45 школьнікаў – лепшыя ў рэспубліцы знаўцы айчыннай і сусветнай гісторыі – дэманстравалі свае веды на рэспубліканскай алімпіядзе. Вучань Ванелевіцкай СШ Артур Кандраценка падняўся на 14 прыступку п’едэстала, за што быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені і ўжо па праве стаў студэнтам гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

— Самым складаным для мяне было пераадолець хваляванне перад тым, як зрабіць правільны адказ, — адзначыў Артур. — Займаўся штодзень, многа чытаў, бо лічу, што калі ты не будзеш ведаць гістарычныя паняцці, даты, падзеі, з’явы ці працэсы, то не будзеш ведаць гісторыю ўвогуле. Вось так, крок за крокам, адкрываючы нешта новае ў гісторыі, рухаўся да перамогі. Вядома, вольнага часу практычна не было, але мне вельмі дапамагала мая настаўніца Валянціна Васільеўна Дашукевіч і падтрымлівалі бацькі.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксей Абросімаў вельмі ганарыцца перамогай Артура і зазначае, што хлопец вылучаецца вялікай працаздольнасцю. Увогуле, Артур вельмі добры і шчыры юнак. Пасля размовы з ім складваецца прыемнае ўражанне, узнікае пачуццё патрыятызму, бо гаворыць ён толькі па-беларуску.
— Лічу, што ўсе беларусы павінны размаўляць на роднай мове. Нездарма Францішак Багушэвіч пісаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», — падкрэсліў юнак.
Як адзначаюць бацькі, безумоўна, яны стараюцца сачыць за рэжымам сына, каб не было перагрузак, і заўсёды звяртаюць увагу на яго настрой. Вядома, што калі няма настрою, то нічога не атрымаецца. Кім будзе Артур у будучым, яшчэ не ведае: магчыма — навукоўцам, а можа настаўнікам, будзе прадаўжаць падрыхтоўваць “алімпійцаў”. Дарэчы, прататыпам настаўніка для яго была маці, настаўніца пачатковых класаў Ванелевіцкай СШ. Але, нягледзячы на свае ваганні, Артур упэўнены ў адным, што ўменне параўноўваць, абагульняць, аналізаваць, рабіць высновы і характарызаваць дзейнасць гістарычных асоб – гэта яго. Ды і сваю будучую дысертацыю юнак марыць напісаць на мясцовым матэрыяле сваёй малой радзімы. Поспехаў табе, Артур!
Таццяна БОХАН
НА ЗДЫМКУ: А. Кандраценка (другі справа) з начальнікам РАА А. Абросімавым і бацькамі.
Фота аўтара
Комментарии