Прэм’ерную гумарыстычную праграму пад такой назвай прапанавалі сваім гледачам у першакрасавіцкі дзень удзельнікі народнага тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі”.
Як заўсёды, спектакль адбыўся пры аншлагу. Дарэчы, білеты на пастаноўку набыць было даволі няпроста. Аматары гумару з усяго раёна заказвалі іх за некалькі тыдняў. А артысты ў сваю чаргу пастараліся апраўдаць надзеі гледачоў.
Сёлетняя пастаноўка, як адзначыла рэжысёр тэатра Любоў Галубовіч, узняла актуальныя праблемы аховы навакольнага асяроддзя, адносін чалавека да жывёл. Акрамя добра вядомых капыльскаму гледачу артыстаў Антона Шышмарова, Мікалая Майсюка, Юрыя Раманейкі, Алены Будоўскай, Любові Дубовік (дарэчы, яна зноў іграе ў тэатры), сёлета падключыліся новыя таленавітыя акцёры, сярод якіх Андрэй Загорскі, Багуслаў Зяньковіч і многія іншыя. Па традыцыі гумарыстычныя мініяцюры перамяжоўваліся з музычнымі нумарамі і танцавальнымі кампазіцыямі, пастаўленымі харэографам Святланай Папок.
— Дзень гумару ў Капылі зноў адбыўся, — падкрэсліла Любоў Галубовіч. — Мяркую, што людзі, якія любяць пасмяяцца, весела правесці вольны час, не пашкадавалі, што прыйшлі на нашу праграму. А мы ад традыцый адыходзіць не будзем і ўжо пачнём падрыхтоўку да наступнага сезона.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии