Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

41

Шынок пры дарозе

27.04.2012
Карчма, заезды, аўстэрыі – сёння гэтыя назвы не зусім звыклыя для сучаснай мовы. І калі корчмы ды заезныя дамы большасць ведаюць, то назва аўстэрыя для многіх незнаёмая. Тым не менш, гэта від карчмы, заезны дом, назва якога мае італьянскія карані. Будавалі іх зазвычай каля рынку, яны мелі стайні, вазоўні, гасцінныя пакоі, каморы. У вазоўні можна было зрабіць “тэхрамонт” транспартнага сродку, падрамантаваць вупраж. [caption id="attachment_18040" align="aligncenter" width="443" caption="Iнтэр’ер карчмы ў экспазіцыі Капыльскага краязнаўчага музея"][/caption] Згодна з інвентаром 1744 года ў Капылі налічвалася “214 дымоў, 4 корчмы, 1 карчэмны плац, 17 шынкоў, 4 бровары, 3 кузні”. На галоўнай плошчы Капыля знаходзіліся гандлёвыя рады, дамы рамеснікаў-гандляроў і заезны дом. Парадак дзейнасці карчмы рэгламентаваўся Статутамі Вялікага княства Літоўскага, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, а з канца 18 стагоддзя – законамі Расійскай імперыі. Паводле функцыянальнага прызначэння корчмы падзяляліся на шынкавыя (дзе кліент харчаваўся і атрымліваў напоі) і заезныя (можна было паставіць каня ў стайні і заначаваць). У карчме таксама праводзіліся сходы, збіралася моладзь на танцы. Тагачаснае меню было даволі разнастайным. З мясных страў спажывалі птушку. Ва ўжытку быў і рыбны стол, але ён займаў другаснае месца, і ў якасці асноўнай стравы рыбу не спажывалі. З агародніны ўжывалася морква, буракі, капуста, часнок, цыбуля, агуркі, гарох, рэпа. А вось бульба ў 18 стагоддзі не ўспрымалася як прадукт для непасрэднага спажывання. З яе рабілі муку і дадавалі ў хлеб. Асноўным напіткам у карчме было піва. Да 16 ст. на Беларусі гарэлку ніколі не спажывалі. Гарэлка ў нас з’явілася як лекавы сродак з Генуі і Нямеччыны. Піва было незаменным інгрэдыентам у гастранаміі ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Гарачае піва з мёдам ці макавым малаком, каўбасы, звараныя ў піве, іншыя стравы з піва былі аздобай стала. Піўныя супы за старадаўнім сталом у Рэчы Паспалітай замянялі каву ды гарбату, якія пачалі іх выцясняць толькі з 17 стагоддзя, але яшчэ і ў 19 стагоддзі такі суп карыстаўся вялікай папулярнасцю. Карчма не прэтэндавала на рэстаранны ўзровень абслугоўвання, чысцінёй таксама не заўсёды вызначалася, але народам была любіма. Піва ж пілі як мінімум заможныя сяляне – павольна, келіх за келіхам, абмяркоўваючы апошнія навіны. Прадзеды часцей за ўсё пілі сваё роднае піва. Дазволіць выпіць нямецкага ці англійскага “Портера” маглі толькі заможныя людзі. У дарэвалюцыйнай Расіі каля 30 заводаў называліся “Баварыя”, каля 15 – “Багемія”. Самым жаданым для беларусаў было ржаное піва. Існавала сістэма ўмоўных знакаў, што дазваляла здалёк даведацца, якімі напоямі гандлююць: “вянец на віно”, “веха на піва”, “крыж на мёд”. Піўная веха ўяўляла сабой пэўным чынам скручаны пук саломы. Ад вехі да вехі, ад карчмы да карчмы ехалі фурманы. Менавіта яны лічыліся найлепшымі знаўцамі піва. На жаль, не ўсе шынкары маглі пахваліцца гэткай сумленнасцю. Часта, каб “па-правіць” скіслае піва, у яго ўлівалі нягашаную вапну або паташ, якія мусіў вытрымаць няшчасны страўнік наведвальніка. У другой палове 18–пачатку 19 стагоддзяў на аснове карчмы сфарміраваліся новыя тыпы збудаванняў: гасцініцы, паштовыя станцыі, пастаялыя двары і інш. У Капыльскім краязнаўчым музеі адзін з раздзелаў экспазіцыі знаёміць наведвальнікаў з інтэр’ерам шынка (тып харчэўні). Ён прызначаўся для продажу напояў і ежы. Тут таксама можна ўбачыць фотаздымкі аднаго з карчмароў – Шымана Жукоўскага, які трымаў карчму ў в. Вусава. У сярэдзіне 19 стагоддзя корчмы і заезныя дамы пачалі занепадаць. У канцы 20 стагоддзя яны вярнуліся ў якасці дадатковых назваў да разнастайных кафэ і рэстаранаў. Таццяна ВАРАНЦОВА, старшы навуковы супрацоўнік ДУ “Капыльскі раённы краязнаўчы музей” Фота Таццяны БОХАН      

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей