Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

40

Цэнтральны рэгіён павінен быць лідэрам

01.07.2010

Цэнтральны рэгіён павінен быць лідэрам, паколькі, па ацэнцы Прэзідэнта краіны, гэта асобы рэгіён, ад узроўню развіцця якога ў многім залежыць дынаміка сацыяльнага развіцця ўсёй Беларусі. Аб гэтым сказаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, адказваючы на пытанні журналістаў падчас канферэнцыі, якая праходзіла 25 чэрвеня ў аблвыканкаме. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны (як дзяржаўных, так і недзяржаўных), шэрагу рэспубліканскіх СМІ. Таксама працаваў тэлемост з г. Маладзечна, дзе ў студыі тэлепраграмы “МКТБ”, акрамя гаспадароў знаходзіліся журналісты з Валожынскага, Вілейскага, Мядзельскага і Уздзенскага раёнаў. Адказваючы на пытанне аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёну, Барыс Батура адзначыў, што па шэрагу асноўных пазіцый (вытворчасць прамысловай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, тавараабарот, увод жылля, заработная плата і г. д.) назіраецца стабільны рост. Аднак ёсць пэўныя праблемы як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару ў аграпрамысловым комплексе, дзе пакуль ідзе адставанне. Неабходна павышаць эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці, зазначыў кіраўнік вобласці. І над гэтым актыўна працуюць кадры АПК. Як паведаміў Барыс Батура, дзяржаўная датацыя сельскай гаспадаркі захаваецца, паколькі сацыяльна арыентаваная палітыка прадугледжвае рэгуляванне цэн на сельгаспрадукцыю. Даціраванне сельскай гаспадаркі — гэта сусветная практыка, аднак сродкі, якія будуць выдзяляцца, павінны выкарыстоўвацца эфектыўна. Калі выпрацоўка на аднаго работніка будзе складаць ад 50 да 100 млн руб. у год, тады і вынік будзе, упэўнены губернатар. Узбуйненне сельгаспрадпрыемстваў трэба ўвязваць з тэрытарыяльным дзяленнем, пры гэтым прадугледжваць, каб было зручна для насельніцтва. Аптымальны аб’ём сельгасугоддзяў – 7 – 10 тысяч гектараў. Калі праграма будаўніцтва аграгарадкоў накіравана на стварэнне ўмоў пражывання, набліжаных да гарадскіх, на цэнтральнай сядзібе, то ў далейшым гаспадарка павінна ўжо сама клапаціцца пра іншыя вёскі, весці работу з насельніцтвам. У кожным канкрэтным выпадку трэба зыходзіць з абставін, якія склаліся, лічыць Барыс Васільевіч. На вёсцы сёння дастаткова жылля, каб вырашыць праблему ўшчыльнення і стварыць зручнасці для пражывання людзей. Адказваючы на пытанне аб замацаванні маладых спецыялістаў АПК, Барыс Батура адзначыў, што сёння ні ў адной іншай галіне большых мер для гэтага не прынята. Ёсць розныя прыклады, аднак самае галоўнае, перакананы губернатар – гэта адпаведныя адносіны кіраўніка сельгас- прадпрыемства, горада, раёна да спецыяліста. Калі яны будуць, то спецыяліст прыжывецца і не з’едзе пасля адпрацоўкі. Што тычыцца заработнай платы, то Барыс Батура адзначыў, што ў вобласці самы высокі яе сярэдні ўзровень: за 6 месяцаў ён складзе 1 млн 80 тыс рублёў. Неабходна сур’ёзна працаваць, каб да канца года выйсці на запланаваны паказчык у 500 долараў. Такі рост павінен быць увязаны з павелічэннем вытворчасці прадукцыі. Па словах Батуры, гэту вельмі адказную задачу павінны разумець і выконваць органы мясцовай улады, пакуль жа такой заклапочанасці ў рэгіёнах няма. Даўно наспела неабходнасць стварэння буйнога домабудаўнічага камбіната непадалёку ад сталіцы, лічыць Барыс Васільевіч, бо Барысаўскі і Салігорскі, дзе вядзецца мадэрнізацыя, не спраўляюцца з запланаванымі аб’ёмамі будаўніцтва жылля на бягучы год. У вобласці сур’ёзна працуюць над прыцягненнем інвестыцыйных рэсурсаў, развіццём малога і сярэдняга бізнесу. І тут вельмі важна, лічыць губернатар, якія адносіны будуць да патэнцыяльнага інвестара. Ад кіраўнікоў раёнаў і адпаведных служб аблвыканкама запатрабавана, каб яны змяніліся ў лепшы бок. За кошт гэтага, упэўнены Барыс Батура, на 30 – 40% павялічыцца аб’ём інвестыцый. Ён расказаў журналістам, якая падтрымка будзе аказвацца ў вобласці малому і сярэдняму бізнесу ў бягучым годзе. Журналістаў таксама цікавіла, як будуць вырашацца праблемы мясцовага значэння. Так, напрыклад, для маладзечанцаў даўно наспела неабходнасць будаўніцтва аб’язной дарогі. Планам яно прадугледжана на 2012 – 2015 гады, але кіраўнік вобласці паабяцаў, што пытанне будзе прапрацоўвацца, каб прыблізіць тэрміны. Будаўніцтва дзіцячага сада ў г. Лагойску запланавана на 2015 год, але ўжо сёння ёсць праблема з уладкаваннем дзяцей у дашкольныя ўстановы, таму праграма будзе перагледжана. Станцыю абезжалезвання вады ў Смалявічах плануецца пабудаваць у 2013 – 2014 годзе. Прапрацоўваецца і пытанне забеспячэння гарачай вадой у летні перыяд Валожына і іншых раённых цэнтраў. “Для мяне было нечаканасцю, што адсутнічае гарачае водазабеспячэнне ў некаторых райцэнтрах, — сказаў губернатар. — Будзе складзена праграма, каб рашыць гэту праблему па вобласці”. Таксама дадзена адпаведнае даручэнне і па стварэнні ў вобласці сістэмы структуры кіравання жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая сёння, па словах Батуры, адсутнічае. Гаворачы пра работу ЖКГ, старшыня аблвыканкама адзначыў, што гэта галіна па важнасці нічым не ўступае іншым галінам народнай гаспадаркі. Таму тут павінны працаваць высакакласныя спецыялісты. І галоўнае, каб была сістэма ў рабоце. Усё трэба дакладна арганізаваць, тады і нараканняў ад людзей не будзе. “Недарамонты сёння складаюць да 40 гадоў, і аб гэтым трэба гаварыць прама. Усё адразу не зробіш, таму ў першую чаргу неабходна зняць балявыя кропкі, а далей сказаць, калі і што будзе рабіцца», — упэўнены Барыс Васільевіч. Трэба своечасова, штогод праводзіць планава-папераджальныя рамонты, тады не прыйдзецца ўкладваць мільярды, — зазначыў кіраўнік вобласці. Прыдарожны сервіс у вобласці развіты, трэба ўдасканальваць тое, што ўжо маецца, лічыць Барыс Батура. Гаворачы аб сваім бачанні развіцця раённых цэнтраў, ён адзначыў, што тут галоўнае слова павінна быць за архітэктарам. Трэба, каб кожны горад меў свой шарм, а ў першую чаргу неабходна наводзіць парадак. Такая задача пастаўлена перад кіраўнікамі раёнаў. Барыс Батура заклікаў журналістаў быць аб’ектыўнымі пры напісанні сваіх матэрыялаў і паабяцаў, што прэс-канферэнцыі стануць рэгулярнымі. Таццяна РАІЦКАЯ


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей