Рэдакцыя капыльскай раённай газеты “Слава працы” ўпершыню правяла прэзентацыю свайго выдання на Міжнароднай спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі”, якая сёлета была шаснаццатай па ліку і адкрывалася ў Мінскім футбольным манежы разам з Міжнародным форумам па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТИБО-2012”.
[caption id="attachment_18197" align="aligncenter" width="448" caption="Падчас прэзентацыі “Слава працы” Сяргей Козел, Таццяна Бохан, Аляксандр Булакевіч"]

[/caption]
На такім мерапрыемстве галоўная ўвага надавалася навейшым інфармацыйным тэхналогіям развіцця мас-медыя. Але і раёнкам было адведзена пачэснае месца. Праўда, на гэты раз не ў папяровым выкананні, а ў выглядзе мультымедыйных праектаў.
На другі дзень адкрыцця выстаўкі сваю прэзентацыю паказалі журналісты “Мінскай праўды”, шматтыражкі Жодзінскага аўтазавода, а пасля наступіла чарга трох раёнак – клецкай, капыльскай і смалявіцкай.
Выступленне капылян не засталося незаўважаным. Калі каля стэнда Мінскай вобласці загучала кампазіцыя ў выкананні Аляксандра Булакевіча, тут жа сабраўся натоўп людзей. Так пачалася невялікая імпрэза, прысвечаная слаўнаму куточку на карце Рэспублікі Беларусь – Капыльшчыне і яе галоўнаму летапісцу – дзяржаўнай установе “Рэдакцыя газеты “Слава працы” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Капыль- шчыны”. Прэзентацыю вялі загадчыкі аддзелаў: пісем і сацыяльных праблем – Таццяна Бохан, радыё і інфармацыі – Сяргей Козел.
[caption id="attachment_18193" align="aligncenter" width="443" caption="А. Пранішнікаў, Дз. Трафімічаў, М. Шэіна"]

[/caption]
Прысутныя ўважліва глядзелі на экран, дзе былі паказаны фрагменты фільма “І гэта ўсё – мой край”, створанага Аляксеем Траццяком і аўтарам гэтых слоў. Было цікава даведацца, што гэта за гарадок, які стаіць “на стромкай гары, падпярэзаны рэчкай”? Што гэта за край, які так многа падарыў Айчыне, свету разумных і таленавітых людзей, і што сёння ўяўляе гэты рэгіён Міншчыны?
Другая частка прэзентацыі – гэта слайд-фільм пра рэдакцыю, гісторыю “Слава працы”. На экране перапляліся дзень мінулы і дзень сённяшні, творчыя задумкі і здабыткі самага папулярнага выдання на Капыльшчыне. І гэта ў той час, калі побач размясціліся стэнды СМІ іншых рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Кітая, Кубы, Індыі, Азербайджана і інш.
Своеасаблівы каларыт усёй праграме надавала чароўнае гучанне то дудкі, то флейты. Самабытны музыкант Капыльшчыны Аляксандр Булакевіч быў сустрэты гарачымі апладысментамі і воклічамі “Брава!” Дарэчы, яго імя часта з’яўляецца ў самых розных сродках масавай інфармацыі. Памятаю, як ён разам з некаторымі іншымі народнымі музыкантамі пабываў у Венесуэле падчас візіту ў гэту краіну Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Матэрыял аб творчай паездцы капыляніна быў надрукаваны ў “Слава працы”, “Мінскай праўдзе”, “Беларускай ніве”.
[caption id="attachment_18194" align="aligncenter" width="422" caption="Падчас прэзентацыі газеты «Да новых перамог» (г. Клецк)"]

[/caption]
Дарэчы, пра “Беларускую ніву”. Перад пачаткам прэзентацыі падышлі да мяне намеснік галоўнага рэдактара выдання Анатоль Пранішнікаў і аглядальнік Дзяніс Трафімічаў. Пытанне было такім: “Што для Вас значыць “Беларуская ніва?” І нагадала я, што восем гадоў запар гэта газета была для мяне, можна сказаць, энцыклапедыяй, калі будучы загадчыцай аграпрамысловага аддзела я пакрысе спасцігала азы сельскай гаспадаркі, шмат чаму вучылася ў журналістаў “Беларускай нівы”. Мне заўсёды імпануе вёрстка і падача матэрыялаў у гэтым выданні. А яшчэ, як журналіст з вялікім стажам, вельмі ганаруся, што ў галоўнай сельскай газеце працуе загадчыкам аддзела мая вучаніца Іна Гармель. Родам яна – з Вошкат, дзявочае прозвішча – Рымашэўская. Вучылася ў Старыцкай СШ. Студэнткай БДУ праходзі- ла практыку ў нашай раёнцы. І менавіта капыльская “Слава працы” дала ёй пуцёўку ў вялікую журналістыку. Пасля было прызнанне чытачоў, міжнародная прэмія. Няхай жа слаўныя традыцыі нашай газеты працягваюцца і далей, няхай узрастаюць таленты і радуюць сваёй творчасцю ўсё большую частку чытачоў.
Марыя ШЭІНА
Фота аўтара, Сяргея КОЗЕЛА, Паўла ШЭІНА, студэнта аддзялення журналістыкі ІПП
Комментарии