Традыцыйны месячнік абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы ў гонар Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне стартаваў сёлета ў Мінскай вобласці і пачаўся з аўтапрабегу «Дарогамі Перамог» па маршруце Слуцк - Капыль - Салігорск. Адначасова стартавала і рэспубліканская патрыятычная акцыя «ДТСААФа слаўнае імя мацуй справамі сваімі!», прысвечаная XIV з’езду ДТСААФ Рэспублікі Беларусь.
Пачаўся аўтапрабег каля сцен Слуцкай аўташколы ДТСААФ, адкуль калона аўтамабілістаў рушыла да помніка воінам-вызваліцелям, які разме-шчаны ля галоўнай плошчы горада. На памятным мітынгу да шматлікай моладзі, гараджан звярнуліся старшыня арганізацыйнай структуры ДТСААФ горада Мінска і Мінскай вобласці Юрый Вараб’ёў, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Ражанец, ветэран Вялікай Айчыннай вайны генерал-лейтэнант, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Яўген Мікульчык і першы сакратар Слуцкага раённага камітэта ГА «БРСМ» Міхаіл Лабковіч. Удзельнікі аўтапрабегу наведалі помнік Георгію Жукаву, усклалі кветкі да мемарыяла воінам, загінуўшым у Афганістане. На святым месцы — мемарыяльным комплексе на вуліцы 14 Партызан — пасля невялікага мітынгу выхаванцам слуцкіх навучальных устаноў былі ўручаны членскія білеты.
Далей калону, расквечаную дзяржаўнымі флагамі, сцягамі гарадоў, праз якія яна рухалася, ДТСААФ, БРСМ, прымала гераічная капыльская зямля. У аграгарадку Старыца да ўдзельнікаў мерапрыемства далучыліся школьнікі і настаўнікі мясцовай сярэдняй школы, жыхары населенага пункта. За гады вайны нямецкія захопнікі двойчы спальвалі паселішча. Невыпадкова тут знахо-дзіцца некалькі памятных месц баявой славы і брацкая магіла ахвяр фашысцкай акупацыі. Пра падзеі ваеннага ліхалецця расказаў старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі.
Не маглі не наведаць удзельнікі мерапрыемства і брацкую магілу, што размешчана ў самім Капылі на перакрыжаванні вуліц Партызанскай і Цімкавіцкай, дзе да Вечнага агню леглі жывыя кветкі ад ветэранаў, удзячных нашчадкаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы юным членам ДТСААФ сярэдняй школы №3 на вачах іх шматлікіх аднакласнікаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны генерал-лейтэнант Яўген Мікульчык уручыў білеты абароннага таварыства.
Таксама маршрут аўтапрабегу прайшоў праз Чырвоную Слабаду, дзе на брацкай магіле яго ўдзельнікі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць савецкіх воінаў-вызваліцеляў. Чарговым прыпынкам стаў манумент Мацi, загiнуўшым у Вялікай Айчыннай вайне, што размешчаны непадалёку ад г. Старобіна. Апошнім прыпынкам стаў г. Салігорск, дзе ў завяршэнне мерапрыемства яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка Герою Савецкага Саюза Васілю Каржу, які знаходзіцца ля будынка гарадской бібліятэкі.
Мэтай шматкіламетровага аўтапрабегу стала выхаванне ў маладога пакалення павагі да герояў Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу народа, які абараніў незалежнасць Айчыны ад фашызму. Бясспрэчна, аўтапрабег закліканы спрыяць прыцягненню моладзі да ўдзелу ў патрыятычных мерапрыемствах, якія праводзяцца арганізацыйнымі структурамі ДТСААФ.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКАХ: падчас аўтапрабегу.
Фота аўтара
Комментарии