Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

52

Не толькі зрабіць, але і ўмець падаць сябе

30.06.2010

Менавіта апошняга і не хапае пакуль службам ААТ “Капыльскі райаграсервіс”

Дзень кіраўніка горада – гэта не толькі своеасаблівы экзамен-справаздача для адміністрацыі прадпрыемства, на базе якога ён праводзіцца (вядома ж, патрабуецца папярэдняя падрыхтоўка), але і магчымасць пераняць вопыт арганізацыі работы, добраўпарадкавання аб’ектаў і тэрыторый.

Перш чым накіравацца ў ААТ “Капыльскі райаграсервіс”, дзе было запланавана правесці мерапрыемства, яго ўдзельнікі зрабілі калектыўны аб’езд горада па кальцавой дарозе, каб паглядзець, як выкананы даручэнні, дадзеныя падчас мінулага Дня кіраўніка, і вызначыцца з аб’ёмам работ па далейшым навядзенні санітарнага парадку.

Трэба адзначыць, што большасць кіраўнікоў справіліся з пастаўленымі задачамі. А вось што тычыцца ўласных домаўладанняў, то па-ранейшаму на вуліцы Мінскай складзіраваны будматэрыялы, гравій, каменне. Зарослыя травой камяні ляжаць і па вуліцы Прамысловай. Шмат зарослых пустуючых участкаў па вул. Заазёрнай. Не ўпрыгожвае вуліцу Дзяржынскага абгарэлы зруб у бур’яне.

Сёлета дажджлівае надвор’е спрыяе росту травы і пустазелля, таму асноўная задача для кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый – своечасовае абкошванне дарог, вуліц, меліярацыйных каналаў вакол горада, прылягаючых да аб’ектаў тэрыторый, праполка клумбаў. Заўвагі, зробленыя ў ходзе аб’езду, былі занесены ў пратакол. Кантралюючым службам раёна даручана прыняць меры да гаспадароў дамоў, дзе парушаюцца санітарныя нормы ўтрымання прыдамавой тэрыторыі.

Затым удзельнікі мерапрыемства наведалі ААТ “Капыльскі райаграсервіс”. Напомнім, што абслуговая арганізацыя ўтварылася шляхам далучэння да сельгастэхнікі спачатку сельгасхіміі, затым райаграпрамзабеспячэння, да падсобнай гаспадаркі “Прусы” далучыліся СВК “Руднае” і СВК “Браткава”. Сёння ў райаграсервісе працуе 600 чалавек, сярэдняя заработная плата па арганізацыі ў цэлым складае 650 тысяч рублёў.

Больш падрабязна дырэктар Анатоль Чаркас спыніўся на рабоце цэнтральнай рамонтнай майстэрні, якая ўключае ў сябе некалькі цэхаў: па рамонце збожжаўборачных камбайнаў, ПМК, уборачна-механізаванага атрада, па рамонце рухавікоў, па рамонце аўтатранспарту, энерганасычаных трактароў. Маецца аддзел па аграхімічным абслугоўванні, аднавілі нафтабазу, праз якую пастаўляецца з “Гродна-азоту” біяпаліва (заключаны дагавор на 1 млрд, ужо атаварана 600 млн рублёў).

За 5 месяцаў бягучага года па арганізацыі выручка ад рэалізацыі склала 10 млрд рублёў, у тым ліку ад асноўнай вытворчасці — 5 млрд 108 млн рублёў. Калі раней у райаграсервісе рамантавалі толькі “Доны”, то зараз ужо бяруцца і за КЗС 12-18 і буракаўборачныя прыстаўкі КСН-6. Дарэчы, апошнія ў вобласці ніхто не рамантуе, а капыльскія ўмельцы ў мінулым годзе адладзілі 8 штук: па 2 для Барысаўскага і Стаўбцоўскага раёнаў, 1 для  Уздзенскага і 3 для сваіх філіялаў. А вось раённыя сельгаспрадпрыемствы чамусьці не карыстаюцца такой магчымасцю. Па словах Анатоля Чаркаса, пасля рамонту такая прыстаўка можа ўбраць ураджай яшчэ са 150 – 200 гектараў.

З пачатку года тут адрамантавалі 7 збожжаўборачных камбайнаў на суму 76,5 млн рублёў, шэсць з іх ужо перададзены гаспадаркам, прычым без аплаты.  Разлікі – гэта самая балючая тэма для арганізацыі. Агульная дэбіторская запазычанасць складае 35 млрд 800 млн рублёў, у тым ліку за аказаныя паслугі 6 млрд 800 млн рублёў. З іх 4200 млн – паслугі мехатрада, транспарту, ПМК і запчасткі. А райаграсервіс штогод плаціць па 800 млн рублёў (54 млн у месяц) адтэрмінаваных падаткаў і пені. Кіраўнік арганізацыі добра разумее і становішча сельгаспрадпрыемстваў, таму і просіць разлічвацца хаця б за рамонтныя работы, бо для іх трэба ж набываць запчасткі, метал і г. д. Анатоль Чаркас паказаў кіраўнікам прыстасаванне, што навешваецца на задні борт МАЗа (можна і на ЗіЛ і ГАЗ-53), якое выключае ручную працу пры загрузцы мінеральных угнаенняў. Каштуе яно ўсяго 4 млн. “Калі будуць заяўкі, зробім для ўсіх”, — запэўніў кіраўнік.

Тры гады таму ў райаграсервісе асвоілі рамонт гноераскідвальнікаў ПРТ-7 і ПРТ-10. “Вельмі патрэбная рэч у гаспадарцы, а многія кіраўнікі нават не ведаюць пра нашы магчымасці, — зазначыў Чаркас. — За год 7 – 8 адзінак рамантуем. А каштуе ўсяго 14 – 15 млн рублёў”.

Што тычыцца рамонту рухавікоў, то акрамя Д-240 і Д-260 ужо пачалі асвойваць і рухавікі з МАЗаў і Донаў (ЯМЗ-236 і ЯМЗ-238). З пачатку года пераматалі 202 электрарухавікі і аддалі заказчыкам. Як адзначыў дырэктар, у арганізацыі ёсць рамонтны фонд, і калі здаецца рухавік, на час яго рамонту выдаецца падменны, а калі яго няма, то стараюцца заяўку выконваць на працягу дня, прычым без папярэдняй аплаты, у адрозненне ад іншых.

А яшчэ ў райаграсервісе асвоілі аднаўленне ўсіх сельскагаспадарчых шын па нямецкай тэхналогіі. Ухіляюцца любыя парэзы да 20 см. Кошт работ залежыць ад велічыні парэзу і вагаецца ў межах 70 – 250 тысяч рублёў. Анатоль Чаркас падзяліўся і планамі на перспектыву. З “Гродна-азотам” вядуцца перамовы, і завод згодзен укласці грошы ў рамонт асноўнага склада для сыпучых і вадкіх угнаенняў на 4 тыс. тон для міжраённых патрэб. Ёсць дамоўленасць з іншымі сервісамі на аказанне зварачных работ па вырабе асобных вузлоў і канструкцый. Плануецца таксама набыць стэнд для балансіроўкі шын вагой да 1,5 тоны (неабходна 22 млн рублёў). Працуюць і над расшырэннем наменклатуры рамонтных паслуг. Маецца дамоўленасць з вобласцю, каб райаграсервісу даручылі далейшае тэхнічнае суправаджэнне і рамонт энерганасычаных трактароў МТЗ-2822 і МТЗ-3022.

Кіраўнік лічыць, што і ў сельгасфіліялаў ёсць перспектыва. Дарэчы, за 2009 год арганізацыяй ім аказана дапамога на 2,5 млрд рублёў, гэта акрамя ўгнаенняў і ГЗМ. Сёння вядуцца вялікія будаўнічыя работы ў СГФ “Браткава”. А паколькі тут будзе аграгарадок, то неабходна шмат зрабіць і па добраўпарадкаванні тэрыторыі населенага пункта. І па словах дырэктара, райаграсервіс не застанецца ўбаку ад гэтай справы.

Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, падводзячы вынікі, адзначыла, што вытворчая дзейнасць у арганізацыі наладжана, а вось рэклама праводзімых работ адсутнічае. “Сёння трэба, каб эканамічная і маркетынгавая службы больш працавалі па распаўсюджванні інфармацыі аб тым, што вы можаце рабіць.  Што тычыцца разлікаў з сельгаспрадпрыемствамі, то абслуговым арганізацыям трэба больш актыўна працаваць падчас уборачнай. Збожжа – гэта адзін з варыянтаў узаемаразлікаў”, — сказала яна. Ірына Кісляк таксама звярнула ўвагу на неабходнасць навядзення санітарнага парадку на ўсіх аб’ектах. На тэрыторыі цэнтральнай рамонтнай майстэрні (трэба адзначыць вельмі вялікай) ён ёсць, праўда, ля адміністрацыйнага будынка можна было б разбіць клумбы ці  альпійскую горку, заўважылі ўдзельнікі мерапрыемства.

Таццяна РАІЦКАЯ

.


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей