здзіўляецца Аленга Сінькевіч з вёскі Браткава. Пра тых, хто на вёсцы трымае гаспадарку, у апошнія гады гаварылі, што займаюцца яны справай нявыгаднай. Маўляў, ці варта гнуць спіну, калі малако, смятану, масла, мяса, яйкі можна купіць у магазіне. Аднак маладая сям’я Сінькевічаў з вёскі Браткава аспрэчвае гэта меркаванне. У свае дваццаць шэсць гадоў Алена і Сяргей не лічаць нейкай надзвычайнай справай падняцца рана-ранютка, каб перад выганам у поле падаіць жывёлу. Паўтара года назад трымалі ажно чатыры каровы. Цяпер на падвор’і ў гэтай сям’і – дзве, ды яшчэ адна дапоўніла гаспадарку, калі пасля пажару да дачкі перайшла жыць маці Валянціна Іванаўна Раманчук. Калі вы думаеце, што каровы на падвор’і дояць рукамі, то памыляецеся. У сучасных умовах – сучасны падыход. Ужо тры гады, як Сінькевічы ўключаюць даільны апарат і… толькі паспяваюць напаўняцца вёдры. Навыкі такой работы атрыманы з уласнага вопыту. Сяргей – аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы “Заракаўцы”, а Алена да дэкрэтнага водпуску даіла на МТФ “Браткава”. Акрамя кароў, на падвор’і ў Сінькевічаў утрымліваюцца конь, свінні, куры, індыкі, качкі, гусі. На ўсё хапае часу ў Алены і Сяргея. Але самы галоўны клопат – шасцігадовы Ромка і Кірыл, якому хутка споўніцца два годзікі. Дзеля іх дабрабыту і стараюцца бацькі. І хаця лічыць чужыя грошы не этычна, усё ж трэба адзначыць, што за здадзенае дзяржаве малако сям’я ў месяц мае больш за мільён рублёў прыбытку. — Я не ўяўляю, як можна сёння жыць на вёсцы і не трымаць гаспадарку?! – здзіўляецца Алена Сінькевіч. – Мне, напрыклад, гэта ў радасць. Можа, таму, што яшчэ маладыя, сілы ёсць. І ўсё ж, сёння пакуль не ўсе маладыя сем’і, што жывуць на вёсцы, імкнуцца да вядзення падсобнай гаспадаркі. Глыбокі след не ў аднаго пакалення пакінула так званая палітыка былога Саюза сямідзесятых гадоў, калі модным быў кліч “зраўняем сяло з горадам”, а пасля і наогул павальны выезд моладзі з вёскі. Спыніць гэты працэс стала зусім няпроста. Давялося на самым высокім узроўні прымаць адпаведныя рашэнні, адным з якіх з’явілася сапраўды дастойная павагі Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі. Ажыўленне эканомікі, рост вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, будаўніцтва добрага жылля, стварэнне сацыяльнай інфраструктуры – гэтыя і іншыя фактары прыпынілі, здавалася б, незваротны працэс. У вёсцы ўсё больш стала заставацца моладзі. Усвядоміўшы ісціну, што ад дабра дабра не шукаюць, многія з іх абсталёўваюцца ў сельскай мясцовасці, ствараюць сем’і. Таму невыпадкова Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка менавіта на дадзены момант акцэнтуе ўвагу на развіццё падсобных гаспадарак, падтрымку жадаючых мець уласнае падвор’е. Неяк у размове з вяскоўцамі адзін паважанага ўзросту чалавек прыкмеціў: “Калі па вуліцы ідзе хоць адна карова, значыць, вёска жыве”. І зноў я вяртаюся да маладой сям’і з Браткава. Аналіз работы мясцовага органа ўлады і мае асабістыя назіранні (даводзілася не раз пісаць пра тутэйшых людзей, што трымаюць гаспадарку) яшчэ раз пацвярджаюць той факт, што ў Браткаве і навакольных вёсках здаўна жыла цяга да падвор’я і перадавалася ад аднаго пакалення да другога. Хіба што старасць ды падарванае здароўе перашкаджалі трымаць карову, свіней, птушку. — Сапраўды, СГФ “Браткава” ў нас пастаянна выдзяляўся, — расказвае старшыня Браткаўскага сельвыканкама Іван Драцкі. – Вось і на дадзены момант на яго тэрыторыі пражывае 482 чалавекі, маецца 248 асабістых гаспадарак і ўтрымліваецца 94 галавы БРЖ, з якіх 68 – каровы. А вось на ўчастку “Навасёлкі” ААТ “Капыльскае” (былое ЗАТ “1 Мая”) пражывае 714 чалавек. На 332 гаспадаркі даво- дзіцца толькі 32 каровы. Такая розніца адмоўна адбіваецца на агульным паказчыку, але ўсё ж дазволіла нам заняць першае месца ў раёне за мінулы год па закупе малака ў разліку на адну карову. Трэба адзначыць, што закупам малака ў дадзеным сельскім Савеце круглы год ахоплены ўсе гаспадаркі, дзе ўтрымліваюць кароў. За пяць месяцаў на адну галаву даводзіцца па 866 кілаграмаў пры сярэднераённым паказчыку 490. Нягледзячы на зусім няпростую сітуацыю ў дадзеным пытанні, прыемна ўражвае той факт, што некаторыя сем’і ўжо не абмяжоў- ваюцца толькі адной каровай. Напрыклад, Віктар Малюкевіч з Браткава ўтрымлівае чатыры галавы. Яшчэ на 14 падвор’ях налічваецца па дзве каровы. А гэта значны прыбытак у сямейны бюджэт. Да таго ж не трэба, як у ранейшыя часы, уручную касіць выдзелены надзел або шукаць больш-менш лепшага травастою на лужках ці пругменях. Клопат на сябе бярэ гаспадарка. Кіраўнік сельскагаспадарчага філіяла “Браткава” ААТ “Капыльскі райаграсервіс” Уладзімір Лагута расказвае: — Тым, хто ўтрымлівае карову на падвор’і, выдаём па тры рулоны сена коштам 18 тысяч кожны з дастаўкай. За закуплены маладняк выдзяляем адзін рулон сена бяс-платна, за 1 кіла грам жывой вагі (да 75 кг) – па 25 кг збожжа бясплатна, за кожны наступны кілаграм – ужо па 20 кг. Стараемся арганізоўваць пашы, падкошваем іх… Такі падыход да патрэб вяскоўцаў робіць іх зусім не праблемнымі і пры раскладзе сваіх сіл у значнай меры акупаецца ў многа разоў. І не толькі пры ўтрыманні кароў. На апошнім пасяджэнні Браткаўскага сельвыканкама, дзе разглядалася пытанне ўтрымання і падтрымкі асабістых гаспадарак, размова ішла пра дапамогу вяскоўцам і ў іншых надзённых клопатах. Так, кіраўніцтву ААТ “Капыльскае” і СГФ “Браткава” даручана аказваць дапамогу грамадзянам у набыцці пасяўнога матэрыялу, у пасадцы і апрацоўцы прысядзібных участкаў, забеспячэнні падкормкі і падкошвання пашаў для ўласнай жывёлы, забеспячэнні сенам, саломай, аказанні ветэрынарнай дапамогі жывёле ў асабістых падвор’ях. На кантролі – бесперабойны закуп малака і кантроль за яго якасцю, своечасовы разлік з насельніцтвам. Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся не безпадстаўна, бо на тэрыторыі дадзенага сельскага Савета ва ўласных падвор’ях акрамя кароў утрымліваецца 797 свіней, 32 авечкі, 60 коней, 14 коз, 5527 штук птушкі, 100 трусоў і 55 пчоласем’яў. У мінулым годзе вяскоўцамі было атрымана 702 050 кілаграмаў малака, 188 669 кг мяса, 710 500 штук яек, 306 кг мёду, а таксама сабрана 3933 цэнтнеры збожжавых, 23 305 ц бульбы, 6988 ц агародніны, 13 134 ц кармавых караняплодаў. Вышэйузгаданыя лічбы яскрава сведчаць аб тым, што выгаду ў падвор’і маюць не толькі вяскоўцы. Ад павышэння іх дабрабыту ў значнай меры расце і эканоміка гаспадаркі, яшчэ раз пацвярджаючы прынцып: гаспадарка асабістая — клопат агульны. Марыя ШЭІНА НА ЗДЫМКАХ: 1. Старшыня Браткаўскага сельвыканкама Іван Драцкі; 2. На падвор’і ў Сінькевічаў. Фота аўтара
Комментарии