Раёнка ўжо не адзін раз расказвала пра дасягненні выхаванцаў Аркадзя Корбута, які вядзе гуртковую работу пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна.
З года ў год хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца пераможцамі альбо займаюць прызавыя месцы на самых прэстыжных шахматных спаборніцтвах. Нашаму чытачу добра вядомы імёны сясцёр Настассі і Марыі Корбут, не адстае ад іх і малодшая Аляксандра.
Літаральна днямі дзяўчынкі парадавалі свайго трэнера і бацьку новымі паспяховымі выступленнямі. У Барысаве з 30 сакавіка па 2 красавіка праходзіла першынство Мінскай вобласці па шахматах, дзе сёстры Корбут ізноў былі ў ліку лідараў. Так, сярод дзяўчынак да 14 гадоў Аляксандра заняла першае месца. Такі ж рэзультат і ў Настассі, толькі сярод дзяўчынак ва ўзросце да 16 гадоў. У гэтай жа намінацыі Марыя заняла другое месца. Юныя шахматысткі ўзнагароджаны граматамі ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінскага аблвыканкама.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии