Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

31

Папярэдзіць пранікненне небяспечнага віруса

11.04.2012
У райвыканкаме адбылося пасяджэнне міжведамаснага каардынацыйнага савета пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Леаніда Бурака з удзелам спецыялістаў зацікаўленых арганізацый, прадпрыемстваў  па недапушчэнні пранікнення афрыканскай чумы свіней (АЧС) на тэрыторыю раёна.Хваляванні па азначанай праблеме ўзніклі не на пустым месцы: эпізаатычная сітуацыя па гэтым захворванні жывёл у Расійскай Федэрацыі рэзка пагоршылася. Чума ў суседзяў распаўсюджваецца даволі хутка. “На цяперашні час АЧС зарэгістравана на тэрыторыі 22 расійскіх рэгіёнаў, ад Краснадарскага краю да Архангельскай вобласці, — адзначыў намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Капыльскага раёна Леанід Паляшчук. — Таму кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый першачаргова неабходна разгледзець пытанні няўхільнага выканання прафілактычных мерапрыемстваў”. Заражэнне здаровых свіней адбываецца пры сумесным утрыманні з інфіцыраванымі жывёламі, а смяротнасць пагалоўя можа складаць да 100%. У эпізаатычным ачагу знішчаецца ўсё пагалоўе, у тым ліку і свойскае. Адсюль зразумела, што эканамічны ўрон пры ўзнікненні захворвання будзе проста каласальным. Фактарамі перадачы віруса могуць стаць яшчэ і корм, пашы, транспартныя сродкі, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл. Механічнымі пераносчыкамі з’яўляюцца таксама птушкі, дамашнія і дзікія жывёлы, грызуны, наскурныя паразіты, якія былі ў кантакце з хворымі і загінуўшымі свіннямі. Як бачна, фактараў распаўсюджвання больш чым дастаткова. Прафілактычныя мерапрыемствы прадугледжваюць, у прыватнасці, арганізацыю поўнага збору (у спецыяльныя прамаркіраваныя кантэйнеры) і ўтылізацыю (тэрмічная апрацоўка) біялагічных і харчовых адходаў на перапрацоўчых прадпрыемствах, у сталовых, рэстаранах і іншых пунктах грамадскага харчавання, у тым ліку — на аб’ектах прыдарожнага сэрвісу. У гаспадарках, якія займаюцца свінагадоўляй,  рэкамендавана забяспечыць біялагічную ахову ферм і арганізаваць іх работу па прынцыпе прадпрыемстваў закрытага тыпу. Былі разгледжаны пытанні транспарціроўкі і рэалізацыі свіней. У прыватнасці, падчас здачы жывёлы са свінагадоўчых сельгасарганізацый дастаўка праводзіцца выключна аўтатранспартам, які належыць мясаперапрацоўчым прадпрыемствам, з наступнай абавязковай яго дэзінфекцыяй перад кожнай пагрузкай. Леанід Пятровіч засяродзіў увагу прысутных на забароне ўвозу з небяспечных краін і рэгіёнаў жывых свіней, спермы кныроў, мяса свініны і прадуктаў яе перапрацоўкі, скураной і кішачнай сыравіны, шчаціння, дзікоў (рэалізацыя іх мяса на рынках, кірмашах), паляўнічых трафеяў, кармоў і кармавых дабавак для жывёл, а таксама абсталявання, якое выкарыстоўвалася для ўтрымання, забою і раздзелкі свіней. У гэтай сувязі трэба перагледзець і адмяніць дагаворы, якія заключаліся раней з замежнымі пастаўшчыкамі. Як паведаміў намеснік начальніка Капыльскага РАНС Віктар Гняцько, у раёне з 17 па 20 красавіка пройдуць вучэнні па адпрацоўцы дзеянняў тэрміновага рэагавання на выпадак узнікнення афрыканскай чумы свіней. У сувязі з вышэйпералічаным, у арганізацыях павінны распрацаваць комплекс патрэбных мер з назначэннем адказных па кожным ахоўным мерапрыемстве. Як вядома, захворванне лепш папярэдзіць. Тым больш што афрыканская чума ў Міжнароднай класіфікацыі адносіцца да спісу А  — асабліва небяспечных вірусных захворванняў жывёл. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара На здымку: Падчас семінара.  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей