Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

169

Першая партызанская брыгада

09.05.2012
У першыя дні пасля з’яўлення на капыльскай зямлі нямецкіх акупантаў пачалі дзейнічаць падпольныя групы патрыётаў. З Мінска ў родныя Прусы вярнуўся інжынер Міхаіл Ізюмскі. Перад яго прыездам немцы схапілі прускіх падпольшчыкаў Серафіму Мароз і Івана Маеўскага і расстралялі. Хутка вярнуўся і Міхаіл Янкоўскі. Ізюмскі і Янкоўскі стварылі партыйна-камсамольскую групу, у якую ўвайшлі Георгій Сківіцкі, Рыгор Высоцкі, а таксама воіны Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне і знайшлі прытулак у Прусах: Васіль Забудзька, Пётр Іўліеў, Іван Новікаў, урач Міхаіл Герасіменка і іншыя. І нават была арганізавана піянерская арганізацыя, у якую ўваходзіла 37 піянераў. Важатай стала Вольга Удавеня. Такія ж падпольныя групы з моладзі і дарослых былі ўтвораны ў Дзягцяных, Савічах, Заракаўцах, Цімкавічах, Браткаве, Навасёлках. У Капылі актыўна дзейнічалі камсамольцы Ніна і Валя Александровічы, Міша Лебядзевіч і іншыя, якія пад носам у фашыстаў выводзілі з лагераў ваеннапалонных у Браткава ці Навасёлкі, сялілі іх па хатах знаёмых. Потым яны стварылі партызанскія групы. Для арганізацыі партызанскага руху на Капыльшчыне Мінскі абкам партыі накіраваў Івана Кліменцьевіча Жыжыка. Яго тут добра ведалі, бо да вайны ён працаваў у райкаме партыі. Ажывілася падпольная работа. Іван Жыжык з Уладзімірам Шпакоўскім наладжвалі сходы сярод жыхароў многіх вёсак раёна. Пасля іх прамоў вяскоўцы гаварылі: “Мы хоць сёння гатовы ўзяць зброю і біць ворага”. У сакавіку 1942 года на сходзе падпольных груп быў створаны ваенны савет, на якім было прынята рашэнне ў заракаўскім лесе стварыць партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Васіля Рыгоравіча Яроменкі. Атраду прысвоілі імя Катоўскага. Услед быў арганізаваны атрад імя Будзённага з падпольных груп Міхаіла Мікалаевіча Ізюмскага. У раёўскім лесе стаў дзейнічаць атрад імя Шчорса і яго камандзірам быў выбраны Пётр Захаравіч Ігнашчанка. З невялікай партызанскай групы ўзнік вялікі атрад імя Чапаева. Яго папоўнілі жыхары вёсак Старыца, Русакі, Лапухі, Слабада-Кучынка і Свідзічы. Атрад праславіцца ў многіх баях з гітлераўцамі пад камандаваннем Івана Мікалаевіча Тараховіча (Дунаева). У маі 1942 года ўсе гэтыя атрады прымуць першы бой з карнікамі ва ўрочышчы “Гнілуха”, што ў 5-6 кіламетрах ад Капыля. Літаральна перад гэтай важнай падзеяй Міхаіл Мікалаевіч Ізюмскі сустракаўся з капыльскім падпольшчыкам Сямёнам Харытонавічам Бахтам. Той паведаміў камандзіру, што 9 мая карнікі маюць намер знішчыць вёску Вялікая Раёўка, а жыхароў забраць і выслаць на прымусовыя работы ў Германію. Дзякуючы Бахту партызаны ведалі, дзе можна лепш сустрэць ворага. У ноч з 8 на 9 мая партызанскія атрады Шчорса, Чапаева, Будзённага, Катоўскага сабраліся каля высокай абрывістай гары ля “Гнілухі”. Іх добра прыкрывалі густыя бярозкі і арэшнік. Раніцай, калі галаварэзы ішлі па дарозе, рагочучы і нічога не падазраючы, партызаны ўдарылі па іх з усіх відаў зброі. “Я тады яшчэ быў падлеткам, пасвіў каровак у “маргах” і добра бачыў, як валіліся гітлераўцы. Хоць і было далекавата”, — успамінаў будучы франтавік Аляксандр Архіпавіч Татарынчык. З ручнога кулямёта шмат паклаў ворагаў мардвін Вася Лагерманаў. Агульнае кіраўніцтва боем узяў маёр Капуста. Ён загадаў Ізюмскаму зайсці яго байцам у тыл да немцаў. І акупанты трапілі ў пастку. А атрады Тараховіча і Яроменкі раздрабілі калону на часткі і з падмогай шчорсаўцаў, як сказаў партызан Сяргей Зуеў: “Гадаў паклалі!” Але ў гэтым баі ледзь не загінуў будучы праслаўлены камбат Мікалай Шастапалаў, своечасова яму на дапамогу падаспеў Міхаіл Дурасаў (праслаўлены падрыўнік нямецкіх эшалонаў). Хлопцы з цяжкасцю паклалі трох здаравякоў-фашыстаў. Бой закончыўся, і Піліп Піліпавіч Капуста аб’явіў усім партызанам падзяку. І ў адказ камандзір пачуў: “Ура! Ура! Ура!” Гэта пацвярджала іх высокі баявы дух. А вось Мікалаю Аляксандравічу Марозу давялося не толькі з вінтоўкай біць ворага, але і ратаваць параненых партызан. Тут былы студэнт медыцынскага інстытута ўпершыню наклаў параненым павязку. Шэсць байцоў загінула, а сем былі цяжкапаранены. Усіх ён стараўся выратаваць. Ужо на другі дзень пасля бою 10 мая 1942 года ў лесе каля Колаў сабраліся камандзіры атрадаў. Партызанская важакі ўпэўніліся, што іх баявому поспеху садзейнічала аб’яднанне атрадаў. І таму вырашылі па-сапраўднаму аб’яднацца і стварыць брыгаду. Камандзірам брыгады імя Варашылава быў выбраны маёр Піліп Піліпавіч Капуста, які ў баі паказаў свае камандзірскія здольнасці. Камісарам стаў Іван Кліменцьевіч Жыжык. Праз некаторы час партызанскі рух набудзе шырокі размах, і на Капыльшчыне будуць дзейнічаць некалькі партызанскіх брыгад. У жніўні 1942 года пачаў дзейнічаць Слуцкі міжрайкам партыі па кіраўніцтве партызанскім рухам, у які ўваходзіў капыльскі райкам. Сакратаром міжрайкама стаў Іван Дзянісавіч Варвашэня, наш зямляк, членам міжрайкама стаў камбрыг Капуста. Партызанам брыгады імя Варашылава часта даводзілася  мяняць месца сваёй дыслакацыі з-за сутычак з ворагам. Замест зямлянак партызаны рабілі шалашы з яловых галінак. Як гаварыў партызан Кандыбовіч: “Не хопіць сіл на кожным месцы выкопваць зямлянкі”. Варвашэня часта бываў у брыгадзе і дапамагаў журналістам газеты “Калгаснік Капыльшчыны” ў напісанні матэрыялаў, а таксама ў стварэнні лістовак. “Пішу лістоўкі патрэбныя, каб за душу бралі і ўзнімалі людзей на барацьбу з ворагам”. Дарэчы, брыгада імя Варашылава дзейнічала і граміла ворага на тэрыторыі Капыльскага, Дзяржынскага, Уздзенскага, Чырвонаслабодскага і Нясвіжскага раёнаў. Дзякуючы партыйнаму кіраўніцтву і асабліва Івану Дзянісавічу Варвашэню сярод партызан стала моцная дысцыпліна і павысілася баявітасць. Праслаўлялі брыгаду Станіслаў Гадлеўскі з Мікалаем Анохіным. Са сваёй групай гэтыя хлопцы ўмудрыліся з-пад Мінска прыцягнуць пушку, ды яшчэ шмат да яе снарадаў, а таксама кулямёты і іншую зброю. Гадлеўскі стаў вядомым майстрам па здабыванні так неабходнай партызанам зброі. Група Гадлеўскага змагла разбіць паліцэйскі атрад і захапіць ручны кулямёт і шмат вінтовак. Легендай стаў Міхаіл Дурасаў, які падарваў 10 эшалонаў з тэхнікай і жывой сілай. Загінуў у баі. Сакратар ЦК камсамола Беларусі Міхаіл Васільевіч Зімянін на нарадзе камсамольскіх работнікаў слуцкай зоны сказаў: “Мы павінны раўняцца на тых, хто праяўляе цуды гераізму. Вось прыклад. 20-гадовы камандзір узвода Міхаіл Бірыч – наш сапраўдны герой – са сваімі дваццацю партызанамі разграміў цімкавіцкі гарнізон. Пра іх жа песню склалі і спяваюць не толькі ў брыгадзе імя Варашылава, а па ўсёй Беларусі”. Брыгада паспяхова знішчыла фашыстаў у Вялікараёўскім, Старыцкім баях, граміла гарнізоны ворага. Расла колькасць яе байцоў. Ужо да канца 1942 года брыгада складалася з 9 атрадаў. Міжрайкамам было вырашана раздзяліць на тры мабільныя і лёгкія ў кіраванні брыгады: 300-я імя Варашылава, 27-я імя Чапаева і 225-я імя Суворава. У снежні з гэтых брыгад арганізавалася партызанскае злучэнне, якое ўзначаліў Капуста. Менавіта ў снежні партызаны прынялі навязаны гітлераўцамі Лаўскі бой, пра які ведае сёння ўся Беларусь. У 1943 годзе гітлераўцы цярпелі крах на франтах, таму вырашылі разбіць партызан і ўзяць рэванш у гэтым напрамку. Яны пацяснілі партызан у бок Палесся і думалі ў балотах іх знішчыць. Але капыльскія мсціўцы вырваліся з акружэння каля вёскі Баркаўцы, што на Піншчыне. Па рашэнні міжрайкама злучэнне Капусты варочалася на Капыльшчыну. Давялося варашылаўцам, чапаеўцам і сувораўцам з баямі прарывацца праз кардоны фашыстаў. Трэба было абараніць насельніцтва ад азвярэлага ворага і не даць вывезці людзей у Германію. Пры адсутнасці партызан жыхары раёна сталі безабароннымі перад ворагам. Яго карныя атрады сапраўды лютавалі – папалілі многія вёскі. Пасля блакады партызаны страцілі частку артылерыі, шмат кулямётаў і прадуктовых прыпасаў. З боем усе яны здабываліся ў ворага. Запасы папоўніліся пасля разгрому Сейлавіцкага гарнізона і ў іншых баях з гітлераўцамі. У канцы жніўня злучэнне генерала Капусты пайшло ў рэйд на Брэстчыну і Беласточчыну. Але асноўны касцяк з той першай брыгады імя Варашылава застаўся на Капыльшчыне. Адно з адгалінаванняў называлася брыгадай імя Чапаева, другое – імя Варашылава. Партызаны гэтых брыгад удзельнічалі ў заключным этапе рэйкавай вайны і падарвалі магістралі Слуцк—Цімкавічы—Баранавічы. Затым было доўгачаканае вызваленне. Партызаны дапамагалі разам з байцамі Савецкай Арміі гнаць ворага з роднай зямлі. Многія з іх уступілі ў рады вызваліцеляў і дабівалі ворага ў яго логаве. Сёння мы адзначаем 70-годдзе брыгады імя Варашылава, якая была першапраходцам партызанскага руху на Капыльшчыне. Іван ІГНАТЧЫК, г. Капыль  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей