Сёння спаўняецца 75 год з дня смерці нашага славутага земляка, дзеяча беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, дзяржаўнага дзеяча БССР, старшыні першага савецкага ўрада Беларусі, гісторыка, пісьменніка, публіцыста Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага). Ён стаў ахвярай вялікага сталiнскага тэрору. Сімвалічна, што Цішка Гартны быў адным са стваральнікаў беларускай савецкай дзяржавы, якая яго, стваральніка гэтай краіны, і знішчыла…
Зміцер Хведаравіч Жылуновіч нарадзіўся 4 лістапада 1887 года ў мястэчку Капыль у сялянскай сям’і. Вучыўся спачатку ў вандроўнага настаўнiка, а пасля ў пачатковай школе. У 1905 г. закончыў Капыльскае двухкласнае вучылiшча i ў наступным годзе пайшоў працаваць гарбаром. Прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху. У 1904 г. стаў членам капыльскай сацыял-дэмакратычнай арганiзацыi. У 1906 г. хацеў паступiць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, але не быў прыняты з-за «палітычнай нядобранадзейнасці». Займаўся самаадукацыяй.
У 1910 г. групай сацыял-дэмакратычнай моладзі пры актыўным удзеле Цішкі Гартнага ў Капылі быў створаны літаратурна-грамадскі гурток «Самаадукацыя і развіццё», які выдаваў рукапісны часопіс «Заря». У другой палове 1910 г. часопiс спынiў сваю дзейнасць, а ў 1911 г. выпуск часопiса быў адноўлены пад назвай «Голас нiза» з дадаткам на беларускай мове «Вольная думка». Рэдактарам першых нумароў часопiса быў Цiшка Гартны. Свае творы ён друкаваў пад псеўданiмамi Шулятнiк i Капылянiн.
На працягу 1909-1912 гг. у пошуках працы Цiшка Гартны аб’ездзiў многiя гарады Беларусi, Украiны, Лiтвы i Латвii. Вясной 1913 г. прыехаў у Пецярбург. Працаваў на заводзе «Вулкан», потым у выдавецтве «Новы чалавек». Там зблiзiўся з мясцовай сацыял-дэмакратычнай арганiзацыяй, стаў членам рабочага культурна-асветнага таварыства «Знание», пачаў супрацоўнiчаць у бальшавiцкiм друку.
У 1916 г. Цiшка Гартны працаваў у Беларускiм бежанскiм камiтэце, выдаваў газету «Дзяннiца». У сакавiку 1917 г. быў абраны дэпутатам Петраградскага Савета рабочых i салдацкiх дэпутатаў. У лютым 1918 г. прызначаны сакратаром Беларускага камiсарыята пры ўрадзе РСФСР, стаў рэдактарам беларускай савецкай газеты «Дзяннiца».
Пасля абвяшчэння Беларускай Савецкай Рэспублiкi з 1 сту-дзеня да 3 лютага 1919 г. Цiшка Гартны — старшыня часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусi. Пазней займаў розныя пасады: быў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопiса «Полымя», дырэктарам дзяржаўнага выдавецтва Беларусi, дырэктарам Дзяржаўнага архіва БССР, намеснiкам наркома асветы БССР, членам Iнстытута беларускай культуры. У 1929 г. выбраны правадзейным членам Акадэмii навук Беларусi. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. З 1934 года член Саюза пісьменнікаў БССР.
Быў выключаны з партыі ў 1931 г. у сувязі з абві-навачваннямі ў «нацыянал-дэмакратызме», арыштаваны ў 1936 годзе. У турме праз катаванні страціў здароўе, быў абвешчаны псіхічна хворым і пераведзены ў Магілёў, у псіхіятрычную лячэбніцу, дзе неўзабаве памёр па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх (па іншых звестках – скончыў жыццё самагубствам). Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парка ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11 красавіка 1989 года ўстаноўлены помнік.
15 кастрычніка 1955 г. пастановай Пракуратуры БССР за недаказанасцю складу злачынства была спынена крымінальная справа па абвінавачванні Жылуновіча, ён быў рэабілітаваны ў грамадска-прававых адносінах. Поўная палітычная рэабілітацыя адбылася 10 верасня 1987 г.
Цiшка Гартны вядомы як паэт, празаік, драматург, аўтар многiх публiцыстычных, лiтаратуразнаўчых i лiтаратурнакрытычных артыкулаў. Плённа працуючы амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, ён пакінуў значную спадчыну і заняў прыкметнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры.
У найскладанейшыя часы грамадзянскай вайны, сталінскіх рэпрэсій ён часта наведваў родныя мясціны і, пэўна ж, натхняўся любымі краявідамі.
Падрыхтавала Іна СОРКІНА,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Комментарии