Педагагічныя калектывы ДУА “Слабадакучынская СШ” і ДУА “Капыльская дапаможная школа-інтэрнат” асаблівую ўвагу звяртаюць на падтрыманне здароўя навучэнцаў.

Паміж дзвюма школамі наладжана супрацоўніцтва: сумесныя таварыскія сустрэчы па футболе каманд вучняў і настаўнікаў, правядзенне КВЗ, конкурсу “Агні юнацтва”. З мэтай удасканалення выхаваўчай прасторы ў ДУА “Слабадакучынская СШ” створаны ўмовы для пазакласнай работы. Два разы на тыдзень у вячэрні час працуе гурток “Спартыўныя гульні”, які наведваюць больш за 20 юнакоў і дзяўчат. Гурткоўцы засвойваюць асновы гульняў па міні-футболе, баскетболе і тэнісе. У шосты выхаваўчы дзень праходзяць факультатыўныя заняткі “Гадзіна футболу ў дзвюх групах”. Гэтым вырашаюцца задачы далучэння большай часткі навучэнцаў да здаровага ладу жыцця, павышэння агульнай функцыянальнасці арганізма, развіцця згуртаванасці калектыву.
Яркай падзеяй для дзвюх навучальных устаноў стала спартландыя – вельмі відовішчная і запамінальная. Калі на вуліцы панавалі маразы, у спартыўнай зале Слабадакучынскай СШ было горача ад барацьбы дзвюх каманд. Выдатна былі прадуманы эстафеты і конкурсы: “Бег з эстафетнай палачкай”, “Скачкі камандай”, “Перадача мяча апошняму”, “Трапны стралок” і іншыя. Шматлікія балельшчыкі апладысментамі падтрымлівалі абедзве каманды.
У адных конкурсах перавага была на баку вучняў са Слабадакучынскай СШ, у другіх нядрэнныя вынікі паказалі дзеці са школы-інтэрната. Перад камбінаванай эстафетай наперадзе ішлі гаспадары. Усё вырашыў бег на роліках з баскетбольным мячом: першымі закончылі эстафету госці. Толькі на некалькі балаў у агульным заліку пераможцай стала каманда Слабадакучынскай СШ. Але перамагла, як заўсёды, дружба. Дырэктар школы Валянціна Кандыбовіч адзначыла ўдзельнікаў спаборніцтва і падзякавала арганізатарам. Дарэчы, настаўнікі фізічнай культуры абедзвюх каманд Мікалай Салановіч і Сяргей Панцілейка з’яўляюцца выпускнікамі гэтай школы.
Зарад бадзёрасці і выдатны настрой навучэнцаў – галоўны вынік кожнага спартыўнага мерапрыемства, праводзімага ДУА “Слабадакучынская СШ” і “Капыльская дапаможная школа-інтэрнат”.
Барыс Дзенісюк,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Слабадакучынская СШ”
Фота аўтара
На здымку: падчас спартландыі.
Комментарии