Першымі ў раёне распачалі сяўбу цукровых буракоў у ААТ “Капыльскае”. Тут гэта культура будзе займаць 360 га.
На палетку ля в. Філіпавічы, дзе мы пабывалі напрыканцы мінулага тыдня, працавалі два звяны, у кожным — па тры трактары. Адно з іх рыхтавала глебу, другое займалася непасрэдна сяўбой. “Мы імкнёмся апрацоўваць пры дапамозе АКШ толькі дзённы запас плошчаў. Не больш за 60-70 га, — расказвае намеснік дырэктара ААТ “Капыльскае” па раслінаводстве Уладзімір Мацэля. — Вельмі ж хутка высыхае глеба, мала вільгаці ў ёй. На сяўбе працуе зладжаны калектыў. У вопытных механізатараў Уладзіміра Федаровіча і Сяргея Каленчыца пераймае вопыт іх малады калега Дзмітрый Новік, у якога гэта толькі другая пасяўная. Разам у іх атрымліваецца вельмі добра”.
Уладзімір Федаровіч, з якім адбылася кароткая размова, працуе ў гаспадарцы амаль чвэрць стагоддзя. Пятнаццаць з іх займаецца сяўбой. Яму, безумоўна, ёсць чым дзяліцца з маладым калегам. Па ўсім было відаць, што ў іх міні-калектыве пануе ўзаемаразуменне і згуртаванасць, што дазваляе мэтанакіравана ісці наперад.
“Насення ў нас удосталь, — працягвае расказ Уладзімір Мацэля. — У поўным аб’ёме ўнеслі пад цукровыя буракі мінеральныя ўгнаенні. На гэтым палетку ў 286 га будуць пасеяны чатыры гатункі (Мандарын, Патрыя, Вінтура і Імперыял), усе замежнай селекцыі. Так што будзем чакаць добрага ўраджаю”.
Наогул, як, дарэчы, і ва ўсіх гаспадарках раёна, усе работы ў ААТ “Капыльскае” вядуцца ў комплексе. Як заўсёды, добра арганізавана харчаванне працаўнікоў, занятых на вясенніх палявых работах. У герметычных тэрмасах абеды дастаўляюцца непасрэдна да месца работы кожнага звяна. За ўсімі працэсамі сочаць адказныя спецыялісты.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии