Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

Таямніца хрысціянскай веры

01.04.2012
У Каталіцкім Касцёле велікодным святам папярэднічае Вялікі тыдзень, які распачынаецца Пальмовай нядзеляй. Пальмовая нядзеля рыхтуе да перажывання мукі Хрыста ў літургічных абрадах Святога Пасхальнага  Трыдуума  (Вялікі чацвер,  Вялікая пятніца, Вялікая субота). Пальмовая нядзеля Касцёл, падрыхтаваны саракадзённым велікапосным пакаяннем, у Пальмовую нядзелю пачынае перажываць цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры — пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Пальмовая нядзеля прысвечана асабліваму разважанню пра муку Пана і непасрэдна рыхтуе нас да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня. У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерузалем для здзяйснення пасхальнай таямніцы адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад святой Імшою, а таксама асвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў. Гэта могуць быць таксама галінкі аліўкавых дрэваў або, як здаўна прынята ў нас, вярбы (адсюль выводзіцца папулярная назва свята — Вербная нядзеля). Святы Пасхальны Трыдуум Перыяд Вялікага посту працягваецца да Вялікага чацвярга. Цэлебрацыяй святой Імшы Вячэры Пана распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум, які працягваецца ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу, а яго цэнтральнай і найбольш значнай урачыстасцю з’яўляецца Пасхальная вігілія. Завяршаецца Пасхальны Трыдуум Нешпарамі ў Нядзелю Уваскрэсення Пана. Святы Пасхальны Трыдуум з’яўляецца цэнтрам усяго літургічнага года. Гэты перыяд называюць таксама Трыдуумам Хрыста ўкрыжаванага, пахаванага і ўваскрослага, бо ён нагадвае таямніцу Пасхі, г. зн. пераход Пана з гэтага свету ў дом Нябеснага Айца. Праз здзяйсненне гэтай таямніцы ў літургічных і сакрамэнтальных знаках Касцёл унутрана яднаецца з Хрыстом. 5 красавіка — Імша Вячэры Пана Літургія Вялікага чацвярга нагадвае Апошнюю Вячэру, калі Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі. На гэтай Імшы спяваецца гімн «Хвала на вышынях Богу», які не гучаў на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас спеву гімна б’юць званы, якія пасля яго заканчэння змаўкаюць, пакуль гэты гімн не загучыць ізноў падчас Пасхальнай вігіліі. 6 красавіка — Вялікая пятніца Мукі Пана У гэты дзень, а таксама ў наступны, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў, акрамя пакаяння (споведзь) і намашчэння хворых. У другой палове дня цэлебруецца літургія Мукі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля адарацыі і святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу. 7 красавіка — Вялікая субота У Вялікую суботу Касцёл прабывае каля Гробу Пана, разважае пра муку і смерць Хрыста, Яго сыходжаннем у адхлань (месца знаходжання памерлых, куды, згодна са Святым Пісаннем, сышоў Езус Хрыстус перш чым уваскрэснуць), у малітве і посце чакае Яго ўваскрасення. У гэты дзень не цэлебруецца святая Імша. Пасхальная вігілія Пасхальная вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Адзначэнне Пасхальнай вігіліі — гэта ўжо святкаванне Вялікадня. Выключнае значэнне ўрачыстасці Пасхі вынікае з таго, што ўваскрэсенне Хрыста ўмацоўвае веру і надзею чалавека, а праз велікодныя сакрамэнты здзяйсняецца ўдзел Касцела ў таямніцы Хрыста: мы памерлі, былі пахаваны і ўваскрэснем разам з Ім. Нядзеля Уваскрэсення Пана Літургічная цэлебрацыя Нядзелі Уваскрэсення Пана распачынаецца на світанні ўрачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні, пасля чаго цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, якая называецца рэзурэкцыйнай (з лац. — уваскрасенне). Сардэчна запрашаю на святочныя набажэнствы: Чацвер, 5 красавіка, 18.30; Пятніца, 6 красавіка, 18.30. Субота — асвячэнне пасхальнай ежы будзе адбывацца ў касцёле кожныя дзве гадзіны ад 9.00 да 19.00, будзе магчымасць споведзі, святочнае набажэнства распачнецца ў 23.00; Нядзеля — 6.30 рэзурэкцыйная працэсія і св. Імша, 9.00 і 12.00 — св. Імша.                                                           Ксёндз Аляксандр ВІТКО  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей