
Што ж нам чуецца ў такой загадкавай і таямнічай назве – КАПЫЛЬ, якая ўпершыню ўзгадваецца ў Галіцка-Валынскім летапісе яшчэ ў 1274 годзе? Версій, навуковых і фантазійных, наконт паходжання назвы роднага населенага пункта шмат. Яны вядомыя многім. Мне ж сёння захацелася шырэй і глыбей, больш скрупулёзна, нават лірычна, паглядзець на гэта, зрабіць падарожжа ў сівую даўніну гераічнай капыльскай зямлі…
Мо, адказ трэба шукаць у Высокай Паэзіі?.. У Янкі Сіпакова ў адным з вершаў чытаем:
Кап…кап…кап…
Капяжу застылыя гукі
У марознай аціхнуць цішы…
Мусіць, і сама назва “Капыль” і ўзнікала ў такі вясновы час?! Цікава, што капам нашы продкі называлі і нараст, наплыў на ствале дрэва, а лясоў на Капыльшчыне заўсёды было шмат. Капыльскія гаспадыні яшчэ на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў пачалі свае ложкі ўпрыгожваць капай – узорыстым пікейным пакрывалам. Капою называлі часцей за ўсё ў дзяўчат і цэлы вадапад валасоў, якія сапраўднымі хвалямі спадалі і рассыпаліся па плячах… Як сведчыць павер’е: такім дзяўчатам не доўга сядзець у дзеўках… А гаспадары ў гэты час увішна працавалі на палетках, ствараючы копы сена, прычым самым прыгожым конусам.
Цікава, што капой у народзе спрадвек называлася і адзінка лічэння – шэсцьдзясят штук чаго-небудзь. І, нарэшце, капа – гэта ў часы феадалізму сход сялян, які разглядаў судовыя справы і зямельныя спрэчкі. Менавіта такі сялянскі сход і лічыўся на працягу значнага часу вышэйшым органам.
Не менш цікавым з’яўляецца і слова “капыл”. Капыл – гэта кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец традыцыйна рабіў абутак.
Шмат майстроў заўсёды было на Капыльшчыне. Ужо ў ХVІІ стагоддзі Капыль быў шырока вядомы ў тутэйшых мясцінах і за мяжой сваімі рамёствамі, налічвалася шэсць цэхаў: шавецкі, кравецкі, шапачны, ткацкі, ганчарны, мясніцкі. А быт, як вядома, часта і пераходзіў у назвы ўсяго таго, што акаляла нашых продкаў.
Бясспрэчна, вельмі блізкія капылянам і фразеалагізмы, што таксама сведчыць пра бясконцую мудрасць беларускага народа. Успомнім іх: гнуць на свой капыл; і з капылоў далоў; на чый капыл; усе (усё) на адзін капыл.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
г. Віцебск
Комментарии