Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

43

Наш герой

02.05.2012
Да 90-годдзя Героя Сацыялістычнай Працы, Ганаровага грамадзяніна Капыльскага раёна Мікалая Андрэевіча Сухій. Нарадзіўся Мікалай Андрэевіч Сухій на Мядзельшчыне. Маці працавала настаўніцай і несла дзецям выдатныя веды. А як ён ганарыўся бацькам, вясковым аграномам, які быў вядомы ў літаратурным коле. Ён любіў чытаць бацькавы цікавыя апавяданні, вершы і гумарэскі. З роду Сухій выйшаў генеральны канструктар самалётаў, двойчы Герой Савецкага Саюза, лаўрэат дзяржаўных прэмій Павел Іосіфавіч Сухій. Мікалай сустракаўся са сваім дзядзькам і вельмі ганарыўся ім. Вайна закінула іх сям’ю на Саратаўшчыну, было цяжка, галадалі і працавалі на абаронных прадпрыемствах. З 1944 па 1947 гады Мікалай служыў у радах Савецкай Арміі. Набыў вялікі вопыт, працуючы на розных пасадах, спачатку старшынёй райплана ў Вілейцы, намеснікам старшыні райвыканкама. Затым вучыцца ў Беларускім дзяржаўным  інстытуце народнай гаспадаркі на эканаміста, закончыць аспірантуру і стане вучоным-эканамістам. А такія адукаваныя кадры ўсюды патрэбны: яго забіраюць на адказную пасаду ў Мінскі абкам КПБ. У 1959 годзе трыццацісямігадовы Мікалай Сухій узначаліць выканкам Капыльскага раённага Савета дэпутатаў працоўных, а ў 1962 годзе стане першым сакратаром Капыльскага райкама партыі, з 1962 па 1966 гады – начальнікам раённага вытворчага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Узгадвае Іван Вікенцьевіч Булат: “Новы кіраўнік раёна ўмела заняўся падборам кіруючых кадраў: саўгас “Цімкавіцкі” ўзначаліў Анатоль Паўлавіч Вайтовіч, які ў перспектыве таксама ўзначаліць наш раён. А як ён умела заўважыў арганізатарскія здольнасці Эдуарда Рыгоравіча Кароткіна, які зрабіў калгас “1 Мая” высокарэнтабельным, і па вопыт да якога ехалі спецыялісты-аграрнікі з усёй Міншчыны. Яго пратэжэ былі Аляксандр Іванавіч Яцэвіч з калгаса “Рассвет”, Васіль Іванавіч Яфімчык – калгас імя Дзяржынскага. Накіраваў ён у адсталы калгас “Шлях Камуны” Міхаіла Міхайлавіча Касінскага, а праз год-два той вывеў гаспадарку ў перадавыя”. Віктар Адамавіч Семянкевіч, былы рэдактар райгазеты, казаў: “Умелы гаспадарнік быў Сухій, разумны чалавек, які мог размаўляць з кожным чалавекам. Асобны, тактычны падыход быў да кожнага кіраўніка прадпрыемства. Даводзілася часта сустракацца з ім у розных паездках па раёне. Назаўсёды ў памяці застанецца яго дабрыня. Калі мне ў 1963 годзе даверылі арганізаваць работу рэдакцыі газеты “Слава працы”, то я адчуў падтрымку з боку Мікалая Андрэевіча. Ён дапамагаў наладзіць дзейнасць рэдакцыі і друкарні. Выдзеліў памяшканні і заўсёды пытаўся: “Чым вам, журналістам, дапамагчы?” Разбудаваўся Капыль, разбудаваліся вёскі раёна, а ў гаспадарках з’явіліся новыя мехдвары і фермы. У 1963 годзе за поспехамі ў павелічэнні вытворчасці малака і мяса Капыльскаму раёну быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР, а таксама грашовая прэмія. Праз год першынство раёна падцвердзілася. У 1966 годзе за дасягнутыя поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак жыта, пшаніцы і іншых збожжавых культур начальніку вытворчага ўпраўлення сельскай гаспадаркі Мікалаю Андрэевічу Сухій і свінарцы калгаса “Крыніца” Алімпіядзе Адамаўне Трыгубовіч было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы. А ў жніўні 1966 года Сухій назначаецца першым сакратаром Салігорскага райкама партыі. Але ён  помніў Капыльшчыну і са шматлікімі дэлегацыямі салігорцаў часта наведвае капыльскія гаспадаркі. Любіць ён наш край, у які ўклаў сваю энергію і душу. І дзе б ні працаваў пасля, сустрэўшы сваіх землякоў, як ён называў капылян, пытаўся: “Як там, у Капылі?” І радаваўся нашым перамогам і поспехам. Ён узначальваў выканкам Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Адзначаны многімі ўрадавымі ўзнагародамі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яго жыццё заўсёды напоўнена жаданнем несці людзям дабрыню, павысіць іх дабрабыт, і з гэтай задачай Мікалай Андрэевіч спраўляецца паспяхова. І мы, капыляне, за гэта зычым яму моцнага здароўя, плённай грамадскай працы на пасадзе члена Савета старэйшын пры Мінаблвыканкаме. Іван ІГНАТЧЫК, г. Капыль  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей