З усенародным святам — Днём Перамогі — сардэчна віншуем жыхароў Капыльшчыны, і ў першую чаргу вас, паважаныя ветэраны!
Вялікая перамога над нямецка-фашысцкімі захопнікамі назаўсёды застанецца сімвалам стойкасці і мужнасці савецкага народа. Беларусь не скарылася ворагу, не стала на калені. Дзякуючы адважным воінам, партызанам і падпольшчыкам, якія самаахвярна ваявалі супраць агрэсараў, наша краіна здабыла магчымасць жыць і працаваць пад мірным небам. Вечная памяць усім, хто загінуў, абараняючы Радзіму. І сёння зноў ускладзём кветкі да помнікаў і абеліскаў, светла ўспомнім і тых, хто змагаўся за вызваленне нашай Капыльшчыны. Удзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, хто набліжаў светлы Дзень Перамогі. Мы схіляем галовы перад доблеснымі франтавікамі, народнымі мсціўцамі, працаўнікамі тылу за іх вялікі ўклад у вызваленне краіны ад ворагаў, за пасляваенны гераізм у аднаўленні народнай гаспадаркі, за навуку жыцця для нашай моладзі, выхаванне патрыятызму, любові да Айчыны.
Сёння ў нас ёсць галоўнае — памяць пра Вялікую Перамогу, якую здабылі нашы бацькі, дзеды і прадзеды, жаданне зрабіць нашу сінявокую Беларусь яшчэ больш квітнеючай і заможнай.
Сардэчна жадаем вам моцнага здароўя, міру і дабра, жыццёвага аптымізму. Светлых вам дзён і спаўнення надзей!
Раённы выканаўчы камітэт
Раённы Савет дэпутатаў
Комментарии