Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

26

На Капыльшчыне прайшоў раённы семінар па арганізацыі летне-пашавага ўтрымання жывёлы

13.05.2012
У раёне пачаўся летнее-пашавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы. Ужо выпасваецца больш за 100 гуртоў дойнага статка. Перад жывёлаводамі яшчэ раней  была пастаўлена задача – з 5 мая цалкам вывесці кароў на кругласутачнае выпашванне і прыкласці ўсе намаганні, каб гэты пераходны перыяд не адбіўся на вытворчасці малака. Каб прагнозныя паказчыкі выконваліся, неабходна дабівацца штодзённага павелічэння надояў не менш, чым на 100 г. З 10 мая гэта прыбаўка павінна ўзрасці да 150 г. Пільную ўвагу неабходна звярнуць і на прывядзенне ў належны стан сянажных траншэй, паколькі корманарыхтоўка ўжо не за гарамі. Гэтыя асноўныя патрабаванні, якія павінны безумоўна выконвацца, былі пастаўлены перад галоўнымі заатэхнікамі і ветурачамі падчас раённага семінара, які ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання правяло на базе ААТ “Скабін”, КСУП “Грозава-агра”  і ф-ла “Лакнея”. На прыкладзе гэтых гаспадарак былі разгледжаны асноўныя моманты арганізацыі летне-пашавага ўтрымання жывёлы, ішла размова і пра рэканструкцыю малочнатаварных фермаў. [caption id="attachment_18385" align="aligncenter" width="443" caption="Выступае Віталь Ракевіч"][/caption] Як расказаў галоўны заатэхнік Валерый Корбут, у ААТ “Скабін” пачалі прывучаць кароў да выпасу яшчэ з 25 красавіка, штодня падоўжвалі час знаходжання жывёлы на пашы. Аднак паралельна карову працягваюць карміць згодна з распрацаваным рацыёнам – сенажом, сіласам, канцэнтратамі. Пашы ў гаспадарцы добрыя, трава адрастае хутка і ўжо нават патрабуе падкошвання. Першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталь Ракевіч, які і праводзіў гэту нараду, звярнуў увагу прысутных на неабходнасць з першага дня пасвіць кароў франтальным спосабам. Павінен весціся пашавы дзённік, у якім трэба штодня запісваць склад травастою, які паядае статак, фазу яго адрастання, ураджайнасць, плошчу загонкі і іх колькасць. На пашы ў абавязковым парадку павінна быць вада, соль, мінеральныя дабаўкі, сена альбо якасная салома. Немалаважная акалічнасць – выгараджаныя і пабеленыя прагоны для жывёлы. Як добрую тэндэнцыю для паляпшэння работы сельгаспрадпрыемства Віталь Ракевіч адзначыў, што ААТ “Скабін” паступова пачынае выходзіць з таго вялікага “мінуса” па надоях малака, які яно апошнім часам паказвала. Ён скараціўся з 2,5 кг да 300 г, і гэта абнадзейвае, што хутка гаспадарка зноў будзе ў ліку лідараў. Добра ідуць справы ў малочнай жывёлагадоўлі ў КСУП “Грозава-агра”. Паводле слоў галоўнага заатэхніка Валянціны Тарасевіч, тут за 4 месяцы бягучага года надаілі на 190 т малака больш, чым у мінулым годзе, на 176 галоў вырасла і пагалоўе БРЖ. І што найбольш радуе – у гаспадарцы сёлета ўжо ўведзена ў дойны статак 120 першацёлак – гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. Удзельнікі семінара наведалі МТФ “Папоўцы”, дзе поўным ходам ідзе рэканструкцыя малочнатаварнай фермы. Паводле слоў Віталя Ракевіча, КСУП “Грозава-агра” – гэта гаспадарка, якая выкарыстоўвае на гэтыя мэты сама больш уласных сродкаў. Чым не узор зацікаўленасці ў больш хуткім выкананні даручэння? Вельмі многа зроблена ў гэтым кірунку і ў ф-ле “Лакнея”. На МТФ “Камсамольская” ўшчэнт знесены некалькі старых будынкаў, ідзе перакрыццё даху на былым кароўніку, які да 1 чэрвеня, паводле планаў кіраўніцтва гаспадаркі, будзе ўжо ўведзены ў строй. Яшчэ адна акалічнасць, на якую была звернута ўвага ўдзельнікаў семінара, – гэта навядзенне парадку на прыфермскіх тэрыторыях, у тым ліку і ля будынкаў, што падлягаюць рэканструкцыі. Яскравы прыклад таго ўбачылі прысутныя ў ф-ле “Лакнея”. Наогул, тэма добраўпарадкавання ўзнікала падчас нарады не адзін раз. Пра неабходнасць тэрмінова давесці да ладу жывёлагадоўчыя памяшканні і тэрыторыю вакол іх гаварыла і начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк на падвядзенні вынікаў семінара, выказваючы свае ўражанні ад апошняга наведвання некаторых сельгаспрадпрыемстваў. Патрабаванне было катэгарычным – за ўсім павінен быць кантроль. Не будзе кантролю — не будзе і рэзультату. Што да вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 4 месяцы бягучага года, то яны пакуль не вельмі радуюць, нават нягледзячы на тое, што менавіта ў жывёлагадоўлі  выкананы прагнозныя паказчыкі. Як адзначыў, аналізуючы вынікі ф-24, Віталь Ракевіч, ёсць праблемы і па росце пагалоўя жывёлы, і па прывагах, і па надоях. Напрыклад, толькі чатыры сельгаспрадпрыемствы (ААТ “Мажа-Агра”, КСУП “Грозава-агра”, ф-лы “В. Раёўка” і “Лакнея”) выканалі заданне па пагалоўі кароў. Не лепшая карціна і ў свінагадоўлі, дзе за 4 месяцы замест прыросту дапушчана зніжэнне на 760 галоў да ўзроўню мінулага года. Толькі 8 сельгаспрадпрыемстваў выканалі заданне па вытворчасці малака, ёсць праблемы з яго якасцю. Не радуе і карціна ў разрэзе гаспадарак з вырошчваннем мяса: калі ў ААТ “Старыца-Агра” маюць сярэднясутачныя прывагі на адкорме БРЖ у 926 г, ААТ “Капыльскае” – 921 г, то, напрыклад, у ААТ “Суворава-Агра” гэты паказчык толькі 349 г, у РСУП “Бабоўня” – 366 г, РСУП “С “Прамень” – 394 г. Здаецца – надвор’е аднолькавае, кармавая база не вельмі розніцца, а вынікі… Усе пастаўленыя на семінары задачы павінны выконвацца безумоўна. А па выніках работы за мінулы перыяд з’явіцца загад начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу, дзе будуць адзначаны лідары і пакараны тыя, хто цягне раён і сваіх калег назад. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей