Традыцыйнае спартыўнае свята — лёгкаатлетычны прабег “Капыльскае кальцо” — стартавала ў нядзелю, 20 мая, у Капылі. Сёлета мерапрыемства, якое было прысвечана Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, ужо дваццаць чацвёрты раз сабрала пад свае сцягі аматараў бегу з розных куткоў краіны і нават блізкага замежжа. Увогуле, заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах на дыстанцыі 1, 3, 11 і 21 кіламетр (паўмарафон) падалі 289 удзельнікаў.
[caption id="attachment_18629" align="aligncenter" width="448" caption="Сцяг узнімае мінулагодняя чэмпіёнка Вольга Більдзюкевіч"]
[/caption]
На фізкультурна-аздараўленчы комплекс г. Капыля з раніцы прыбывалі аўтобусы і аўтамабілі са спартсменамі. Над стадыёнам разносілася музыка, запрашаючы ўсіх на свята бегу. Нядзельны ранак абяцаў добры дзень… Але, забягаючы наперад, адзначу, што ўжо апоўдні гарачае майскае сонца стала няшчадна прыпякаць, ствараючы спартсменам (акрамя складанай трасы) дадатковыя перашкоды.
Ужо а палове адзінаццатай, пасля шэсця па стадыёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу, удзельнікі спаборніцтваў выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальнымі словамі да іх звярнуліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Камкова, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Міхайлоўская, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Віктар Васілеўскі. З нагоды прафесійнага свята Віктар Васільевіч уручыў граматы і грашовыя прэміі, як удзячнасць за шматгадовую і плённую працу, Івану Гурыновічу і Святлане Салаўёвай. Дарэчы, напярэдадні такіх узнагарод і віншаванняў удастоіліся ветэраны спартыўнага руху Яўген Мардасевіч, Станіслаў Чарняўскі і Мікалай Гайцюкевіч. Ад аматараў бегу выступіла ўдзельніца разнастайных прабегаў, у тым ліку і капыльскіх, Алена Цухно, якая нагадала, што прабег ужо другі год запар прысвячаецца памяці яго заснавальніка Віктара Новіка…
[caption id="attachment_18623" align="aligncenter" width="443" caption="Выступае А. Цухно"]
[/caption]
На розных дыстанцыях у гэтым годзе выступалі клубы аматараў бегу: жодзінская “Бадзёрасць”, салігорскі “Калабок”, мінскія “Аматар”, “Арыенцір”, “Вікторыя”, лідскі “Лідар”; бегуны з Асіповіч, Светлагорска, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска і іншых гарадоў Беларусі, а таксама г. Масквы.
Самым шматлікім стала прадстаўніцтва юных спартсменаў на дзвюх самых кароткіх дыстанцыях. Ужо апоўдні заслужаныя прызы атрымалі пераможцы і прызёры на кіламетровай дыстанцыі. Лідарамі тут сталі Паліна Шакун і Кірыл Зяньковіч з СШ №2 (узрост да 10 гадоў), Святлана Памяцько са Смаліцкой і Руслан Гарнастай з Лясноўскай СШ (10—11 гадоў). На трохкіламетровай дыстанцыі не было роўных Марыі Дзелюковіч з Бучацін-скай і неаднаразоваму пераможцу раённых кросаў, ужо двухразоваму пераможцу “Капыльскага кальца” Дзянісу Дубіну з Жыліхаўскай (да 14 гадоў), Карыне Нікалаені з Грозаўскай адзінаццацігодак і Станіславу Цвірко з гімназіі №1.
[caption id="attachment_18624" align="aligncenter" width="443" caption="Рэгістрацыя ўдзельнікаў прабегу падчас забегу"]
[/caption]
Прадстаўнічым стаў апошні забег, дзе на старт выйшлі лёгкаатлеты на дыстанцыі 11 кіламетраў і паўмарафон (21 км). Зусім нялёгка паддаўся для многіх капыльскі серпанцін. Відаць таму і не быў пабіты лепшы мінулагодні вынік (1:10.40). Пакуль судзейская калегія падводзіла вынікі, для спартсменаў і гледачоў свае таленты дэманстравалі юныя спевакі з СШ №3. Ужо а палове трэцяй адбылося ўзнагароджванне пераможцаў дзвюх апошніх дысцыплін. Добра пераадолелі 11-кіламетровую дыстанцыю капыляне Валерыя Леус, Андрэй Фурык, Сяргей Ляхаў, якія паднімаліся на вышэйшыя прыступкі п’едэстала гонару. На паўмарафоне на вышыні былі і добра вядомыя капыляне, аматары бегу Дзмітрый Була, Сяргей Місючэнка, Ігар Гаражан, Аляксандр Уласовіч. Парадавалі таксама маладыя ўдзельнікі спаборніцтваў. Так, ва ўзросце да 20 гадоў мацнейшымі былі Вераніка Сердзюкова і Алег Шарыпаў з СШ №2. Таксама памятнымі прызамі ўзнагароджаны самыя маленькія, старэйшыя бегуны і юныя госці з Масквы. А лепшымі ў абсалютным заліку на асноўнай дыстанцыі сталі госці горада Вольга Більдзюкевіч (пераможца 1992 і 1997 гадоў) з Салігорска і Аляксандр Клюйка з Мінска, якія пераадолелі паўмарафон, адпаведна, за 1:36.51 і 1:14.42. Ім таксама дасталіся фірменныя футболкі ад сталічных спонсараў.
Наступны прабег адзначыць ужо чвэрць стагоддзя са дня заснавання, і будзем спадзявацца, што ён стане самым масавым “Капыльскім кальцом” за ўсю сваю гісторыю.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии