла маленькага гаротніка. Хлопчык упершыню за шмат дзён спаў на цёплай печы. Эмілія Іванаўна спаліла хлопчыкавыя лахманы і падладзіла для яго мужава адзенне. Загаварыла потым у Віктара сумленне, і той прызнаўся даверлівай і добрай жанчыне, што ён яўрэйскі хлопчык і аповед пра сябе выдумаў. З трывогай білася сэрца жанчыны, было чаго баяцца: калі даведаюцца немцы, то пакараюць усю сям’ю. Булатнікаўцы ведалі пра гэты сакрэт і раілі пайсці ў Цімкавіцкі паліцэйскі ўчастак і запісаць як сына. Ды і хлопчык не выклікаў падазрэння, калі неаднаразова ў хату заходзілі паліцаі і немцы. Яна зрызыкавала і аформіла на пасынка дакументы. У чэрвені 1944 года Віктар Стэльмах прымкнуў да адной з часцей арміі Батава, якія вызвалялі наш раён, і стаў сынам палка. Разам з байцамі давялося фарсіраваць раку Буг, удзельнічаць у вызваленні Варшавы і дайсці да Берліна. Праз год Віктар-Ісак (Ісак яго сапраўд- нае, а імя Віктар яму дала прыёмная маці, калі афармляла дакументы) вярнуўся дадому. Эмілія Іванаўна даравала ўцекачу, асабліва былі рады стаўшыя яму роднымі Іосіф і Ядвіга. Эмілія Іванаўна купіла прыёмнаму сыну новае адзенне, у якім ён 1 верасня 1945 года пайшоў у Грозаўскую школу. Жыў з цёткай у роднай хаце ў Грозаве, але не забываў тых, хто даў яму прытулак і жыццё. Пасля заканчэння дзесяцігодкі ён паступіць у ваеннае вучылішча і стане ваенным лётчыкам. Помніць дарагіх людзей і заўсёды іх ад- дзячвае. Сынам палка з Цімкавіч быў і Анатоль Парыбак. Яго бацька, Іван Іванавіч Парыбак, ваяваў каля Брэста. “Вось-вось пой- дзем вызваляць Польшчу”, — пісаў дадому франтавік. А маці чытала дзецям услых, як ваюе бацька. 10-гадовы Толя ўсё запамінаў. Аднойчы хлопчык цішком дабраўся да Цімкавіцкай станцыі, сеў на поезд і памчаўся да Буга ў часць бацькі. Камандаванне часці ўзяло Анатоля на ўлік, яму пада- бралі абмундзіраванне, і стаў ён бравым салдатам. Хлопчык пазнаёміўся з усімі відамі стралковай зброі. Асабліва яму падабаўся станкавы кулямёт. Толя нават навучыўся набіваць патронамі кулямётныя ленты, і пры ўзяцці бугскага плацдарма кулі гэтых патронаў білі гітлераўцаў. Бой ішоў цэлы дзень, і бацька хлопчыка, адстрэльваючыся ад насядаючых ворагаў, як мог прыкрываў у акопе сына. Прыйшла дапамога, плацдарм расшырыўся, немцы прыціхлі. Кулямётчыкі пахвалілі свайго сына палка: ніводную ленту не заклініла ў “станкачах”. Так Толя паспяхова здаў свой першы салдацкі экзамен. Яшчэ з большай ахвотай ён рыхтаваў новыя ленты. Наперадзе былі яшчэ больш жорсткія баі, і камандзір палка пашкадаваў хлопчыка, бо ведаў: шансы выжыць на вайне невялікія, і таму даў яго бацьку тры дні водпуску. Бацька прывёз сына дадому. Праўда, як такога дома ў іх не было: хату спалілі ў час вызвалення нямецкія самалёты, а маці з двума дзеткамі вандравала па суседзях. Толя адразу пайшоў у школу ў вайсковай форме, паколькі іншага адзення не было. Равеснікі зай- здросцілі сябру, бо Толік пабываў на вайне, і нават у вачах дарослых ён выглядаў героем. Бацька яго будзе штурмаваць Берлін і распішацца на сценах рэйхстага. Пасля Перамогі адбудуе новую хату ў так званых Прысадах. А Анатоль Іванавіч Парыбак на ўсё жыццё звяжа свой лёс з арміяй і стане падпалкоўнікам ракетных войск. Вось так з цеплынёй паведаміла пра свайго любімага швагра цімкаўлянка Зоя Канстанцінаўна Лявар. Подзвігі загінуўшых 13-16-гадовых юных байцоў Капыльшчыны партызан брыгады імя Чапаева Міхаіла Васілеўскага, Ва- сіля Міхальчука, Аляксандра Кашубы, партызана брыгады імя Суворава Генадзя Забелы, асобна дзеючага атрада Аляксандра Новіка, атрада “За Ра- дзіму” Аляксандра Козела, партызанскіх сувязных з вёскі Жабчава Ніну Новік, з вёскі Асавец – Глафіру Дудзінскую назаўсёды застануцца ў памяці землякоў. Іван ІГНАТЧЫК


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей