На гэта пытанне адказвалі ўдзельнікі семінара “Сацыяльна-эканамічнае развіццё сельскіх тэрыторый на падставе традыцый і культурнай спадчыны”, што адбыўся ў красавіку ў Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя А.Астрэйкі.
[caption id="attachment_18150" align="aligncenter" width="443" caption="А. Раеўская і В. Кліцунова"]
[/caption]
У мерапрыемстве, якое праходзіла ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў Беларусі” (рэалізуецца дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і Фонда “Еўразія”), прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Алай Раеўскай, эксперты Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама, паляўнічагаспадарчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белдзяржпаляванне” і ДЛГУ “Капыльскі лясгас”, гаспадары вясковых сядзіб, прадстаўнікі праектных тэрыторый Капыльскага, Валожынскага і Зэльвенскага раёнаў, іншыя зацікаўленыя асобы.
Перад афіцыйнай часткай для ўдзельнікаў мерапрыемства правялі майстар-клас “Велікодная выцінанка”, дзе прысутныя вучыліся ствараць упрыгажэнні да свята з паперы.
[caption id="attachment_18151" align="aligncenter" width="443" caption="Майстар-клас «Велікодная выцінанка»"]
[/caption]
Пасля ўдзельнікі семінара наведалі сядзібу сям’і Пацэнкераў, дзе даведаліся, як гаспадары ўшаноўваюць каталіцкія традыцыі. Паколькі дзейства адбывалася адразу пасля Вялікадня, Валянціна Віктараўна расказала гасцям пра асаблівасці яго падрыхтоўкі і святкавання, якія пануюць у іх сям’і.
Менавіта дзякуючы такім мясцовым, асаблівым традыцыям і фарміруецца агратурыстычнае прадпрымальніцтва і бізнес, падкрэсліла старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова: “Цяпер турысты жадаюць вандраваць малымі групамі, каб менавіта пад іх рабілі праграму. Людзям важна, што яны адчуюць пасля вандроўкі. Калі вы закранулі іх сэрца, значыць наведвальнікі вярнуцца да вас зноў. Таму сучасны турызм і называюць фабрыкай уражанняў”.
Важным складаемым аграэкатурызму з’яўляюцца традыцыі. Тое, што ў Капыльшчыны ёсць багатая нематэрыяльная спадчына, прысутныя даведа-ліся ад дырэктара раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіны Гурло. Шматлікія самабытныя калектывы, цікавыя абрады (акрамя вядомых “Цароў” былі прэзентаваны яшчэ Каляды, Масленіца, Багач, Папялец, Тройца і іншыя) могуць стаць той разынкай, якая прыйдзецца даспадобы аматарам сельскага адпачынку. Да таго ж, свае асаблівасці мае і мясцовая кухня. Гэта цікава для турыстаў, асабліва замежных. Пасля такой змястоўнай прэзентацыі прадстаўнікі арганізацый, гаспадары сядзіб праявілі яшчэ большую цікавасць да ўбачанага.
[caption id="attachment_18152" align="aligncenter" width="443" caption="У сядзібе сям’і Пацэнкераў"]
[/caption]
Але не толькі традыцыі дапамагаюць у “прыгатаванні” турыстычнага прадукта. Навакольнае асяроддзе, мясцовы ландшафт — гэта таксама складаемыя агратурыстычнага бізнесу. Некаторыя сакрэты такога “добрасуседства” раскрыў гаспадар сядзібы “Гаенскія вытокі” прафесійны пчаляр Сяргей Селях. Экскурсіі па пчальніку для дзяцей і дарослых — вельмі павучальныя і цікавыя. Наведвальнікі могуць прасачыць увесь працэс “стварэння” мёду і, у дадатак, паспытаць яго, запіваючы чаем з мясцовых траў.
Калі вы стаміліся ад цывілізацыі, шуму і шкодных газаў вялікага горада, то “зялёнае паляванне” — гэта тое, што вам неабходна. З асаблівасцямі арганізацыі фотапалявання на глушцоў для аматараў і прафесіяналаў у Налібоцкай пушчы пазнаёміў дырэктар заказніка “Налібоцкі” Васіль Шакун.
Пра напрацоўкі ў справе развіцця турызму паведаміў галоўны ляснічы ДЛГУ “Капыльскі лясгас” Уладзімір Васілько. Ён падкрэсліў, што сёння ў іх арганізацыі створана добрая турыстычная база: ёсць два камфартабельныя домікі паляўнічага, лазня, вадаём. Пабываўшы ў в. Новая Гута, удзельнікі семінара на свае вочы ўпэўніліся, што ў лясгасе дастойна могуць прыняць невялікую групу турыстаў — як нашых, так і замежных.
Сельскі турызм у Беларусі з’явіўся параўнальна нядаўна і вельмі імкліва развіваецца. Верыцца, што ў Капыльскім раёне, дзе маецца мноства цікавых прыродных скарбаў, гісторыка-культурных каштоўнасцей, цікавы “зялёны маршрут” “Міжрэчча Мажы і Морачы” і іншае, у хуткім часе з’явяцца шматлікія прыхільнікі аграэкавандровак.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии