Хуткімі тэмпамі вядуцца веснавыя палявыя работы ў ЗАТ “Жыліхава” .

У шэрагу іншых культур, якія тут вырошчваюцца, важнае значэнне надаецца цукровым буракам. Сёлета салодкія караняплоды зоймуць у гаспадарцы звыш 300 га. Як расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Уладзімір Ходзін, яшчэ з восені былі ўнесены ўсе неабходныя ўгнаенні, набыта насенне. Разам з ім мы наведаліся на 134-гектарны палетак, дзе ішла падрыхтоўка глебы пад цукровыя буракі і сяўба гэтай культуры. Перадпасяўныя работы вялі два “Беларусы” — адзін з дыскатарам, а другі ў счэпе з культыватарам. Следам за імі на МТЗ-82 сеялкай “Мега” сеяў механізатар Васіль Сняжко. За дзень ён праходзіць звыш 40 гектараў, да таго ж не мае ніякіх заўваг па якасці вядзення работ. Менавіта таму на дзень нашага наведвання гаспадаркі (у суботу) у гонар гэтага механізатара ля адміністрацыйнага будынка сельгаспрадпрыемства быў узняты чырвоны сцяг.
Васіль мясцовы, пасля навучання ў капыльскім вучэбна-курсавым камбінаце атрымаў прафесію трактарыста-машыніста і з таго часу працуе ў ЗАТ “Жыліхава”. У сям’і Сняжко, якой, дарэчы, гаспадарка выдзеліла жыллё ў двухкватэрным доме, падрастаюць дзве дачкі. “Які настрой на працу?” — цікаўлюся ў механізатара. “Добры, — чуецца ў адказ. — Ладзяцца справы на рабочым месцы, усё добра і дома. І гэта радуе. Паўгода таму атрымаў новы трактар, кіраўніцтва гаспадаркі паклапацілася і пра добрыя ўмовы працы, і пра арганізацыю двухразовага харчавання. Да таго ж, прыемна, што твае старанні заўважаюць – вунь, сцяг чырвоны ў гонар мяне паднялі. Так што — усё ідзе добра!”
Маргарыта САКОВІЧ
На здымку: Васіль Сняжко.
Фота аўтара
Комментарии